Якое дачыненне мае беларус да швейцарскага Вялікага адроннага калайдара

Источник материала:  

Сярод беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі за мяжой былі і ёсць выдатныя дзеячы ў самых розных сферах жыцця Ад палітыкі і эканомікі да навукі і культуры. Але яны не пераставалі працаваць на карысць нашай дзяржавы, бо зрабілі свой унёсак у сусветную цывілізацыю. Асабліва гэта тычыцца вучоных.

У свеце высока цэняць уклад Беларусі ў развіццё даследаванняў, якія праходзяць зараз на Вялікім адронным калайдары. ВАК — гэта вельмі вялікі паскаральнік элементарных часціц у выглядзе кальца дыяметрам 27 км. Ён знаходзіцца на глыбінях ад 50 да 175 метраў на граніцы Францыі і Швейцарыі. У аснове ВАК — дзеянне двух пучкоў пратонаў, якія накіроўваюць па кальцы ў процілеглых напрамках, пасля чаго яны сутыкаюцца амаль з хуткасцю святла. З дапамогай калайдара вучоныя хочуць праверыць гіпотэзы аб узнікненні Сусвету, а таксама вызначыць прыроду прасторы-часу.

Да гэтай цікавай і пачэснай работы цесна далучыўся наш зямляк — Мікалай Русаковіч, які ўжо 33 гады працуе ў Аб’яднаным інстытуце ядзерных даследаванняў у Дубне недалёка ад Масквы. Беларус з’яўляецца буйным спецыялістам у галіне эксперыментальнай фізікі часціц, адроннай і электрамагнітнай каларыметрыі. Даследаванні прынеслі яму шырокую вядомасць у колах міжнароднай навуковай грамадскасці.

Нарадзіўся Мікалай Русаковіч 9 красавіка 1953 года ў Магілёве. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Ужо падчас вучобы вырашыў спецыялізавацца па тэарэтычнай фізіцы. Яшчэ трэцякурснікам напісаў рэферат па працах Глэшоў і Вайнберга, прысвечаны прамежкавым базонам, стыхійнаму парушэнню сіметрыі, часціцы Хігса. Тады ён і не здагадваўся, што праз шмат гадоў, менавіта ў працяг сваёй працы, будзе ўзначальваць каманду ў АІЯД па стварэнні ўстаноўкі на Вялікім адронным калайдары — дэтэктары АТЛАС, адной з галоўных задач якой і з’яўляецца выяўленне “недастаючага звяна” стандартнай мадэлі — часціцы Хігса. Сёння Мікалай Арцём’евіч з цеплынёй успамінае сваіх выкладчыкаў у БДУ: Льва Камарова, Германа Шышкіна, першага навуковага кіраўніка Андрэя Богуша.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Русаковіч працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута фізікі АН БССР. З 1979-га распачаў працу ў г. Дубна Расійскай Федэрацыі. Напачатку інжынерам, пасля — старэйшым інжынерам, навуковым супрацоўнікам Лабараторыі ядзерных праблем у Аб’яднаным інстытуце ядзерных даследаванняў. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі — намеснікам дырэктара па навуковай рабоце. У 1993-м абараніў доктарскую дысертацыю і з гэтага часу 10 гадоў працаваў дырэктарам Лабараторыі ядзерных праблем. Мабыць, за ўсю гісторыю АІЯД гэта быў першы выпадак, калі на пасаду дырэктара лабараторыі быў абраны вучоны ў такім “раннім”, саракагадовым узросце. На цяперашні час Мікалай Арцём’евіч займае пасаду галоўнага вучонага сакратара АІЯД,  выкладае ў Вучэбна-навуковым цэнтры АІЯД і  кіруе кафедрай “Фізічныя метады ў прыкладных даследаваннях і медыцыне” факультэта эксперыментальнай і тэарэтычнай фізікі МІФІ.

Сваімі даследаваннямі Мікалай Арцём’евіч унёс вялікі ўклад у стварэнне буйнога магнітнага спектрометра ГИПЕРОН, на якім атрымаў цікавыя навуковыя вынікі. Сярод іх першарадную важнасць мае выяўленне і даследаванне новай з’явы ў фізіцы моцных узаемадзеянняў — так званай каляровай празрыстасці ядраў. Пры садзейнічанні Русаковіча ажыццяўляецца шырокая праграма даследаванняў па фізіцы часціц на паскаральніках найбуйнейшых навуковых цэнтраў (CERN, FNAL, BNL, PSI).  Пры яго ўдзеле і пад яго кіраўніцтвам распрацаваны шэраг новых тэхналогій. Шырокім фронтам вядуцца медыка-бiялагiчныя даследаваннi на фазатроне, пашыраецца праграма прымянення пучкоў цяжкіх зараджаных часціц для лячэння анкалагічных захворванняў. З 1995 года Русаковіч узначаліў работу па стварэнні новага ўнікальнага шматмэтавага дэтэктара АТLАS, які будзе ўсталяваны на пучку Вялікага адроннага калайдара. Як адзначае наш зямляк, гэта найбольш значная праца ў яго жыцці, якая вядзецца паспяхова і павінна прынесці новыя навуковыя адкрыцці.

За вялікі ўклад у развіццё навукі і шматгадовую плённую дзейнасць Мікалай Арцём’евіч Указам прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ўзнагароджаны ордэнам “За заслугі перад Айчынай” 2-й ступені.

Галіна ІВУЦЬ,
метадыст Інстытута культуры Беларусі

 

←Президент Беларуси Александр Лукашенко вручил государственные награды заслуженным людям страны

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика