Сяргей КАНАШЫЦ: "Аляксандр Мядзведзь — гэта наша ўсё!"
Сапраўдны спорт — занятак мужных, адданых людзей. Ён доўга не трымае пры сабе махляроў і на гістарычную авансцэну выпускае людзей моцных не толькі целам, але і духам. Наш славуты суайчыннік, трохразовы алімпійскі чэмпіён па вольнай барацьбе Аляксандр Мядзведзь з той пароды людзей, якіх не прыбіла пасляваеннае дзяцінства, а, наадварот, — загартавала. Ён рана зразумеў, што цяжкая праца, якая і стане меркай тваіх дасягненняў, — і ёсць жыццё, напоўненае потам, шчасцем, радасцю і горам. Што казаць, калі вядомасць Мядзведзя, якому хутка споўніцца 75, і праз доўгія гады не знікае, не ператвараецца ў попел. А гэта і ёсць паказчык запатрабаванасці. Таму не дзіўна, што ў выдавецтве "Мастацкая літаратура", у серыі "Жыццё знакамітых людзей Беларусі", выйшла аўтабіяграфічная кніга Мядзведзя "Усё жыццё — барацьба". У напісанні гэтай сапраўды патрэбнай працы Аляксандру Васільевічу актыўна дапамагаў вядомы спартыўны журналіст газеты "СБ. Беларусь сегодня" Сяргей Канашыц, з якім і пагутарыў карэспандэнт "Звязды".
— Сяргей Пятровіч, пытанне звычайнае, але неабходнае. З чаго пачалося ваша супрацоўніцтва з Мядзведзем?
— Яшчэ Сяргей Даўлатаў казаў, што любы журналіст марыць напісаць кнігу. Гэтая кніга крыху не ў тым разуменні, якое меў на ўвазе Даўлатаў. Кніга для журналіста — чарговы этап, як званне для спартсмена. Таму, калі год таму мне патэлефанаваў Аляксандр Васільевіч і прапанаваў дапамагчы напісаць кнігу да юбілея (сабраць думкі ў кулак, літаратурна іх аформіць), я з радасцю згадзіўся. Праўда, для мяне падобная праца была новай, яна запатрабавала шмат часу, высілкаў, гутарак. Пасля яшчэ ўсё апрацоўвалі, доўга вычытвалі, удакладнялі, падбіралі здымкі. У выніку атрымаўся нават вельмі нядрэнны, якасны прадукт. І мне прыемна, што гэта першая мемуарная кніга з серыі "ЖЗЛБ". Мяркую, што яна будзе карысная і цікавая шырокаму колу чытачоў проста таму, што Мядзведзь — чалавек цудоўнага лёсу, ужо не кажучы пра тое, што ён выдатны спартсмен сучаснасці. У кнізе ёсць філасофская нітачка. Чалавек, які пражыў багатае, насычанае жыццё і падышоў да адрэзка ў 75 гадоў проста не можа не насіць яе ў сабе. У кнізе ёсць і філасофскія разважанні, і парады маладым. Але гэта таксама проста займальнае чытво.
— Цікава, а калі вы ўпершыню пазнаёміліся з Мядзведзем?
— Любы чалавек, які цікавіцца спортам, не можа не ведаць пра яго. Мядзведзь — гэта наша ўсё! Я пазнаёміўся з Аляксандрам Васільевічам напрыканцы 90-х, калі рабіў з ім інтэрв'ю для аўтамабільнай газеты. Ён, калі не памыляюся, ездзіў на "Пежо", распавядаў пра тое, як у яго ўкралі "Волгу" і шмат чаго іншага. Пасля мы з ім доўга не кантактавалі, і таму для мяне яго прапанова стала нечаканасцю.
— Мяркую, што любы савецкі хлопчык марыў не проста ўбачыць Мядзведзя, але і пастаяць з ім, а тым больш паціснуць руку.
— Безумоўна. Ведаеш, часам хочацца падысці да старадаўняга магутнага дуба, абняць, насыціцца яго энергіяй. Так і з Мядзведзем. Толькі любая чалавечая далонь маленькая ў параўнанні з далонню Мядзведзя. І калі яна патанае ў яго руцэ, думаеш, што да цябе пераходзіць яго энергія, веды.
— І прозвішча ў яго сапраўды гаваркое. Усе на фоне Аляксандра Васільевіча нават зараз выглядаюць маленькімі, невялічкімі.
— У яго дома шмат таго, што звязана з мядзведзямі, пачынаючы з фотаздымкаў. Яму можна не толькі свой музей адкрываць, але і музей мядзведзяў. Ён, між іншым, паляўнічы. Праўда, на мядзведзя паляваў толькі аднойчы ў жыцці. Мядзведзь заваліў мядзведзя, але сказаў, што на сабрата паляваць больш не будзе. Гісторыя сапраўды крывавая і таксама ўзгадваецца ў гэтай кнізе.
— Дарэчы, стыль аповеду. У напісанні тэксту вы не здраджвалі свайму журналісцкаму "Я"? Імкнуліся пісаць так, як і артыкулы?
— Не, тут крыху іншая спецыфіка. Трэба было ўлезці ў скуру Мядзведзя. І гэта было складана. Зразумела, ён чалавек досыць адкрыты, апавядаў усё шчыра, але жыццёвага досведу ў яго больш. І бачыў, і перанёс ён выпрабаванняў таксама больш за мяне. Я паспрабаваў паглядзець на жыццё вачамі Мядзведзя, апавядаючы літаратурнай, лірычнай мовай. Пры гэтым, безумоўна, імкнуўся захаваць яго інтанацыю, пасылы.
— Вы працавалі з чалавекам сапраўды выдатным. Ці прысутнічала хваляванне за тое, што можа не спадабацца Аляксандру Васільевічу?
— У яго былі заўвагі, але яны былі, хутчэй, фактычныя. Там, дзе я даваў сабе волю, адыходзіў ад фактуры ў бок перабольшання, ён крыху падпраўляў. Аднак работа была цікавая, а за яе заўжды бярэшся з энтузіязмам.
— Аляксандр Мядзведзь з таго пакалення, якое не спяшалася мець уласны аўтапарк і не гуляла ў начных клубах. Па вялікім рахунку, кніга падобна на навучанне маладым?
— Цалкам. На ўласным прыкладзе ён збіраецца навучыць маладых. Толькі не кажа, як трэба жыць, а спадзяецца, што яны самі зразумеюць яго досвед. У яго было суровае дзяцінства, жорсткае юнацтва, але чалавек мае характар, які і зрабіў яго тым, кім ён стаў. Прыродная адоранасць у яго вялікая, але кожны з нас, ты і я, можа дасягнуць таго, чаго хоча. Галоўнае паставіць мэту, ісці да яе. І будзеш там, дзе хочаш.
— Дарэчы, вы самі даволі шмат пішыце пра барацьбу. Ці ёсць у Беларусі "медзведзяняты"?
— Ёсць, але "Мядзведзяў" няма. Часы змяніліся. Цяпер камп'ютары, урбанізацыя ўплываюць на чалавека. А вось Аляксандр Мядзведзь свой час бавіў каля рэчкі, калоў дровы. Так, нялёгка, але ў нас змяніліся ўмовы для трэніровак, адкрываюць адмысловыя цэнтры барацьбы. Пры жаданні ўсё магчыма — барацьба ў нас развіваецца. І на месцы былога кінатэатра "Вільнюс" хутка павінны адкрыць цэнтр барацьбы імя Аляксандра Мядзведзя з шыкоўнымі ўмовамі для заняткаў. Можа, і там выгадуюць падобнага чэмпіёна. Але не будзем спісваць з рахункаў Алімпіяду. Магчыма, Аляксей Шэмараў, які ў мінулым годзе стаў чэмпіёнам свету ў цяжкай вагавой катэгорыі, хоць аднойчы паўторыць подзвіг Мядзведзя, які тройчы перамагаў на Алімпіядзе.
Тарас ШЧЫРЫ.