Лісты да Жылібера
Вакол медыцыны са Святланай Дзянісавай
Далёка не ўсе тыя, хто ў дзяцінстве гуляе "ў доктара", выбіраюць медыцыну справай жыцця. Гэта натуральна. Не натуральна толькі, што некаторыя, абраўшы такую справу, працягваюць у яе гуляць. З пацыентамі далёка не лялечнага выгляду. І далёка не лялечнымі інструментамі.
Mоnsіеur!
Са шчырым спадзяваннем на ўвагу і цікавасць зноў пішу Вам, з прыемнасцю, між іншым, зазначаючы, як прыгожа Вас ідэнтыфікуюць у нашы дні некаторыя крыніцы: "доктар беларускі і французскі". Беларускаму вуху гэта, вядома ж, саладзей, чым французскаму, але ўвогуле я б сказала, што любым вушам лепш за ўсё чуць праўду і толькі праўду.
Гэта да таго, што сёння я хачу падзяліцца з Вамі набалелым. Мяне гэта вельмі абурыла.
Некалькі тыдняў таму ў маёй матулі западозрылі анкалагічнае захворванне. І вось на чарговым этапе абследавання маім вушам (дзякуй Богу, што толькі маім) даводзіцца наступнае: "Трэба зрабіць яшчэ адну біяпсію — для таго, каб вызначыцца з прэпаратам для хіміятэрапіі". У адказ на збянтэжанае маўчанне — дадатак: "Разумееце, пры чацвёртай стадыі аперацыя немэтазгодна, а прэпараты для хіміятэрапіі, як вы самі ведаеце, бываюць розныя. Вось па выніках гэтай біяпсіі мы і зоймемся іх падборам".
Дзякуй вам, доктар, за шчырасць.
Дзіўна толькі, што сонца працягвае свяціць і нават грэць. І машыны па-ранейшаму недзе едуць. І дамы стаяць як стаялі, цікаўна разявіўшы вокны. І дрэвы шапочуць лістотай, быццам не ўсё яшчэ сказана і можна тут нешта дадаць. Да чаго б гэта?
Малітва — лепшае лячэнне. Ад якой заўгодна хваробы цела і душы. Вы, безумоўна, ведаеце гэта, mоnsіеur Jеаn, хоць і сцвярджалі неяк, што "жыццёвы пачатак цалкам незалежны ад разумнай часткі душы". Дазволіўшы сабе невялічкі аnаlуsіs, нагадаю, што гаварылі вы пра пачатак у літаральным сэнсе, па-першае, а па-другое, пад разумнай часткай душы мелі на ўвазе, прызнайцеся, інтэлект, у той час як таямніцамі жыцця валодае не ён, а тое, што мы называем тэрыторыяй сэрца, — інстынкт. І толькі сэрца, як Вам, я ўпэўнена, добра вядома, "валодае паўнамоцтвамі прымаць рашэнні". Але гэта так, адступленне... А памятаеце, як Вы пісалі некалі пра Карла Лінея? Што яго нельга ніякім чынам "без доказу назваць мужам глыбокіх дараванняў"? Гэтаксама, я цяпер думаю, можна сказаць пра некаторых нашых урачоў.
Чарговая біяпсія не паказала нічога дрэннага. Як, дарэчы, і папярэдняя. На мінулым тыдні маю матулю выпісалі з бальніцы з дыягназам "запаленне". Запаленне чаго? Раnсrеаs, падстраўнікавай залозы. Як чацвёртая стадыя анкалогіі за лічаныя дні ператварылася ў звычайны панкрэатыт, ведае хіба толькі той доктар.
Гіпакрат некалі вучыў сваіх паслядоўнікаў: "Nоlі nосеrе — хаця не нашкодзь!" Яго суайчыннікі тым часам любілі і такі выраз: "Аusсultа еt реrреndе — паслухай і ўзваж". Але наш народ, кажуць, мудрэйшы: "Збярэшся рэзаць — сем разоў адмерай".
Я ні ў якім разе не хачу, mоnsіеur, каб вы падумалі, што лісты мае да Вас заўсёды будуць сum grаnо sаlіs, так бы мовіць, з драбкамі солі. Паверце, дарагі доктар, нам, беларусам, мне і маім сучаснікам, ёсць чым ганарыцца: медыцына наша хоць і кульгае дзе-нідзе, асобнымі месцамі, але дагнаць яе ўсё роўна ўжо даўно не па сілах многім. Абяцаю, што раскажу ў наступным сваім лісце пра якое-небудзь асаблівае наша дасягненне.
Развітваюся, шчаслівая
неверагодна. Чым?
Хоць рэдка,
на два тыдні раз
Магчымасцю пісаць
для Вас.