У Беларусі ў свабодным продажы з'явіўся "газ весялосці"
30.06.2012 12:08
—
Новости Общества
У Беларусі ў свабодным продажы з’явіўся "газ весялосці"
Газ прадаецца ў такіх капсулах |
Апісанне разлічана на моладзь: "Прынясі з сабой, здзіві сяброў". І ўсякія вясёлыя карцінкі побач: маўляў, мы супраць алкаголю і наркотыкаў, мы за газ.
Прадаўцы яўна ўсведамляюць двухсэнсоўнасць сваёй прадукцыі, бо падкрэсліваюць, што "вяселячы газ — гэта легальны і бяспечны сродак падняць сабе настрой". Ці сапраўды легальны? І ці сапраўды бяспечны?
Прадавец пазіцыянуе газ як харчовы дадатак — маўляў, выкарыстоўваецца ў харчовай прамысловасці. Пры гэтым рэкламуе газ у якасці замены алкаголю. Маўляў, у кампаніях дастаткова падыхаць газам для весялосці. Прадавец нібыта папярэджвае, што пры ўжыванні разам з алкаголем могуць узнікнуць галюцынацыі. Але ці такая засцярога не становіцца своесаблівым чырвоным сцяжком для прыцягвання таксікаманаў?!
"Мы выкарыстоўваем чыстую сумесь, якая класіфікуецца як харчовы прадукт. "Ап’яняльны" эфект тлумачыцца павышаным утрыманнем у сумесі кіслароду. Пабочных дзеянняў вяселячага газу не выяўлена…" — бадзёра тлумачыць прадавец. І заўважае, што для выкарыстання газу ў медыцыне ў якасці прэпарата для наркозу трэба мець медыцынскую ліцэнзію. А для продажу ў невялікіх балонах ён завозіцца пад выглядам харчовых дадаткаў.
У харчовай прамысловасці закіс азоту сапраўды выкарыстоўваецца. Ён зарэгістраваны Міністэрствам гандлю ў якасці харчовага дадатку Е942 як прапелент і ўпаковачны газ.
Гэта значыць, што выкарыстоўваецца ў сумесі з іншымі кампанентамі, з дапамогай якіх у аэразольных балонах ствараецца залішні ціск, што прыводзіць да распылення вадкасці. Тады ўзнікае пытанне, ці можна лічыць дапушчальным выкарыстанне газу не па прызначэнні.
А што медыкі? Галоўны доктар аддзялення анестэзіі і рэанімацыі 2-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Дзмітрый Капліч катэгарычны: "Гэта небяспечны сродак! Пры перадазіроўцы можа наступіць спыненне дыхання".
Ён супраць любога немедыцынскага выкарыстання закісу азоту нават у невялікіх дозах.
"Якія мінімальныя дозы?! Гэта прэпарат для наркозу. Ён не павінен быць у свабодным продажы. Ён павінен выкарыстоўвацца ў медустановах і толькі спецыялістамі, якія маюць да гэтага допуск. Так, у мінімальнай канцэнтрацыі ён можа выклікаць пад’ём настрою. А крыху больш — выклікае галюцыноз і спыненне дыхання".
Дзе гарантыі, што дурныя падлеткі для большага эфекту не захочуць скарыстацца дзясяткам такіх балончыкаў?
Капліч запэўнівае, што "праблемы могуць узнікнуць і без ужывання алкаголю. Закіс азоту ў свабодным продажы — нонсэнс! Гэта тое самае, што ЛСД дазволіць", — катэгарычна кажа ён.
Нягледзячы на ўсе засцярогі медыкаў, ва Упараўленні наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі УУС Мінаблвыканкама патлумачылі, што ў Беларусі гэты сродак не ўнесены ў спіс забароненых. Але не выключаюць, што пад выглядам закісу азоту могуць распаўсюджваць і сапраўды наркатычныя сродкі. Толькі выявіць гэтага без адмысловай экспертызы нельга. Трэба заўважыць, што наш зварот праваахоўнікі сустрэлі без энтузіязму. Хоць сітуацыя ж падазроная. Чалавек, здавалася б, прадае легальны прадукт. Але сам штурхае людзей, юнакоў, каб яго выкарыстоўвалі не па прызначэнні.
Заканадаўства не забараняе, хоць медыкі супраць. І сам здаровы сэнс пратэстуе. Ці не нагода гэта для змены заканадаўства і для праверкі спрытных бізнэсоўцаў?
Удыханне закісу азоту выклікае гіпаксію — гэта значыць стан кіслароднага галадання — як усяго арганізма ў цэлым, так і асобных органаў. Найбольш адчувальныя да кіслароднай недастатковасці — цэнтральная нервовая сістэма, сэрца, ныркі, печань. Анестэзіёлагі цяпер ужо практычна не карыстаюцца гэтым рэчывам: яно таннае, але шкоднае. Нават пасля ўдыхання ў малых дозах пасля яго баліць галава.
Рэдакцыя гатовая прадаставіць праваахоўным органам кантакты асобы, якая займаецца продажам закісу азоту.
"Можам дамовіцца на дылерскіх умовах"
Мы патэлефанавалі на адзін з указаных на сайце тэлефонных нумароў. Адказаў малады чалавек.
"НН": Я наконт газу. Колькі балончыкаў трэба на аднаго чалавека (цана 10 балончыкаў — 350 тыс.)?
Прадавец: На вечар у ідэале было б 4. Мне, напрыклад, пасля двух-трох больш не хочацца. Пасля аднаго балончыка вы адчуеце канкрэтнае пачуццё эйфарыі хвіліны тры. Добры настрой доўжыцца ў кагосьці 5—10 хвілін, а ў некага і дзве гадзіны.
"НН": Чым больш балончыкаў, тым лепш?
П: Другі раз больш "накрывае". Гэта цяжка выказаць — трэба спрабаваць.
"НН": Адкуль яго завозяць?
П: Балончыкі аўстрыйскія.
"НН": На сайце вы напісалі, што ўсё легальна. Праблем сапраўды не будзе?
П: Так. Гэта харчовы дадатак.
"НН": І нічога, што не па прызначэнні выкарыстоўваецца?
П: Не. У Расіі, Еўропе гэта ўжо даўно.
"НН": Гэта ў іх, а ў нас усё па-іншаму…
П: Мы б ніколі не адчынялі такі сайт, каб гэта было нелегальна. За такія рэчы яшчэ і сесці — надта шмат у нашай краіне за гэта даюць… Калі надумаеце па колькасці, можам дамовіцца на дылерскіх умовах.