Уладкаваць дзіця дзіцячы садок можна і побач з месцам працы

Источник материала:  

Бацькам дзяцей дашкольнага ўзросту, якія пражываюць у мікрараёнах-новабудоўлях і раёнах з высокай шчыльнасцю жылой забудовы, спецыялісты Міністэрства адукацыі раяць загадзя паклапаціцца аб атрыманні месца ў дзіцячым садку. Для пастаноўкі на ўлік ім трэба звярнуцца ва ўпраўленне або аддзел адукацыі па месцы знаходжання дашкольнай установы. Яшчэ падчас пастаноўкі на ўлік бацькі павінны заявіць спецыялісту, з якога ўзросту яны хочуць уладкаваць дзіця ў дзіцячы садок: у год, у два гады, у тры гады і гэтак далей.

Спецыялісты ўпраўлення (аддзела) адукацыі штогод камплектуюць дашкольныя ўстановы пад канкрэтныя запыты бацькоў (маецца на ўвазе колькасць груп кожнай узроставай катэгорыі). Так, у адпаведнасці з пунктам 7 артыкула 147 Кодэкса Рэспублікі Беларусь "Аб адукацыі", у дашкольных установах могуць стварацца групы ранняга ўзросту (дзеці да года), другога ранняга ўзросту (ад 1 да 2 гадоў), першая малодшая група (ад 2 да 3 гадоў) і гэтак далей. Такім чынам, уладкаваць дзіця ў дашкольную ўстанову можна не толькі ў тры гады, але і раней (у адпаведную ўзроставую групу пры наяўнасці там свабодных месцаў).

Спецыялісты міністэрства звяртаюць увагу на тую акалічнасць, што ў нарматыўных прававых актах у сферы дашкольнай адукацыі адсутнічае норма прадастаўлення дзіцяці месца толькі ў дзіцячым садку, які знаходзіцца паблізу ад месца жыхарства сям'і. Бацькі маюць права выбраць дашкольную ўстанову для дзіцяці як па месцы жыхарства, так і побач з месцам сваёй працы, і гэтак далей — там, дзе ім будзе больш зручна. Пры наяўнасці ў дашкольнай установе свабоднага месца накіраванне выдаецца мясцовым выканаўчым і распарадчым органам непасрэдна ў дзень звароту.

Кодэксам "Аб адукацыі" таксама вызначаецца напаўняльнасць груп кожнай узроставай катэгорыі дзяцей. Напрыклад, у другой малодшай групе (ад 3 да 4 гадоў), сярэдняй (ад 4 да 5 гадоў) і старэйшай групах (ад 5 да 6 гадоў) напаўняльнасць не павінна перавышаць 20 выхаванцаў. Але ж насамрэч там, дзе адчуваецца востры дэфіцыт дашкольных устаноў, гэты нарматыў не заўсёды вытрымліваецца...

Большасць дашкольных устаноў працуе пяць дзён у тыдзень. 2,5% маюць шасцідзённы рэжым. "Рэжым дашкольнай установы ўстанаўліваецца заснавальнікам па запытах бацькоў, — патлумачылі ў міністэрстве. — Зараз рэжым работы дзіцячага садка можа складаць ад 2 да 7 гадзін, 10,5 гадзіны, 12 гадзін, а можа быць і кругласутачны".

Надзея НІКАЛАЕВА

 

←МЧС предлагает ввести ответственность для родителей, оставивших детей без присмотра

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика