Зялёны "агрэсар" запаволенага дзеяння

Источник материала:  

"Самы буйны экзэмпляр дасягаў у вышыню амаль трох метраў. Еўрапейскія экзэмпляры былі ў сярэднім вышынёй у два метры дзесяць сантыметраў. Яны, як бачым, лёгка прыстасаваліся ў самым шырокім дыяпазоне рознага клімату і глеб. Натуральных ворагаў у іх, відавочна, не было, калі не лічыць чалавека". Гэта цытата з фантастычнага рамана англійскага пісьменніка Джона Уіндэма "Дзень трыфідаў". Твор убачыў свет у 1951 годзе. І прыкладна ў гэты час у СССР пачалася культывацыя баршчэўніку Сасноўскага, які пазней стаў злосным пустазеллем. Дакладнейшая аналогія рэчаіснасці і фантастычнага рамана вельмі ўражвае...

— Мінулым летам з гэтай непрыемнасцю сутыкнуўся мой бацька, — гаворыць студэнтка БДУ Ірына. — Ён пайшоў на рыбалку і накіраваўся да вады праз зараснік. І недзе там закрануў лісце баршчэўніку. У той дзень ён не звярнуў на гэта ўвагі, а вось назаўтра на назе ўтварыўся пухір, які здаваўся мне падобным да хімічнага апёку. Тата лячыўся прыкладна два тыдні, але невялічкая пляма на месцы апёку ўсё ж захавалася.

Няўжо неспадзяваная сустрэча з баршчэўнікам Сасноўскага можа пакінуць сляды на целе на ўсё жыццё? Гэта пацвярджае ўрач-дэрматолаг, загадчык аддзялення Мінскага гарадскога скурна-венералагічнага дыспансэра Леанід Каспяровіч.  

Майстар участка УП "Мінскзелянбуд" Кастрычніцкага раёна Алег Шэўчык паказвае, што баршчэўнік можа быць вышэй за чалавечы рост і дасягае часам 3,5 метра.

Зялёны "агрэсар" запаволенага дзеяння— Сок баршчэўніку ўтрымлівае ў сабе фуракумарыны. Гэтыя рэчывы рэзка павышаюць адчувальнасць арганізма да ўльтрафіялетавага выпраменьвання. Ступень пашкоджання залежыць ад таго, як доўга сок баршчэўніку аказваў сваё атрутнае дзеянне. Чым хутчэй перайсці ў цёмнае памяшканне і змыць са скуры сок, тым меншымі будуць наступствы. Калі ж усё пакінуць на самацёк, то справа можа скончыцца нават апёкамі трэцяй ступені цяжкасці.

— Якія сімптомы ўзнікаюць у чалавека пасля трапляння на скуру атрутнага соку?

— Прыкладна праз некалькі гадзін тыя часткі цела, якія мелі кантакт з баршчэўнікам, пачынаюць смылець, як пры апёку, а на наступны дзень з'яўляецца чырвань. Асабліва небяспечныя апёкі твару. Між іншым, пагрозу ўяўляе не толькі сок, але і маленькія іголачкі, якія знаходзяцца на лісці. Таму пры любым кантактаванні з баршчэўнікам трэба як мага хутчэй выдаліць са скуры сок і звярнуцца да доктара! Тэрмін лячэння доўжыцца звычайна каля двух тыдняў.

— Пры якіх абставінах людзі атрымліваюць апёкі?

— Часцей за ўсё людзі церпяць ад баршчэўніка з-за сваёй неахайнасці або элементарнага няведання пагрозы. Вонкавы выгляд гэтага волата вельмі прывабны — прыгожыя кветкі-парасонікі... Але мушу зазначыць: з кожным годам дасведчанасць насельніцтва аб гэтай навале расце. Хаця ў дыспансэр трапляюць і "унікумы". Не так даўно да нас паступіў мужчына сярэдняга ўзросту, які хацеў зрабіць... трубачку са сцябла баршчэўніку! Калі ён зразаў сцябліну, то сок трапіў яму на далонь. Добра яшчэ, што не паспеў у яе падзьмуць — у такім выпадку ўсё магло б скончыцца значна горш.

— І гэта адбылося, калі пра баршчэўнік не чуў толькі глухі. А калі вярнуцца да тых часоў, калі пра гэтую атруту інфармацыі амаль не было?

