«Базар» — галоўная культурная падзея Беларусі

Источник материала:  

Учора, 12 ліпеня, афіцыйна распачаўся 21-ы па ліку міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", — самая яскравая культурная падзея ў Беларусі, аб якой ведае ўвесь свет.

— Штогод у Віцебску адбываецца ўнікальнае свята. Сёлета яго слоган — "праз культуру да міру і ўзаемаразумення". На "базары" прадстаўлена 27 краін свету. Важна, што ўдзельнікі яднаюцца вакол ідэі дабрыні, гуманізму і культурнага супрацоўніцтва, — кажа Павел Латушка, міністр культуры Рэспублікі Беларусь. — Штогод прадаецца больш за 100 тысяч білетаў на фестывальныя мерапрыемствы, па тэлебачанні фестываль бачаць дзясяткі мільёнаў гледачоў. Думаю, што самі лічбы з'яўляюцца пацвярджэннем папулярнасці фестывалю, неабходнага не толькі Беларусі.

Ажно некалькі юбілеяў адзначаць у "базарныя" дні. У прыватнасці, юбілей дзяржаўнага ансамбля танца Маісеева, нацыянальнага сімфанічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга, юбілей народнага артыста Расіі Льва Лешчанкі. І Аляксандр Ціхановіч святкуе ў гэтыя дні свой асабісты юбілей.

Што датычыцца размоў аб неабходнасці змянення канцэпцыі фестывалю, гэтыя пытанні ўздымаюцца не першы год. Але ж галоўная ідэя фестывалю — у захаванні традыцый. А традыцыя, закладзеная шмат гадоў таму, — аб'яднаць народы і культуры розных краін у рамках фестывалю.

— Мы неаднаразова падыходзілі да канцэптуальнага змянення: напрыклад, да адмены нацыянальных дзён, увядзення новых праектаў. Але мы адмовіліся ад такіх падыходаў, бо самі гледачы "прагаласавалі" рублём за канцэпцыю фестывалю. Гэта, вядома, не значыць, што мы не глядзім у будучыню. На фестывалі бадай штогод з'яўляюцца новыя праекты і ідэі... Сёлетняя адметнасць фестывалю ў тым, што рэжысёрамі асноўных падзей "базару" з'яўляюцца прадстаўнікі Беларусі, — сказаў Павел Латушка.

Юбілейная тэматыка

Сёлета ў рамках нацыянальнага дня на "базары" "прагучыць" тэма юбілеяў нашых класікаў — Коласа і Купалы, а таксама Шагала.

Плануецца прывезці ў Віцебск арыгінальныя работы Марка Шагала. Міністэрства культуры таксама вядзе перамовы з музеем Іерусаліма, каб у Мінску арганізаваць выставу 90 арыгінальных работ мастака. Праект плануецца ажыццявіць увосень.

Цікавых сюрпрызаў можна чакаць і па выніках сустрэчы міністраў культуры Беларусі і Расіі.

Нагадаю, у Екацярынбургу плануецца ўстанавіць помнік Уладзіміру Мулявіну, кіраўніку легендарнага ансамбля "Песняры". Ужо ёсць дамоўленасць аб месцы, дзе будзе стаяць помнік, распачаўся і дабрачынны збор сродкаў.

Плануецца з беларускага бюджэту фінансаваць чвэрць усіх выдаткаў. Усю астатнюю неабходную суму мяркуюць атрымаць у якасці ахвяраванняў грамадзян і прадпрыемстваў.

"Базарныя" грошы

Сёлета ўжо прадалі білетаў на агульную суму 14,8 мільярда рублёў, што ў 2 разы больш, чым летась. А ўсяго плануецца зарабіць на білетах каля 16 мільярдаў рублёў.

Дарэчы, яны вось ужо два гады запар рэалізуюцца праз сістэму электроннага продажу. І сёлета купілі такія білеты ў 10 краінах свету. У тым ліку і ў Францыі, Латвіі, Ізраілі, ЗША, Германіі і гэтак далей. Усяго прыкладна 110 тысяч білетаў плануюць прадаць праз інтэрнэт.

Ад усіх крыніц фінансавання ў бюджэт "базару" паступіла 32,9 мільярда рублёў. Сярод "фінансістаў" — саюзны бюджэт Беларусі і Расіі — з унёскам 6,4 мільярда рублёў.

Маглі б і больш...

Арганізатары фестывалю не прывыклі скарадзіцца на праблемы. Але ж... Фестываль мог бы зарабляць значна больш, калі б тыя, хто выкарыстоўваюць "васілёк" — таварны знак фестывалю — не забывалі за гэта плаціць.

— Многія з тых, хто выкарыстоўвае фірмовы стыль фестывалю, можна сказаць, вядуць "партызанскую вайну". Наогул, пастаўлена задача на ўзроўні кіраўніка дзяржавы і ўрада перавесці фестываль на самаакупнасць, — канстатуе Радзівон Бас, дырэктар міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь. — Але хочацца, каб гэту задачу разумелі ўсе, а не толькі дырэкцыя і Міністэрства культуры, а тыя, хто зарабляе на фірмовым знаку фестывалю. Напрыклад, тысяча месцаў аддадзена прадстаўнікам народных рамёстваў, і за месца плацяць па 40 тысяч рублёў у дзень, а фестываль доўжыцца 10 дзён. Вось і лічыце. Дырэкцыя ад гэтага нічога не атрымлівае. Выстава малога бізнэсу і іншыя, што праходзяць у дні "базару", — усе выкарыстоўваюць імідж "базару", але выручку пакідаюць сабе і не дзеляцца з фестывалем. Мы заключылі дагаворы толькі з 15 віцебскімі фірмамі. Усе астатнія выкарыстоўваюць наш знак, як хочуць. Мы стварылі спецыяльную групу, якая па магчымасці будзе адсочваць парушэнні. Але гэта не так проста. Думаю, што на будучыню, трэба прыняць рашэнне, каб усіх, хто выкарыстоўвае імідж фестывалю, фірмовы знак, абавязаць рабіць нейкія ўзносы ў фестывальны фонд.

Вышэйзгаданая тэма з'яўлялася прадметам абмеркавання — падчас пасяджэнняў арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы да фестывалю. Абмяркоўвалася і тэма выкарыстання яго лагатыпа. Спецыялісты падлічылі, што летась падчас фестывалю гандлёвы абарот у горадзе склаў ажно 20 мільярдаў рублёў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

←Шведы опубликовали видео почти 90 минут полета над Литвой и Беларусью

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика