"...Як не мыеш ножкі мілцы,Мый, браток, сваёй кабылцы"

Источник материала:  

Яблыкі сёлета ўрадзілі.

У Аўцюках каля крамкі тры мужыкі сустрэліся і давай хваліцца, у каго лепей: чые смачнейшыя, чые, прынамсі, буйнейшыя.

— Я, — кажа першы, — адзін ападак у хату прынёс, на лаўку палажыў — зламалася.

— А я свой — на стол... Той — ушчэнт!

— Хлопцы, — уздыхае трэці, — а я ж свой — ледзь на воз ускаціў! І што вы думаеце: з яблыка вылез такі чарвяк!.. Каб, крый Божа, адышоўся куды — каня б майго з'еў!

Уяўляеце, якое гора <І>магло быць у чалавека?!

Вы кажаце: "Не магло!"? Бо не бывае гэтакіх яблыкаў і гэтакіх чарвякоў! Значыць, вы — навалач (чалавек прыезджы). Альбо госць: таму што ўсе мясцовыя ведаюць "залатое" аўцюкоўскае правіла: "Не падабаецца — не слухай, а брахаць не мяшай".

Праўду казаць — і тым больш!

Гэта мы да таго, што ў нашай конкурснай пошце ў чарговы раз змяшалася ўсё: чыстая фантазія з гэткай жа праўдай, смешнае з сумным, а вершы да здымка (верхняга) — з прозай.

&quot;...Як не мыеш ножкі мілцы,Мый, браток, сваёй кабылцы&quot;Менавіта з яе і пачнём. "Коней я любіла з маленства, — піша спадарыня Кусянкова з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна. — А яшчэ — вельмі шкадавала, бо дарослыя дзядзькі заўсёды крычалі на іх, нават білі. А за што? І каго? Гэтую прыгожую дужую жывёліну?.. За тое, што яна ўсё жыццё слугуе — робіць самую цяжкую работу?.. Ды ёй жа помнікі ставіць варта!"

Раней, як піша чытачка, коней цэлыя табуны ля вёскі хадзілі. І ў кожнага — свой панарад быў, свая — па памеры — збруя, сваё імя, выбранае, што называецца, з падыходам і ў адпаведнасці. Кшталту — Чэмберлен, Вараг, Орлік. "Кабылка была, — узгадвае Соф'я Парфір'еўна, — Цылька — чорненькая, маленькая і такая ўжо ўвішная, шчырая да працы... А цяпер машынам мянушкі даюць: "Бэха", "Аўдзюха", "Мерын"...

"Знікаюць коні, — канстатуе і Валерый Гаўрыш з Чавусаў. — Мы яшчэ мелі шчасце на іх пакатацца, а вось нашы ўнукі ды праўнукі змогуць, крый Божа, хіба здалёк паглядзець. Ды і то... у заапарку".

Што, вядома ж, крыўдна і  ў адносінах да каня, як лічыць Валерый Мікалаевіч, зусім несправядліва:

Цягаў калясніцу,

І воз, і тачанку,

Калгаснае поле араў

аж да ранку...

А памяць людская...

Штоночы, штодня

Шкадуюць і песцяць...

Стальнога каня.

Ён, той стальны — нічога не скажаш — вязе хутчэй і, магчыма, з большым камфортам. Але ж затое (ну згадзіцеся!):

Калі хтось канька трымае,

Ён у вёсцы — вышыня!

Вось такой — не дасягаюць

Ані поп, ні старшыня!

Упэўнены ў гэтым сужэнцы Астроўскія з Мінска. І яны ж (трэба разумець, пра сябе?) пішуць:

Да канька — ідзём

з павіннай,

Просам просім*

прабачэння,

Бо ён трактар, ён —

машына

І... вытворца ўгнаення.

Менавіта па гэтай прычыне (радкі з тога ж канверта):

І ўзімку, і ўлетку

Косю трэба шанаваць:

Даглядаць яго, як кветку,

І ў спёку — паліваць.

Што лю́дскі чалавек (са здымка) і робіць, бо гэтага, па меркаванні спадарыні Кусянковай, само жыццё вымагае:

Не падмажаш —

не паедзеш,

Не "заправіш" —

не ўзарэш...

Вось па гэтаму ў Марго

І трава, і душ Шарко.

Заканамернае пытанне: што ж мае гаспадар кабылы?

Вяскоўцам і дачнікам прасцей, мусіць, адказаць, чаго ён не мае? Але ж ёсць і канкрэтыка (ад спадара Гаўрыша):

Гаспадар канём ганарыцца:

Добра цягне — хоць воз,

хоць плуг...

Яны часам калымяць удвух,

Але ж плата — каму

паляндвіцай,

А каму — травой

ды вадзіцай.

Вы кажаце, што так несправядліва? Не спяшайцеся — ні абурацца, ні шкадаваць каня (ці ўсё ж кабылку?). Ёсць меркаванне, што гэта — яе ўласны ўсвядомлены выбар: Тамара Сцяпанаўна Маркушэўская з  в. Петкавічы Баранавіцкага раёна піша:

Раскажу вам па сакрэту,

Сіўка села на дыету.

І прагнозы тут такія:

Можа быць анарэксія.

Стане воз ёй не пад сілу,

Трэба ратаваць кабылу.

Ад анарэксіі? Ну вядома ж, трэба! І ўсімі магчымымі сродкамі! Галоўны з якіх, як лічыць Зоя Пятроўна Янучок з вёскі Нагорнае Клецкага раёна, добра прадуманы рэжым. Асабліва — у неспрыяльныя дні:

Летні поўдзень.

