Леў Лешчанка цяпер мае віцебскую «прапіску»
Учора на Алеі лаўрэатаў "Славянскага базару" адкрылі "зорку" народнага артыста Расіі Льва Лешчанкі, які сёлета атрымаў спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення".
Леў Валяр'янавіч наведвае "Славянскі базар" з года ў год. І наогул любіць бываць у Беларусі. Вось нядаўна выступаў у Гомелі і на Дні горада ў Барысаве. Час ідзе, але яго адметны нізкі голас не глухне, а пастава застаецца ўсё такой жа зайздросна роўнай. Нават нягледзячы на пэўную старамоднасць яго спеваў і манеры выканання, у адсутнасці высакароднасці яго абвінаваціць ніяк нельга. Уважлівы, тактоўны і дружалюбны.
Пакуль ішоў да Алеі лаўрэатаў, Леў Лешчанка прызнаўся народнаму артысту Беларусі Анатолю Ярмоленку, што заўжды адчувае сябе няёмка, калі прыцягвае шмат увагі. Парадаксальна, але шмат увагі ён прыцягвае бадай усё жыццё.
— Мне вельмі прыемна, што мая "зорка" цяпер ёсць у Віцебску, — прызнаецца Леў Валяр'янавіч. — Я вельмі люблю гэты горад, ведаю яго гісторыю. І слаўную, і трагічную. Ведаю, што пасля вайны тут засталіся цэлымі ўсяго чатыры дамы... Вельмі люблю Віцебск Марка Шагала, ведаю і яго трагедыю таксама. Вельмі люблю "Славянскі базар", які з'яўляецца бадай адзіным фестывалем на ўсёй былой прасторы Савецкага Саюза, які выконвае функцыю ўзаемапранікнення славянскіх культур, дазваляе сталым артыстам прыехаць сюды, пакантактаваць адно з адным, паказаць сябе.
Цяпер "зорка" Лешчанкі будзе "зіхацець" побач з "нябеснымі свяціламі" Уладзіміра Мулявіна, Ігара Лучанка, Сафіі Ратару, Алы Пугачовай, Аляксандры Пахмутавай і інш.
Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка прызнаўся, што заўжды мае дыск з песнямі Льва Лешчанкі ў сваім аўто.
Насамрэч у кожнага пакалення свае куміры. Часта пакаленні потым шкадуюць, што мелі менавіта такіх ідалаў. Але, відавочна, што Леў Лешчанка не з іх ліку. Яго творчасць бяскрыўдная і гуманістычная. А сведчаннем таго, што яна будзе мець працяг, стала песня артыста, якую выканаў дзіцячы калектыў "Форум" цэнтра культуры "Віцебск".
Зоя СВЕТЛАЯ