Экслібрыс "Звязды"

Источник материала:  
Уцёкі ў дзяцінства

"Закаханы ў Снягурку". Укладальнік А.С. Масла.

Апавяданні, казкі, мініяцюры. "Мастацкая літаратура", 2012.

Неаспрэчны яшчэ дзесяць гадоў таму тэзіс пра нераспрацаванасць сучаснай дзіцячай літаратуры сёння паціху страчвае сваю актуальнасць. Дзіцячая літаратура цяпер на шляху да росквіту, пра што сведчыць і заснаванне выдавецтвам "Мастацкая літаратура" серыі "Маладзік". Вядома, гэта асабістая ініцыятыва пісьменніцы-казачніцы Алены Масла, але гэтая прапанова, відавочна, стала водгукам на аб'ектыўныя патрэбы беларускай культурнай прасторы.

Экслібрыс "Звязды"Калі пісьменнік перастаў быць заканадаўцам мод, калі ён перастаў быць аўтарытэтам, калі літаратура перастала вучыць жыццю, бо аўтары самі апынуліся ў разгубленасці, "дарослая" літаратура сутыкнулася з крызісам самарэфлексіі.

Пісьменнікі ўсімі намаганнямі пазбягалі неабходнасці асэнсоўваць актуальнае жыццё сваіх сучаснікаў (натуральна, былі выключэнні, якія толькі падсвечвалі новую тэндэнцыю). Літаратура паступова дрэйфавала ў сферу забаў: калі я не магу навучыць вас — я магу вас забаўляць, нібыта казалі пісьменнікі.

У часы, калі ў творчым асяродку пануе разгубленасць ці то ад грамадска-сацыяльных змен, ці то ад страты былога статусу, ці то ад усвядомленай катастрафічнасці быцця (як гэта было пасля вайны), ёсць кампраміс — магчымасць перайсці ў іншую вагавую катэгорыю — у пераклады, дзіцячую літаратуру. Зрэшты, ці мала тэм, дзе можна схавацца ад жыцця?

У зборнік "Закаханы ў Снягурку" Алена Масла сабрала аўтараў і тэксты, якія ствараюць досыць рэпрэзентатыўную карціну беларускай літаратуры, не толькі дзіцячай. У кнізе прадстаўлены 23 пісьменнікі некалькіх пакаленняў, якія прапаноўваюць — і гэта важна — розныя жыццёвыя стратэгіі.

Падлеткам жыццё здаецца шалёна цяжкім: любы канфлікт эскалуецца да апакаліпсісу, любая дробная крыўда траўмуе нібыта назаўсёды. Герой-падлетак пакутуе ад комплексу Гары Потэра: я слабы, я не ўмею вырашаць праблемы, з якімі сутыкае мяне жыццё, але ў мяне ёсць чароўная палачка (творы Г. Аўласенкі, Р. Баравіковай, С. Мінскевіча). У тэкстах абмінаецца ўсё тое, што датычыць пабудовы кар'еры, рэцэптаў сацыяльнага поспеху тут і цяпер: і героі, альбо гнаныя комплексам Папялушкі, атрымліваюць усё гатовае (В. Кустава), альбо адчайна прагнуць звычайнага шчасця, якое заключаецца не ў матэрыяльных дабротах, а ва ўменні боўтаць нагамі і здзьмуваць за адзін раз белую шапачку з дзьмухаўца (А. Мальчэўская), альбо ўлюбляюцца ў Снягурку, якая ніколі не адкажа ўзаемнасцю: гарантаванае няшчаснае каханне (В. Шніп).

Можна пайсці іншым шляхам — і прызнаць неадольную наяўнасць рэчаіснасці: ёсць законы, маральныя ці юрыдычныя, па якіх мы мусім жыць. І гэта не значыць змірыцца і зламацца, наадварот, гэта значыць не губляць свае сілы марна, на тое, што немагчыма змяніць, творы аптымістычныя, жыццесцвярджальныя незалежна ад фіналу (В. Гапееў, С. Вераціла, Л. Дрожжа, Ю. Нераток, Г. Пшонік, Л. Рублеўская, П. Сіняўскі, Ф. Сіўко, А. Бязлепкіна, А. Бензярук).

Цікава, што ўсе маладыя аўтары зборніка пазбеглі сваёй сучаснасці і перанеслі ўсю актуальнасць твораў у ідэйны пласт. Гэта ў нечым вымушаны крок, бо ва ўмовах "халоднай вайны" тэхналогій так лёгка стаць несучасным: адышлі ў нябыт магнітафонныя касеты, танец шэйк, штапельныя спадніцы і курс долара ў 2000 беларускіх рублёў.

Некаторыя тэксты могуць мець выразны псіхатэрапеўтычны эфект, вучаць выжываць у жорсткім свеце падлеткаў (В. Гапееў), іншыя напісаны так, каб і дарослыя знайшлі там цікавае ці прачыталі твор інакш, не так, як моладзь (А. Федарэнка, М. Аляшкевіч, А. Масла, А. Наварыч). Свет людзей у творах дапаўняецца светам звяроў і фантастычных істот (Л. Сільнова), вось толькі негуманныя ўчынкі hоmо sаріеns часта прыводзяць да смяротных наступстваў (Р. Бензярук, А. Масла, А. Кавалеўскі).

У кнізе шмат фантастыкі, першага няўмелага кахання, жорсткасці і дабрыні. Шмат самога жыцця. А чаргаванне фантастычна-эскейпічнага і побытава-будзённага (дзякуй укладальніцы) стварае галоўнае пасланне кнігі: жыць не страшна.

Кніга прадстаўлена Домам кнігі "Светач" (г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11).

Аксана БЯЗЛЕПКІНА

←Григорий Кисель:

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика