Ці хварэеце вы за нашых спартсменаў?
Міхаіл Лобан, галоўны энергетык ПВУП "Златагор": — Вельмі. Да паўночы ўсёй сям'ёй сядзім каля тэлевізара. Калі раней глядзелі іншыя праграмы, цяпер уключаем толькі Алімпіяду. Асабліва рады за Мірнага і Азаранку, за тое, што ў тэнісе ў Беларусі ёсць залаты медаль. Шчыра прызнаюся: хваляваліся і радаваліся ўсёй сям'ёй. Думаю, нашы спартсмены 25 медалёў не набяруць — гэта практычна немагчыма: наша краіна маленькая, а на Алімпіядзе прадстаўлена столькі краін! Напэўна, нашы возьмуць яшчэ максімум два медалі. Ды і засуджваюць нашых спартсменаў. Крыўдна, што з-за гэтага Беларусь не атрымала некалькі медалёў. Напрыклад, у барацьбе з нашым баксёрам азербайджанскі спартсмен ужо рукі апусціў, было відаць, што ён гатовы не працягваць змагацца. А яму прысудзілі перамогу. Хіба гэта правільна? Жадаем нашым спартсменам толькі ўдачы і перамогі!
Алена Галаднюк, інжынер філіяла РУП "Мінскэнерга" "Энергазбыт": — У асноўным я сачу не за самой гульнёй, а за вынікамі. Калі пэўныя спартсмены выйграюць медалі, я цікаўлюся рознай інфармацыяй пра гэта, чытаю інтэрв'ю з імі. Глядзела плаванне, сачыла за нашымі тэнісістамі. Заўсёды чакаю добрых вынікаў ад усіх нашых спартсменаў, хварэю з надзеяй, што нашы перамогуць ва ўсіх відах спорту. І заўсёды рада кожнаму добраму выніку. Я спадзяюся, медалёў нашы спартсмены яшчэ возьмуць 2-3, дакладна.
Уладзіслаў Краўцоў: — Вядома. Да ночы гляджу па тэлевізары. Абмяркоўваю з сябрамі. Асабліва перажываў за плыўцоў. Вельмі ўразіла плыўчыха Аляксандра Герасіменя. Таксама мне цікавыя спаборніцтвы па грэблі, бо я сам займаюся гэтым відам спорту. Лічу, што нашы алімпійцы тры медалі дакладна возьмуць. Жадаю нашым спартсменам на гэтай Алімпіядзе росту, развіцця, поспехаў.
Алена Дзядзюля. Фота Марыі Жылінскай.