Маладзечна без гарачай вады. Ідуць выпрабаванні цепласетак

Традыцыйныя сезонныя выпрабаванні цеплавых сетак пачаліся ў Маладзечне сёння, 1 жніўня.
У гэты дзень без гарачай вады засталіся жыхары той часткі горада, што ад вуліцы Віленскай ў бок Мінска. Апрасоўка труб тут будзе доўжыцца да 14 жніўня, паведаміў у інтэрв’ю “РГ” намеснік дырэктара Маладзечанскіх электрасетак па цеплатэхнічных пытаннях Леанід Кузняцоў.
Паводле яго слоў, апрасоўка, як заўсёды, праходзіць у два этапы. Другі этап будзе доўжыцца ад 15 да 28 жніўня. У гэты перыяд гарачую ваду адключаць у другой частцы горада – ад Віленскай у бок Смаргоні.
Леанід Кузняцоў запэўніў: энергетыкі пастараюцца хутчэй выканаць свае работы.
У Вілейцы гарачую ваду адключаць не будуць, расказаў “РГ” галоўны інжынер вілейскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Валянцін Сусла. Ён адзначыў: апрасоўкі, праведзенай у маі, дастаткова. Калі будзе неабходна, гарачую ваду адключаць у верасні. Але і гэта малаверагодна.
Сяргей ЗЯНЬКО.