На рэкорд
14 ліпеня, у Дзень моладзі на "Славянскім базары ў Віцебску", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай канфедэрацыі майстроў гіравога спорту Анатоль Яжоў плануе ўстанавіць новы сусветны рэкорд Кнігі рэкордаў Гінэса ў намінацыі "жым лежачы дзвюх гір па 22 кілаграмы папераменна на працягу адной хвіліны".
Упершыню ў Беларусі будзе зроблена спроба ўстанавіць сусветны рэкорд у гэтай намінацыі, паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы Віцебскага гарвыканкама. 65-гадоваму спартсмену неабходна падняць гіры 140 разоў за 1 хвіліну.
Фіксаваць новы рэкорд у Віцебску будуць спартыўны камісар, прадстаўнік Кнігі рэкордаў Гінэса Джэк Брокбэнк, суддзя міжнароднай катэгорыі па гіравым спорце Уладзімір Садакоў (Архангельск, Расія), суддзя па гіравым спорце, чэмпіён свету і Еўропы, Саюзнай дзяржавы сярод майстроў Уладзімір Каташук (Віцебск, Беларусь). Акрамя суддзяў, у месцы ўстанаўлення рэкорда павінны прысутнічаць перакладчык, два фатографы або відэааператары. Вынік будзе адлюстраваны на спецыяльным электронным табло.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.