"Я ніколі не была карміліцай у сям'і"

Источник материала:  

Сёння ўжо нікога не здзівіш тым, што вялізнае прадпрыемства, кампанію, камітэт ці нават міністэрства ўзначальвае прадстаўніца так званага слабага полу. Як застацца сабой, дасягнуўшы кар'ерных вышыняў? Пра гэта і не толькі размаўляем з беларускімі жанчынамі-кіраўнікамі ў нефармальнай абстаноўцы.

Са старшынёй Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама мы сустрэліся ў Лошыцкім парку. Падчас размовы Жанна Аляксандраўна РАМАНОВІЧ развеяла стэрэатып, што паспяховая кар'ера і гарманічная сям'я — рэчы несумяшчальныя.

Пра сяброў і адпачынак

"Я ніколі не была карміліцай у сям'і"Пасля працы, бывае, выдаецца вольны час. Хочацца падыхаць свежым паветрам некалькі хвілін, з думкамі сабрацца. Ехаць некуды далёка часу нестае. Працую побач з Лошыцкім паркам. Люблю сюды заязджаць і проста хадзіць ці сядзець. Звычайна бяру з сабой нешта пачытаць. Такая тут прыгажосць, цішыня... А даўніна якая! Там унізе ёсць ліпавая алея, ходзіш і думаеш: колькі ж да мяне тут пакаленняў пабывала! І радуешся таму, што ідэя колішняга старшыні Мінгарвыканкама Паўлава ўвасобілася ў такі цудоўны праект.

Калі хачу абстрагавацца ад думак, мне трэба за руль. За рулём я па-сапраўднаму адпачываю. У мяне вадзіцельскі стаж 33 гады. У школе яшчэ атрымала правы. Усе дзяўчаты як дзяўчаты, пайшлі швачкамі, а я з хлопцамі пайшла вучыцца кіраванню на машыне "ГАЗ-51".

Прачынаюся рана. У 6 гадзін я ўжо на нагах. Адна цукерка, кубак кавы і добрая нягучная музыка. А далей праца. Увечары люблю наведваць басейн. Здараецца, набываю абанемент. Але гэта складана, бо не заўсёды валодаю сваім часам. Зімой лыжы, нават ужо спрабую на горных катацца. Хаджу на гарадскі каток. Ніякіх асаблівых працэдур няма, каб падтрымліваць сябе ў тонусе. Стаўленне да жыцця павінна быць аптымістычным.

Па магчымасці ў нядзелю зранку ці ў суботу вечарам выязджаю ў вёску да мамы. Мы маме пакінулі невялікі ўчастак зямлі, але кветак там — можна загінуць. Цюльпанаў, як у Галандыі, цэлая плантацыя, кустоў руж, пэўна, больш за 30. Я так люблю корпацца ў зямлі. Гэта мяне супакойвае. Нядаўна ў сястры ўчастак з'явіўся пад Мінскам. Я раскапала там сабе метр на два клумбу <І>(смяецца) . Яшчэ будоўля ідзе, а я ўжо вырошчваю кветкі.

Не цярплю подласці. Не люблю "сяброў", калі яны застаюцца сябрамі да той пары, пакуль ты ім патрэбны. У мяне няшмат іх. Тое, колькі ў цябе сяброў, наколькі моцныя твае адносіны, таксама характарызуе чалавека. Я даражу сваімі сябрамі, яны правераны часам. Шэсць гадоў таму, калі памёр тата, яны кінулі ўсё і былі са мной побач. Іх маральная падтрымка мне больш за ўсё дапамагла справіцца з горам.

Пра сон, людскасць і зайздрасць

Калі я працую, то я працую. Па суботах прыязджаю ў камітэт, каб у цішыні папрацаваць з дакументамі, сабрацца з думкамі, вызначыць прыярытэты на наступны тыдзень. Я — працаголік. Працаголік і гультайка адначасова (смяецца). У нядзелю магу спаць да 12 гадзін, і мне зусім не сорамна.