— Увогуле, у 1950-я гады баршчэўнік Сасноўскага першапачаткова задумваўся як корм для дамашняй жывёлы. Але ён хутка здзічэў і пачаў сваё "пераможнае шэсце" ў якасці вельмі небяспечнага пустазелля. Трыццаць гадоў таму людзі наогул не ведалі, што ад гэтай травы лепш трымацца далей. Тады ў дыспансэр паступілі некалькі жанчын, якія загаралі на Мінскім моры. Надвор'е было спякотным, і жанчыны вырашылі прыкрыць ад сонца грудзі вялікім лісцем, заклаўшы яго за бюстгальтары. А трэба зазначыць, што ў спелага баршчэўніку памер лісця ў некалькі разоў большы за ліст лопуху! І літаральна праз пару гадзін атрутны сок зрабіў сваю "чорную" справу...

— Колькі чалавек звяртаецца ў ваша аддзяленне па медычную дапамогу пасля сустрэчы з гэтай травой?

— З красавіка толькі ў маё аддзяленне патрапіла прыкладна дваццаць чалавек, якія пацярпелі ад Гераклавай травы. У мінулым годзе колькасць пацыентаў пераваліла за сотню...

Дык як жа змагацца з баршчэўнікам? На гэтае пытанне адказвае кіраўнік аддзела дзяржаўнага кантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, лясоў, жывёльнага і расліннага свету Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталля Кудырка.

— Існуе некалькі відаў барацьбы з баршчэўнікам. Самыя распаўсюджаныя — гэта ручны, хімічны і механічны. Ручны спосаб (ён жа самы дзейсны) — гэта простае выкопванне. Яно прымяняецца, калі ў расліны яшчэ не з'явілася вялізнае лісце і калі яна не пусціла карані глыбока ў зямлю. Калі ж на гэтай стадыі ніякіх захадаў супраць пустазелля не ўжывалася, то баршчэўнік неабходна рэгулярна скошваць. Хімічны спосаб таксама паспяховы, але пры выкарыстанні гербіцыдаў ёсць свае абмежаванні. Дарэчы, насенне Гераклавай травы вельмі жывучае: яно можа захоўвацца ў становішчы спакою дзесяць і нават больш гадоў, а пасля прарасці!

— Але ж баршчэўнік першапачаткова прапагандаваўся як корм для жывёлы...

— Між іншым, выпас жывёлы на маладых зарасніках — адзін з метадаў барацьбы з гэтай навалай. Але адзначалася, што пры гэтым малако кароў можа набыць гаркаваты прысмак. Таму лепш пасвіць на ім коз, авечак...

— Наколькі актуальная праблема баршчэўніку ў Мінску?

— Найбольш "палюбіліся" баршчэўніку Сасноўскага Кастрычніцкі і Ленінскі раёны горада. Актыўная барацьба з фітаагрэсарам пачалася два-тры гады таму. І вынішчэнне баршчэўніку прыносіць плён: сёння верагоднасць сустрэць яго ў горадзе меншая, чым некалькі гадоў таму. Акрамя таго, расце дасведчанасць насельніцтва датычна гэтай праблемы, бо ў грамадстве праводзіцца актыўная інфармацыйная праца.

І вось карэспандэнты "Звязды" назіраюць за тым, як касільшчыкі вынішчаюць зараснік баршчэўніку ў парку "Курасоўшчына". Майстар участка УП "Зелянбуд Кастрычніцкага раёна" Алег Шэўчык не ўтойвае сваёй заклапочанасці:

— Усяго на тэрыторыі раёна баршчэўнік Сасноўскага захапіў 140 гектараў зямлі. Сваіх сумна вядомых гіганцкіх памераў гэты нахабнік дасягае ўсяго за месяц, прыбаўляючы ў вышыні за суткі да 15-20 сантыметраў! Толькі адна расліна прадуцыруе мінімум шэсць тысяч адзінак насення, якое вельмі лёгка разносіцца ветрам. Таму мы імкнёмся як мага аператыўней скошваць баршчэўнік. Дзякуючы гэтаму на маім участку трохметровых гігантаў няма. Але калі зазірнуць на суседні — то іх там цэлая плантацыя.

Раман Джона Уіндэма заканчваецца аптымістычным сказам: "А потым наступіць дзень, і мы (ці нашы дзеці) пераправімся праз вузкія пралівы і пагонім трыфідаў, няўмольна знішчаючы іх, пакуль не сатром апошняга з іх з твару зямлі, якую яны ў нас адабралі". Хочацца спадзявацца, што баршчэўнік Сасноўскага калі-небудзь сапраўды стане вядомы толькі з падручнікаў па біялогіі, як гэта і было да пачатку яго культывацыі...

Валяр'ян Шкленнік. Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

←Шведы опубликовали видео почти 90 минут полета над Литвой и Беларусью

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика