Маладзечанскія выратавальнікі – пераможцы турзлёта
Маладзечанская каманда МНС заняла першае месца на трэцім турыстычным злёце Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, прысвечаным культуры адпачынку і веданню гісторыі роднай зямлі.
Ён праходзіў ад 17 па 19 жніўня на тэрыторыі Плешчаніцкага вадасховішча Лагойскага раёна і адбыўся пад дэвізам “Выратавальнік за здаровы лад жыцця!” Арганізатарам злёту з'яўлялася Мінскае абласное ўпраўленне МНС.
Усяго 24 каманды прынялі ўдзел у барацьбе. У складзе групы дапушчалася прысутнасць ад 10 да 20 чалавек. Маладзечна прадставіла дваццаць.
Мэтай злёту было выхаванне патрыятызму ў работнікаў, прывіццё навыкаў выжывання, раскрыццё творчых здольнасцяў кожнага. Удзельнікі маглі прыязджаць і з сем’ямі.
– Усяго пяць такіх сямей прысутнічала на злёце, – распавядае Марына Ермакова, інспектар групы прапаганды і навучання Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях, – аднак дзяцей не было.
Марына Ермакова.
Затое самых розных конкурсаў правялі шмат. Інспектар паведаміла пра конкурс насценгазеты, якую трэба было аформіць на лісце А2. "Газета нашай каманды называлася “Адпачывайка”. У ёй былі работы ў стылях інтэрв'ю, нататка, хроніка. Тут мы занялі першае месца”.
Трэцяе месца атрымала група з Маладзечна на конкурсе пастаноўкі, афармлення, прэзентацыі палатачнага гарадка. А яшчэ ўдзельнікі спявалі папуры з беларускіх песень. На конкурсе мастацкай самадзейнасці.
– Не абыйшлося і без эстафеты. Яна складалася з 24 участкаў, на якіх адбывалася сапраўдная барацьба. Людзям завязвалі павязку на вочы, каб яны арыентаваліся толькі на гукі, парам звязвалі ногі, удзельнікі кідалі праз сцяну губкі з вадой, забівалі цвікі, а ў "раўндзе" на трапнасць кідалі манеткі ў вядро, – дзеліцца Марына Ермакова.
Вельмі цікавым з'яўляўся конкурс на прыгатаванне юшкі. У ім, акрамя смакавых якасцяў стравы, ацэньвалася і афармленне стала, падача ежы. Маладзечанцы і тут сталі першымі. Падрыхтаваў рыбную падліўку кіроўца штаба па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Навойчык. За перамогу падарылі каробку, на якой меўся надпіс "Лепшая вуха з пеўня". І ў ёй сядзеў жывы певень. Птушку аддалі Дзянісу.
– Быў у нас і конкурс песень у вогнішча, дзе тэхработник Святлана Ушакова сама сачыніла песню пра працу нашага штаба, – успамінае інспектар і дадае: – Мы занялі трэцяе месца.
Па-за заліку прайшлі конкурсы па валейболе, дартсе, а для кіраўніцтва – стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.
Вынікам злёту стала першае месца ў каманды МНС з Маладзечна. Прызавое месца маладзечанцы займаюць не першы раз. На мінулым злёце яны апынуліся другімі. А на першым, як і сёлета, сталі пераможцамі.
Таццяна КАСЬЯН.
Фота забяспечана Марынай ЕРМАКОВАЙ.