Грамадскія аб'яднанні занялі 61,2% месцаў у акруговых камісіях
9 ліпеня прайшло фарміраванне акруговых выбарчых камісій. Мікалай Лазавік, сакратар Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, расказаў учора пра вынікі і далейшыя дзеянні ЦВК.
Партыі былі больш актыўнымі, чым мінулы раз
Усяго сфарміравана 110 акруговых выбарчых камісій. "У гэтую выбарчую кампанію значна ўзрасло прадстаўніцтва палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. На мінулых выбарах ад грамадскіх аб'яднанняў было толькі 35,5% (цяпер — 61,2%). Да таго ж на гэтых выбарах зусім няма прадстаўнікоў ад органаў, якія фарміруюць акруговыя камісіі. У іх цяпер няма такога права", — падкрэсліў Мікалай Лазавік. Удзел апазіцыйных палітычных партый таксама больш высокі, чым у мінулыя выбары. У 2008-м ад агульнай колькасці акруговых камісій апазіцыйныя прадстаўнікі складалі 1,96%, цяпер — 3,43%.
Колькі каго ў камісіях?
Ад грамадскіх аб'яднанняў усяго быў уключаны 661 чалавек — 46,2%. У тым ліку: "Белая Русь" — 106 (7,4%), БРСМ — 86 (6%), Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў — 82 (5,7%), Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі — 206 (14,4%), іншыя грамадскія аб'яднанні — 181 (12,7%). Ад грамадзян — 409 чалавек (28,6%). Ад працоўных калектываў — 146 (10,2%). Ад грамадскіх аб'яднанняў усяго 875 (61,2%), сярод якіх ад палітычных партый — 214 (15%).
Ці можна будзе праводзіць пікетаванне?
"Пікеты па зборы подпісаў можна будзе арганізоўваць нават без узгаднення з мясцовымі ўладамі, якія толькі вызначылі месцы, дзе праводзіць пікеты забаронена, — заявіў Мікалай Лазавік. — Напрыклад, у Мінску нельга будзе пікетаваць на чатырох плошчах (Кастрычніцкай, Незалежнасці, Перамогі і Прывакзальнай), каля адміністрацыйных будынкаў і некаторых іншых месцаў".
Ці шмат будзе гасцей на выбарах?
Сакратар ЦВК сцвярджае, што прыедзе шмат назіральнікаў з розных краін і арганізацый. У першую чаргу — з дзяржаў СНД. Аднак Мікалаю Лазавіку хацелася б некаторых запрошаных гасцей і не бачыць: "Я ўнутрана не згодны з рашэннем кіраўніцтва нашай краіны аб тым, што запрасілі місію АБСЕ. Але як законапаслухмяны грамадзянін я буду выконваць гэтыя патрабаванні, каб забяспечыць годныя ўмовы працы ўсіх місій, якія будуць. Рэч у тым, што я зняверыўся ў аб'ектыўнасці заключэнняў, якія рыхтуюцца місіяй АБСЕ".
Як пройдуць тэледэбаты?
"Тэледэбаты будуць праводзіцца ў запісы, — расказаў прадстаўнік ЦВК. — Аднак ніякай афіцыйнай цэнзуры не будзе. Проста выступленні павінны будуць адпавядаць закону аб СМІ. Таму, калі будуць прысутнічаць нейкія парушэнні, то за іх будзе адказваць рэдакцыя, а значыць будзе толькі мінімальная рэдактура са згоды ўдзельнікаў".
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