Не памятаю, калі апошні раз хадзіла на абед. Рэдка сыходжу з кабінета ў 18.00. Вельмі рэдка. Я ж яшчэ і дэпутат гарадскога Савета. Мне падабаецца сустракацца з людзьмі. Гэта дапамагае ў працы. Езджу з задавальненнем у сваю акругу, у Серабранку. Вельмі радуюся, калі ёсць магчымасць нечым дапамагчы. Гэта клапотна, але цікава. Самае галоўнае, што мяне гэта не напружвае. Нават ніколі не было думкі ад нечага адмовіцца. Летась для мяне новая дзейнасць адкрылася. Я ўвайшла ў склад Прэзідыума рэспубліканскага ГА "Беларускі саюз жанчын". Пазнаёмілася з цікавымі жанчынамі, вельмі паспяховымі па жыцці. Напрыклад, Надзея Андрэеўна Ермакова, Лідзія Міхайлаўна Ярмошына. Мне прыемна з імі кантактаваць. Няма зайздрасці. Я набіраюся ў іх жыццёвага і прафесійнага вопыту, проста ўсякія жаночыя штучкі заўважаю.

Ёсць такое беларускае слова — людскасць. На мой погляд, вельмі ёмкае. Не страціць яе — галоўнае для кіраўніка любога рангу. У любой іпастасі важна заставацца чалавекам, як бы гэта банальна ні гучала.

Пра сацыяльнае таксі, рэнту і дзіцячы сад для старых

Гляньце (побач з лавачкай, на якой мы сядзелі, праехала сацыяльнае таксі): адзін з нашых цудоўных сацыяльных праектаў. Сёння ў кожным раёне горада па дзве такія машыны. Летась расшырана катэгорыя мінчан, якія могуць карыстацца паслугамі таксі бясплатна, а таксама за частковую плату. Але жыццё паказвае, што трэба абмяжоўваць колькасць паездак і катэгорыі. Ільгота павінна быць для тых, хто сапраўды ў гэтым мае патрэбу, для каго гэта жыццёва важна. Бо ёсць людзі... Напрыклад, інвалід 1 групы агульнага захворвання выклікае таксі, каб на сустрэчу з былымі калегамі пад'ехаць. Яму тлумачыш: "А 8-й раніцы немагчыма вам прадаставіць машыну. Якраз у гэты час едуць людзі на гемадыяліз. Давайце з вамі разам зробім выбар, каму больш патрэбен аўтамабіль". Не разумее. Яму больш трэба. Ёсць жанчыны, якія ездзяць на рынак па кілаграм грэчкі, але абавязкова на "Экспабэл". Бо іншая грэчка ёй не падыходзіць. А па цяперашнім палажэнні гэта магчыма, нельга толькі за горад выязджаць.

Укараняем і такую новую форму сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, як рэнтныя адносіны. У гэтым праекце могуць удзельнічаць адзінокія жыхары Мінска, якім ёсць 70 гадоў і якія маюць ва ўласнасці жыллё. Яны заключаюць з тэрытарыяльным цэнтрам сацабслугоўвання альбо наўпрост з інтэрнатам дагавор пажыццёвага ўтрымання з забеспячэннем. Там прапісваюць усё, што жадаюць атрымаць, пачынаючы з памеру пакоя, рэжыму харчавання, медпаслуг і заканчваючы культурнымі мерапрыемствамі. Чалавек пры гэтым атрымлівае пенсію ў поўным аб'ёме і яму выплачваецца рэнта ў памеры ад 1 да 3 базавых у залежнасці ад кошту кватэры. Пакуль што толькі тры падобныя дагаворы заключылі. Налета пачнём будаваць першы інтэрнат павышанай камфортнасці для людзей, якія будуць жыць па рэнтных адносінах. Там будзе ўся інфраструктура: і пральня, і цырульня, і трэнажорная зала, і басейн...

Мяне засмучае, што дзеці не хочуць сёння даглядаць сваіх бацькоў. Гэта так дакладна прасочваецца, калі прыходзяць на прыём і просяць прыняць старых у інтэрнат. Маўляў, я не магу справіцца са сваёй мамай. Калі пачынаеш чытаць матэрыялы справы, разумееш, што 3 месяцы ці год таму кватэра перапісана ўнуку — і адразу бацькі не патрэбны. Уяўляеце, усё жыццё расціць дзяцей і на старасці апынуцца ў інтэрнаце... Для большасці гэта вялікі стрэс.

Прыходзяць людзі і кажуць: "Я не магу пакінуць працу. І бацьку не хачу назусім аддаваць у інтэрнат. Мне б зранку аддаць яго пад нагляд, у добрыя рукі, а вечарам забраць". Таму будзем адкрываць так званы "Дзіцячы сад для старых" на базе тэрытарыяльнага цэнтра Маскоўскага раёна.

Вярнулася з камандзіроўкі, са Швецыі, апантаная ідэямі. Адна з грандыёзных задум — стварыць майстэрню, дзе б працавалі людзі, якія пакутуюць на псіхічныя захворванні. Усе яны, а іх нямала ў горадзе, адарваныя ад соцыуму. Ёсць сярод іх тыя, хто можа і павінен працаваць.

Як і большасць людзей, радуюся ўсяму, што атрымліваецца добра. Што за нараджэнне трайнят даплачваем грошы, што інваліда-калясачніка ўладкавалі на працу, што купілі актыўную каляску для дзіцяці-інваліда, што шматдзетныя сем'і кватэры атрымліваюць...

Пра мары, хваробы і дзяцей

У дзяцінстве я хацела быць міліцыянерам, які працуе з дзецьмі. Ніякай такой думкі, што буду працаваць вялікім кіраўніком, не было. Я нават калі скончыла дзесяцігодку, паехала паступаць у школу міліцыі ў Мінск. Але ў той год яшчэ жанчын не прымалі... Старшыня прыёмнай камісіі параіла паступаць у педуніверсітэт (інстытут тады) на факультэт псіхалогіі. Маўляў, педагогаў-псіхолагаў ахвотна бяруць у міліцыю на працу.

Мне пашанцавала ў жыцці на таленавітых і добрых кіраўнікоў. Пачынаючы з дашкольных устаноў, дзе я працавала да 1999 года. У 99-м начальнік упраўлення адукацыі Уладзімір Аляксандравіч Гапоненка вырашыў зрабіць з дзіцячага сада першы ў рэспубліцы дзіцячы дом кватэрнага тыпу. Запрасіў мяне і кажа: "Жанна Аляксандраўна, не хацелі б вы змяніць работу?". "Трэба падумаць", — адказваю. "Думаць няма калі, трэба працаваць". Я згадзілася, бо, прызнаюся, марыла пра свой дзіцячы дом. У дзяцінстве яшчэ паглядзела фільм "Гаспадыня дзіцячага дома" з Наталляй Гундаравай у галоўнай ролі. Так ён мяне ўразіў...

Практычна не хварэла, пакуль працавала ў дзіцячым доме. Ведаеце, пэўна, работа з дзецьмі-сіротамі дае жыццёвыя сілы. Я заўсёды свайму калектыву казала: "Не бойцеся зрабіць лішняе і наогул спяшайцеся рабіць добрыя справы".

Не было так, каб у выхадныя ў нашай кватэры не было дзіцяці з дзіцячага дома. А ўжо колькі ў бацькоў у вёсцы дзяцей перабывала! Калі я прыязджала дадому, тата ўвесь час прасіў расказаць пра дзяцей што-небудзь. Як там Даша, Нюся, Еўшчык?.. Ён усіх маіх дзяцей ведаў. Такая вось я шматдзетная мама. Яны ўжо дастаткова дарослыя, старэйшым па 24 гады. А карцінка дагэтуль перад вачыма стаіць: як прыехалі да нас у 2000 годзе 68 чалавек. Выйшлі з аўтобуса ў рваных джынсах і з чатырма шчанюкамі пад пахамі. І адна з іх — Нюся — заяўляе: "Калі вы выкінеце нашых шчанят, то ..." Не памятаю, які ўльтыматум яна паставіла, але шчанюкоў мы пакінулі. У мінулым месяцы тая самая Нюся вырашыла зрабіць мяне хроснай мамай свайго сына. Бабуля я ўжо неаднойчы: у мяне ўжо больш як 10 унукаў (усміхаецца).

Яны бягуць да мяне, як правіла, калі ім цяжка. Дапамагаеш, бо разумееш, што бегчы ім больш няма куды. Хоць са 100 выхаванцаў толькі 6 былі біялагічнымі сіротамі.

Часам думаю: калі здарыцца такое, што я ўжо стамлюся быць дзяржслужачай, то, напэўна, у чарговы раз займуся сіротамі. Праўда, не ведаю, будзе гэта дзіцячы дом № 7 ці нешта іншае. Можа, вазьму сабе 5 дзяцей — будзе прыёмная сям'я. Бо сын ужо вырас, яму 23 гады.

Пра мужчынскія дні, Божы дар і кіслую капусту

Дабрабыт у сям'і, безумоўна, адыгрывае вялікую ролю. Мне з сям'ёй пашанцавала. Пачынаючы з дружнай бацькоўскай: уяўляеце, тата і 4 жанчыны (мама і тры дачкі). Я вельмі люблю свайго сына. Антон — мой Божы дар. Вучыцца ў БДУ на факультэце міжнародных адносін, ён у мяне будучы мытнік.

Я мала бываю дома для таго, каб кіраваць. Але часам забываюся, што ўжо дома, і тады мне жартам кажуць: "Там на Кіжаватава (раней) ці (цяпер) там на Маякоўскага працягвай кіраваць" (смяецца). Самае галоўнае — разуменне. Бывае ж, што жанчына сыходзіць у кар'еру і губляе сям'ю. Мужчынам рэдка падабаюцца жанчыны, якія займаюць становішча вышэй, чым ён. А яшчэ, не дай Бог, больш зарабляе — гэта наогул катастрофа. Мой муж працуе ў транспартнай кампаніі, ён ніколі не імкнуўся быць кіраўніком, і гэта добра (усміхаецца). Два мядзведзі ў адной бярлозе — гэта цяжка.

Удзячна сваёй сям'і за тое, што яны разумеюць маю ношу. Пэўна, не па-жаночы цяжкую. Панядзелак, аўторак, чацвер — у нас мужчынскія дні. У гэтыя дні муж з сынам робяць па доме ўсё. Серада, пятніца — мае дні. Стараюся нават у кароткі вольны час многае рабіць для сям'і.

Ніколі не была карміліцай у сям'і. Для мяне не важна было зарабіць вялікія грошы. Важна было зрабіць работу добра. І дзякуй за гэта і жыццю, і сям'і, што ніколі перада мной такой задачы не ставілі. Муж прапаноўваў: "Кідай працу, займіся сынам, я буду табе дзве тваіх зарплаты плаціць". "Ну, вядома, кідай працу, — адказвала. — Спачатку цябе гэта будзе задавальняць, пасля пачне раздражняць, што ад мяне пахне кіслай капустай, пасля — што бразгаю каструлямі, пасля — што, акрамя анучы, я нічога не бачу. Не, я буду працаваць". Нельга ісці на повадзе ў мужчыны, прымаючы такія прапановы. На мой погляд, жанчына павінна адбыцца не толькі як дачка, жонка і маці, але і як асоба.

Надзея ДРЫЛА.

Бліц-інтэрв'ю

— Хто з жанчын вам найбольш імпануе, з'яўляецца ўзорам для пераймання?

— З гістарычных персанажаў — Жанна Д'Арк. Менавіта ў гонар гэтай жанчыны мяне назваў тата. Нядаўна прачытала кніжачку пра Маргарэт Тэтчэр. Мне было цікава, што значыць "жалезная лэдзі". Прачытала і падумала, што гэта не маё, не хачу быць такой, як яна. Сімпатычная мне і актрыса Наталля Гундарава. Не толькі як выканаўца ролі дырэктара дзіцячага дома, але і як жанчына. Светлая была, адкрытая. З інтарэсам назіраю за кар'ерай расійскага палітыка Валянціны Мацвіенкі.

— Любімыя кветкі?

— Ружы. Пэўна, я тут не выключэнне. А наогул я люблю кветкі па сезоне.

— Што вы ніколі не надзенеце?

— Калготкі ў сетачку (смяецца).

— Якая ваша галоўная загана?

— ... (задумваецца). Напэўна, нізкая самаацэнка. Трэба мне над гэтым працаваць. Шмат яшчэ сябе крытыкую.

←Стоит ли покупать домик в деревне?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика