Выбарчыя акруговыя камісіі пачалі працаваць
Выбарчая акруговая камісія №72 галасуе – выбірае старшыню.
У рэгіёне пачалі працаваць выбарчыя акруговыя камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання. У сераду, 11 ліпеня, прайшло першае пасяджэнне акруговых выбарчых камісій у Маладзечне.Маладзечанская гарадская выбарчая акруга №72 уключае ў сябе амаль увесь горад – за выключэннем мікрараёнаў Усходні і Лясныя. Гэтыя мікрараёны адносяцца да Маладзечанскай сельскай выбарчай акругі №73. Сёлета да гэтай акругі далучыўся таксама горад Валожын і ўвесь Валожынскі раён, у гэтай акрузе каля 70 тысяч выбаршчыкаў.
На першым пасяджэнні абралі кіраўніцтва выбарчых камісій, абмеркавалі арганізацыйныя пытанні. Склад акруговых камісій зацверджаны рашэннем Прэзідыума Мінскага абласнога Савета дэпутатаў і Мінскага аблвыканкама.
Старшынёй акруговай выбарчай камісіі гарадской акругі №72 стала Святлана Юрчык, начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Маладзечанскага райвыканкама. Сельскую выбарчую акругу №73 узначаліў Уладзімір Камароўскі, начальнік упраўлення спраў Маладзечанскага райвыканкама.
Гарадская камісія працуе ў кабінеце №230 у Маладзечанскім райвыканкаме, а сельская – у кабінеце №225.
Паводле каляндарнага плана Цэнтрвыбаркама, да 21 ліпеня павінны быць сфарміраваныя ўчасткі для галасавання.
Ад 15 ліпеня да 13 жніўня пройдзе вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Ад 14 да 23 жніўня акруговыя выбарчыя камісіі будуць рэгістраваць кандыдатаў.
Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў прызначаныя на 23 верасня. У выпадку неабходнасці, другі тур галасавання пройдзе не пазней за 7 кастрычніка.
Выбарчая акруговая камісія №73.
Некаторыя паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў:
• разглядае праекты законаў
• прызначае выбары Прэзідэнта
• дае згоду Прэзідэнту на прызначэнне прэм’ер-міністра
• заслухоўвае даклад прэм'ер-міністра аб праграме дзейнасці ўрада і ўхваляе або адхіляе праграму
• можа выказаць вотум недаверу ўраду.
Даведка “РГ”. Нацыянальны сход Беларусі – вышэйшы заканадаўчы орган у Беларусі. У склад уваходзяць дзве палаты – Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі. У Палату прадстаўнікоў уваходзяць 110 дэпутатаў, якіх выбіраюць, паводле заканадаўства, на аснове ўсеагульнага, вольнага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў можа быць грамадзянін Беларусі, які дасягнуў 21 года. Тэрмін паўнамоцтва – чатыры гады.
Зоя ХРУЦКАЯ.