Спёка. Душна.

Людзі — к мору, да ракі.

А буланая — пад душык:

У яе рэжым такі.

З дыетычным харчаваннем, з масажам... І, вядома ж, з пасільнымі нагрузкамі, з працай (як мяркуе спадар Дубовік з вёскі Арэшкавічы Бярэзінскага раёна) у адпаведнасці з пародай:

Коням, кажуць у народзе,

Даюць працу па пародзе:

Каму — цяжкі плуг цягаць,

Каму — людцаў забаўляць.

Забаўляць — паводле слоўніка — яшчэ і весяліць. Можна — многіх, а можна і тую — адну-адзіную.

А чым? На думку Альфрэда Тычко з вёскі Ідолта Мёрскага раёна, самым чаканым:

Вось памые хлопец ногі —

І шчаслівенькай дарогі!..

Ён не ў гулі, не на свята,

Ён да любачкі — у сваты!

Адно: ці ацэніць яна, тая любачка, вось гэтакі крэатыўны прыезд?

Ёсць, як той казаў, пытанне. І ёсць адказ — ад спадарыні Кусянковай (прабачым ёй рускае слоўка: мерын у перакладзе на беларускую — конь), бо яна (ці, дакладней, яе гераіня?) і без таго ўжо моцна пацярпелі — ад падману. І такога ж крыўднага:

Пазнаёмілася з хлопцам,

Радасці — не мерана,

Бо казаў,

што "мерын" ёсць!

І прывёў во... мерына.

Абдурыў мяне, скаціна,

Я ж лічыла —

ён з машынай!

А між тым, наяўнасцю машыны анікога ўжо не здзівіш: як той казаў, і жук і жаба цяпер на аўто...

Чым пакуль што можна здзівіць, ведае спадар Гарачоў з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна:

У вёсцы — сэрвіс

для аўто?

Ужо не дзівіцца ніхто.

Слупянее хіба госць:

Тут для коней сэрвіс ёсць!

Больш за тое, ёсць у конкурснай пошце і звесткі пра тых, хто там працуе, хто аказвае паслугі. Вось гэтага спецыяліста (са здымка) спадар Гарачоў характарызуе так:

Хлопец вельмі дарослы ён,

Ды ні чыну, ні рангу...

Ён кабылу бясхвостую

Палівае са шланга.

Расповед пра таго ж самага "спецыяліста па палі́ве" дапаўняе і спадарыня Тарасік з Мінска. Яна піша:

Гэты хлопча жонку меў,

Жыць па-людску —

не хацеў.

Вось яна з таго дурдому

І паехала к другому.

(Што бывае — ну сапраўды... Мараль?)

...Як не мыеш ножкі мілцы,

Мый, браток,

сваёй кабылцы.

Завяршыць жа гэты агляд хочацца па традыцыі — нечым жыццесцвярджальным. Напрыклад, радкамі спадара Дубовіка:

Праўду кажа мой народзе:

Яшчэ будуць коні ў модзе!

Бо без іх, як ні круці,

А нямашака пуці!

Ад сябе дадамо — ні ў будучыню, ні... адзін да аднаго, пра што так хораша распавядаюць ужо знаёмыя паміж сабой (сустракаліся ў рэдакцыі з нагоды 10-годдзя рубрыкі) удзельнікі конкурсу "Хто каго?". Прынамсі, спадар Гарачоў напісаў (пасучы кароўку, дарэчы):

Як абмыю я падковы

Коніку-таварышу,

Паімчу да Кусянковай,

А затым — да Гаўрыша.

А тыя, між іншым, і рады б прыняць!

"Тут нядаўна шум

прайшоў:

Што на здымку... Гарачоў.

Навігатар уключае,

Шлангам Сіўку дамывае,

І тады яна ў Лучын

Даімчыць за пяць хвілін.

&quot;...Як не мыеш ножкі мілцы,Мый, браток, сваёй кабылцы&quot;Прыкладна столькі ж адтуль да Чавусаў.... Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя: не пра каня. А магчыма, пра... газету, якая (апроч многага іншага) дапамагае чытачам раскрываць свае таленты, знаходзіць сяброў-аднадумцаў, мець самую галоўную раскошу — раскошу шчырых чалавечых зносін...

А яшчэ — хай сціплыя, але ўзнагароды. Прынамсі, аўтарамі самых лепшых подпісаў да мінулага здымка (на ім, калі памятаеце, пяцёра мужыкоў піхалі пажарную машыну), паводле меркавання вялікага чытацкага журы, прызнаны спадарыні Тамара Века з вёскі Малыя Аўцюкі Калінкавіцкага раёна, Ніна Бурко — з вёскі Капланцы Бярэзінскага раёна, спадары Аляксандр Матошка з Расонаў, Анатоль Гарачоў з Іўеўшчыны і сужэнцы Астроўскія з Мінска. З чым, у прыватнасці, пагадзілася і журы маленькае, рэдакцыйнае. А значыць, першы прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам "Звязду" на апошні квартал гэтага года застаецца ў Мінску, другі — у выглядзе падпіскі на часопіс "Вожык" (на месяц) — рэдакцыя часопіса прысудзіла спадару Гаўрышу з Чавусаў.

Валянціна Доўнар,

Фота Анатоля Клешчука.

* Просам прасіць, паводле слоўніка, значыць вельмі шчыра і настойліва... Можа, нават не прасіць, а маліць.

←МЧС предлагает ввести ответственность для родителей, оставивших детей без присмотра

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика