Смарагдавы горад "Славянскага базару"

Источник материала:  

Сёлета на фестывалі "Славянскі базар у Віцебску" ў міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2012" 10-гадовы юбілей. І ўжо становіцца традыцыяй, што юныя канкурсанты яшчэ да пачатку лёсавання літаральна трапляюць у казку. На гэты раз яна адбылася ў комплексе культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі.

Калі летась будучыя "зоркі" пабывалі ў казачнай краіне "за люстэркамі" разам з галоўнай гераіняй казкі Алісай, цяпер жа апынуліся ў "Смарагдавым горадзе" (ці краіне Оз). Сюды юных талентаў па хвалях Заходняй Дзвіны даставіў белы цеплаход "Паўночная сталіца". І акурат ля прычала дзяўчынак і хлопчыкаў — 20 канкурсантаў з 17 краін свету — сустракалі героі казачнага Смарагдавага горада. Ды так шчыра і цёпла: з фотаздымкамі юных выканаўцаў у руках і выгукваннем імёнаў юных талентаў, іх куміраў. Маленькія канкурсанты адчулі сабе сапраўднымі "зоркамі".

Смарагдавы горад "Славянскага базару"

Наш карэспандэнт пагутарыў са старшынёй журы 10-га міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу, кампазітарам і спеваком, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Грузіі Джэмалам Сепіяшвілі. Непасрэдна перад судзействам у віцебскім конкурсе ён быў старшынёй журы ў Іспаніі.

— Я не першы раз на "Славянскім базары" (кампазітар у 2005 годзе ўваходзіў у склад міжнароднага журы міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск". У гэтым жа годзе на міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" быў вядучым канцэрта майстроў мастацтваў Грузіі, які адбыўся ў рамках праекта "Гарады і краіны вітаюць Віцебск". — А.П.). Віцебскі фестываль каштоўны тым, што кожны год становіцца ўсё лепш і лепш. І дзіцячы конкурс — адна з самых яскравых падзей на фестывалі. Каб судзіць дзіцячы конкурс, трэба любіць дзяцей і на хвіліны, калі выступае канкурсант на сцэне, самому стаць дзіцём. І падумаць — як бы ў цябе атрымалася, калі б табе было дзевяць гадоў...

Кампазітар прызнаўся, што ён ужо даўно дзядуля. Старэйшы ўнук ужо студэнт. А ўсяго тры ўнукі. Малодшаму сем гадоў, пакуль любіць рэп. Дачка кампазітара — мама ўнукаў — спявачка, якая выконвае сучасныя песні.

А вядомы музыкант і спявак, які стаў папулярным дзякуючы таму, што яшчэ напрыканцы 1980-х напісаў хіт "Джулія" і доўгі час быў салістам вядомага гурта "А-студыя", Батырхан Шукенаў (Казахстан) у сваю чаргу адзначыў, што ў юных канкурсантаў была вельмі цяжкая задача выбраць песню для выканання на конкурсе ў Віцебску: "На жаль, дзіцячых песень вельмі мала. І мне вельмі не падабаецца, калі дзеці выконваюць дарослыя песні — з недзіцячым тэкстам". Што тычыцца аб'ектыўнасці пры судзействе (маецца на ўвазе выступленне яго юнага земляка Алішэра) паводле слоў музыканта, яны пазнаёміліся толькі на "базары". Алішэр пакуль невядомы ў Казахстане і, магчыма, стане вядомым пасля ўдалага выступлення ў Віцебску. Зразумела, Батырхан будзе за яго перажываць...

Рэпарцёр "Звязды" пагутарыў з дзяўчынкамі, якія прадстаўляюць Беларусь на дзіцячым конкурсе. Аказваецца, яны раней ужо былі знаёмымі і разам выступалі на розных канцэртах.

10-гадовая Ліза Мураўёва расказала, што нарадзілася 12 снежня 2001 года. Жыве ў Мінску: "Я буду выконваць песню "Кветка-папараць" на беларускай мове, гэта фольк у сучаснай апрацоўцы. А ў другі дзень — лірычную песню "Неба праз край". Раней я была ў Віцебску — выступала ў Летнім амфітэатры падчас святкавання Дня горада". Як расказала дзяўчынка, раней яе талісманам быў мядзведзік-грызлі, але больш яго не возіць на канцэрты: цацка сядзіць дома і перажывае за юную гаспадыню.

Даведка "Звязды". <І>Ліза з чатырох гадоў займаецца вакалам, у сем стала салісткай Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна.

Скончыла чацвёрты клас гімназіі № 22 г. Мінска, пяты клас музычнай школы № 4 (клас фартэпіяна). Лаўрэат 14-ці міжнародных конкурсаў і фестываляў.

Яўгенія Кляпіцкая таксама мінчанка. На конкурсе выканае песні "Кадриль" на рускай і "Беларусь" на беларускай мове. Цікава, што раней у Жэні талісманам таксама быў мядзведзік, а цяпер няма. Хоча, каб талісманам стаў анёлак.

Даведка "Звязды". Яўгенія нарадзілася 30 чэрвеня 2001 года. Вучыцца ў гімназіі № 61 Мінска. Спевамі займаецца з 5 гадоў. Салістка вакальнай студыі "Мікст". Выступае ў ансамблі і ў дуэце. Актыўна ўдзельнічае ў музычных і песенных конкурсах.

Падчас "працэдуры" лёсавання юныя "зорачкі" выпрабоўвалі лёс пры дапамозе, вядома, казачных чаравічак, на падэшве якіх быў нумар чаргі выступу. На срэбным — у першы дзень, на пурпурным — у другім. Па традыцыі конкурс юных "зорак" праводзіцца ў канцэртнай зале "Віцебск".

Учора (у панядзелак) нашы Яўгенія і Ліза ў першы дзень конкурсу выступілі адпаведна пад нумарамі 5 і 17, а сёння вечарам (у аўторак) выйдуць на сцэну пад нумарамі 12 і 7 адпаведна.

Першай у панядзелак выступіла 10-гадовая прадстаўніца Расіі, у другі конкурсны дзень — канкурсант з Малдовы. Апошнімі выступаюць адпаведна прадстаўнікі Украіны і Грузіі. Шчаслівы нумар 13 дастаўся спевакам з Казахстана і Румыніі.

А самы "неверагодны выбар" лёсаванне падарыла ўдзельніку з Македоніі: пад нумарам 15 ён выступае у абодва конкурсныя дні!

Пасля лёсавання канкурсанты і іншыя дзеці адпусцілі ў нябёсы па паветраным шары — як сімвал здзяйснення жаданняў.

Гран-пры на дзіцячым конкурсе "базару" — ажно 5 тысяч долараў, першая прэмія — 3 тысячы, другая прэмія — 2 тысячы, трэцяя — 1 тысяча долараў. Па традыцыі пасля кожнага конкурснага дня балы, якія члены журы паставілі канкурсантам, не паведамляецца ў СМІ, таму да апошняга застаецца інтрыга. Імёны пераможцаў стануць вядомымі толькі ў сераду вечарам. "Хварэем" за нашых!

Аляксандр ПУКШАНСКІ

 

←Антон Суряпин остался под стражей после истечения 72 часов с момента задержания

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика