Колькі хто атрымлівае, альбо Чаму ўлады занепакоіліся заробкамі вайскоўцаў

Источник материала:  

З 1 ліпеня (калі верыць “Беларускай ваеннай газеце”) падвысілі службовыя аклады за ваенную службу па кантракце. Гэтае падвышэнне ажыццёўлена ў адпаведнасці з указам Лукашэнкі ад 20 красавіка 2012 года “Аб дадатковых мерах матэрыяльнага стымулявання ваеннаслужачых і дзяржаўных служачых”.

 

Яно, у прыватнасці, закранула ваеннаслужачых Узброеных сіл, транспартных войск, сістэм ваенных пракуратур і ваенных судоў, за выключэннем ваеннаслужачых тэрміновай службы, а таксама курсантаў, якія не праходзілі непасрэдна перад залічэннем у ваенную навучальную ўстанову ваенную службу па кантракце.

Акрамя таго, у Мінабароны па ўзгадненні з Дзяржаўным сакратарыятам Савета бяспекі распрацавана і зацверджана палажэнне аб умовах і парадку выплаты ваеннаслужачым адзіначасовай грашовай узнагароды за службу ва Узброеных сілах.

Агулам рэалізацыя ўсяго комплексу “заработных” новаўвядзенняў дазволіць падвысіць заробкі, якія службоўцы пачнуць атрымліваць ужо зараз, на 52% у параўнанні з красавіком... Працэнты ўражваюць, але мала што тлумачаць. Народ жа, працай якога фарміруецца ваенны бюджэт, хоча ведаць не толькі пра тое, чаму ў нас дзіравая дзяржаўная мяжа, але і пра канкрэтныя заробкі службоўцаў усіх рангаў, у якіх яны суадносінах з заробкамі цывільных грамадзян...

Спробы атрымаць даныя ў галоўным ваенным ведамстве нічога не далі — аказваецца, ваенная тайна!.. А па-мойму, дык дзіцячая хвароба, ці там — выдаткі пераходнага перыяду ад таталітарнага рэжыму да агульначалавечых норм. Да слова кажучы, падобная карцінка з “празрыстасцю” грашовага забеспячэння службоўцаў і ў большасці былых рэспублік СССР. Выключэнне — хіба што краіны Балтыі ды часткова Расія і Украіна. Калі ў Беларусі даныя пра выплаты ваенным трэба збіраць па макавым зярнятку, дык у Эстоніі ці ў Германіі — ніякіх табе сакрэтаў, заходзь на сайт Мінабароны і хоць захлыніся тымі данымі. Ну, да прыкладу, возьмем бундэсвер... Аказваецца, грашовае забеспячэнне там — адно з самых высокіх сярод армій альянсу і рэгулярна павялічваецца. А вось і канкрэтныя лічбы: асноўныя аклады (яны дадзены ў выглядзе дэталёвай табліцы) залежаць ад звання і выслугі, а агульная льготная прыбаўка — ад тарыфнай групы і... сямейнага становішча службоўцы. Ваенныя, якія маюць дзяцей, атрымліваюць штомесячныя дзіцячыя дапамогі (у пераліку на долары): 125 — на адно дзіця, 250 — на двух, 565 — на трох, 880 — на чатырох і па 132 — на кожнага наступнага дзіцёнка.

Акрамя таго, прадугледжаны прыбаўкі за кожную звышурочную гадзіну службы — ад 0,88 да 3,75 долара ў залежнасці ад пасады. Даплаты лётнаму асабоваму складу ВПС дасягаюць 611 долараў у месяц. Асабовы склад, які рэгулярна скача з парашутам, мае прыбаўку 150 долараў у месяц, а падводнікі — 300. У доўгачасовых паходах прыбаўляецца яшчэ 150 долараў. Прыбаўкі за камандзіроўкі залежаць ад катэгорыі раёна камандзіравання. Такіх катэгорый шэсць. Першая — камандзіроўкі ў месцы, дзе ўмовы пражывання нязначна адрозніваюцца ад пунктаў пастаяннай дыслакацыі. Тым не менш 33 долары ў суткі атрымай! Другая — пражыванне ў намётах, складаныя бытавыя ўмовы, затраты на жыццезабеспячэнне і тэлефанаванні блізкім. Тут ужо менш як 53 доларамі не абысціся. Самая высокая катэгорыя, шостая, — раёны баявых дзеянняў з рызыкай для жыцця. Тут выплаты — 120 долараў у суткі. Апроч грошай у бундэсвер заманьваюць магчымасцю атрымаць адукацыю і адну з 60 цывільных спецыяльнасцяў. Вось так!

А як у арміі Яе Вялікасці каралевы Елізаветы ІІ? Там — толькі кантрактнікі. І заробкі ў іх, як на наш поглад, дык зусім не дрэнныя. Радавы атрымлівае да 1750 долараў у эквіваленце. Аднак жа многія на Туманным Альбіёне лічаць па-іншаму. Напрыклад, генерал сэр Рычард Данат назваў самай вострай праблемай... надзвычай нізкую зарплату ваеннаслужачых: маўляў, работнікі на аўтапаркоўках зарабляюць больш, чым салдаты на перадавой... Нашым бы такую “вострую праблему”...

Але вернемся да беларускіх вайскоўцаў ды іх “засакрэчаных” заробкаў. Вядома, што грашовае забеспячэнне беларускіх вайскоўцаў складаецца з акладаў па званні і пасадзе, з надбавак-прыбавак за выслугу гадоў і прэмій, якія — адпаведна — падвышаюць тое забеспячэнне прыкладна ў паўтара раза. А калі без прэмій? Тады радавы-кантрактнік атрымлівае (атрымліваў да цяперашняга падвышэння) 200—230 долараў, прапаршчык — 250—300, лейтэнант — 280—380, маёр-падпалкоўнік — 400—500. Прыбаўка за класнасць — 33 долары. Так было. Але ж цяпер усё будзе па-іншаму, заробак падскочыць ажно на 52 працэнты... І — Божухна літасцівы — наш палкоўнік, магчыма, ураўнуецца (па зарплаце) з радавым бундэсвера ці мо нават з радавым Яе Вялікасці...

Тут для параўнання (хто і колькі атрымлівае) варта прывесці даныя трох еўрапейскіх краін (глядзіце табліцу ніжэй).

Заробкі вайскоўцаў у трох еўрапейскіх краінах

(у доларах):

 

Званне   Германія              Вялікабрытанія   Францыя

Радавы  1668—2839           1625—1750           1400—1700

Сяржант               2401—3559           4000—5000           1700—2600

Лейтэнант            2913—3999           3500—3800           2300—2900

Палкоўнік            6008—8413           9500—10.600        5000—5500

Генерал                9015—13.798        10.700—12.000     6000—8000


 

Калі беларускі лейтэнант не дацягнецца да заробкаў Ганса, то ўжо брата-ўкраінца стопудова абставіць, бо яшчэ на пачатку лета ўкраінскі лейтэнант — камандзір узвода атрымліваў усяго 190 долараў, а капітан — 300. “Украінскі капітан з вышэйшай адукацыяй атрымлівае меней, чым кіеўскі дворнік”, — спачувальна канстатавала ў вэб-сеціве ўкраінская газета “Focus”. Па ўсім так яно і ёсць, калі ўлічыць, што нават лейтэнанты Службы бяспекі Украіны (эліта!) маюць у сярэднім 400 долараў. А тут яшчэ Кабінет міністраў “точыцца” павысіць неабходную для выхаду на пенсію выслугу да 30—35 гадоў, а самі ваенныя пенсіі абмежаваць 700 доларамі...

Але што нам Украіна, нам падавай вялікую Расію!.. А расійскім вайскоўцам яшчэ ў студзені заробкі паднялі ў 2,5—3 разы. Цяпер расійскі капітан атрымлівае амаль 66 тыс. рублёў, гэта больш за 2 тысячы долараў. І пенсіі ваенным там падвысілі, прычым досыць прыкметна — у паўтара-два разы. У беларускіх ваенных пенсіі таксама немаленькія (у параўнанні з цывільнымі пенсіямі), але да расійскіх ім — як да неба...

Беларускім вайскоўцам, лічыць Лукашэнка, павінны плаціць гэтулькі ж, колькі і расіянам. Яшчэ на пачатку лютага Рыгоравіч заявіў, што з дапамогай фінансавай падтрымкі Расійскай Федэрацыі беларускім ваенным падвысяць зарплаты да расійскага ўзроўню. Аднак канкрэтных лічбаў ні Лукашэнка, ні Мінабароны не называюць. Сума выплат (ці той дапамогі) — за сямю замкамі-пячаткамі. А мо проста “понты”... Але слоў з песні не выкінеш. “Практычна агульная армія і задачы, якія перад ёю стаяць (у Беларусі і Расіі. — Аўт.). Але памер грашовага забеспячэння ваенных Беларусі і Расіі адрозніваецца. Такое становішча павінна быць зменена, — прыводзіць словы Лукашэнкі агенцтва “Інтэрфакс-Захад”. — Я яму (прэзідэнту Расіі. — Аўт.) накіраваў пісьмо пра неабходнасць знаходжання для беларускіх ваеннаслужачых дадатковых сродкаў за кошт розных накірункаў супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. І ён абяцаў дапамагчы ў гэтым плане”. Яшчэ 6 лютага Лукашэнка замовіў пра тую дапамогу з боку РФ, маўляў, беларускім вайскоўцам падвысяць зарплаты да расійскага ўзроўню. Паколькі дакладных лічбаў міністэрскія чыны не агучваюць, то выходзіць, што беларускім ваеннаслужачым абяцалі падняць зарплаты да 2 тысяч долараў...

І ўсё ж немагчыма зразумець, якім чынам павінна ажыццяўляцца такая “братняя” дапамога, бо — нават у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам — Расія не можа плаціць грошы беларускім ваенным. Выхад, верагодна, у тым, каб сэканоміць грошы на іншых пазіцыях ваеннага бюджэту (а ён складаецца не толькі з зарплат) і перанакіраваць іх на выплату службоўцам. Але і тут закавыка... Справа ў тым, што ў Расіі суадносіны выплат ваенным і цывільным грамадзянам хоць неяк карэкціруюцца, маюць разумную прапорцыю-раўнавагу. А што будзе ў Беларусі ў выпадку такога падвышэння? Беларускі капітан будзе атрымліваць 2 тысячы баксаў, а той жа цывільны доктар ці там настаўнік — 400—500 долараў? Народ можа не зразумець такую “бацькоўскую” шчодрасць да адных і поўную абыякавасць да іншых грамадзян. Улады цяпер напружваюцца, каб хоць да канца года давесці сярэдні заробак да 500 долараў, а тут — 2000  “зялёных”... Тым не менш кіраўнік усяе Беларусі (ён жа і галоўнакамандуючы) настроены рашуча. Чым тое патлумачыць?

Ваенны эксперт Аляксандр Алесін тлумачыць лукашэнкаўскі клопат пра ваенных наступным чынам: “Калі беларускім ваенным не плаціць, то яны пабягуць у Расію, дзе аклады ўдвая большыя і не хапае ваеннаслужачых. На кантрактных пасадах служыць могуць там і неграмадзяне Расіі. Цяпер у іх з’явіцца магчымасць у Саюзнай дзяржаве выслужыць для сябе расійскае грамадзянства. А калі яны будуць служыць у расійскай арміі, то будуць удзельнічаць і ва ўсіх іхных  канфліктах”.

Наколькі гэта сур’ёзна і ці мае пад сабой хоць які грунт такая перспектыва? Верагодна, эксперт мае рацыю, калі ўспомніць словы самога Лукашэнкі: “У нас, у прынцыпе, агульная армія, таму што задачы ў нас агульныя стаяць, а памер грашовага забеспячэння ў ваенных Расіі і Беларусі можа адрознівацца ў 2 разы. Гэта непрымальна”. Вось так! Значыцца, цалкам магчыма, што ўслед за межамі мытнага кантролю будзе сцёрта і мяжа паміж арміямі Беларусі і Расіі. Ці будзе гэта азначаць, што нашы вайскоўцы паедуць служыць на Сахалін альбо стануць удзельнічаць у антытэрарыстычных аперацыях на Каўказе?.. Пытанне рытарычнае, бо хто каго гуляе (плаціць), той таго і танчыць...

 

 

 

←П.Прокопович назначен помощником Президента Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика