Закупкі дзяржарганізацый стануць больш празрыстымі

Источник материала:  

Дзяржарганізацыі з 3 ліпеня будуць ажыццяўляць закупкі за кошт уласных сродкаў больш празрыста і адкрыта — у гэты дзень набывае моц Пастанова Саўміна № 229 ад 15 сакавіка 2012 года "Аб удасканаленні адносін у галіне закупак тавараў (работ, паслуг) за кошт уласных сродкаў". Уладзімір ХЛАБАРДОЎ, начальнік юрыдычнага ўпраўлення Мінэканомікі, расказаў журналістам пра новыя правілы:

— Аналагічныя дакументы былі і раней, але навацыя гэтага дакумента заключаецца ў тым, што ўрад не падрабязна рэгулюе апісанне працэдур, а вызначае пэўныя рамкі і закладвае два асноўныя прынцыпы — публічнасць і празрыстасць. Такі падыход, у адрозненне ад педантычнага рэгулявання, з аднаго боку, сумяшчае пэўную свабоду і ўлічвае галіновыя асаблівасці, з другога — падкрэслівае адказнасць кіраўнікоў прадпрыемстваў. Бо адкрытасць дазваляе дастаткова вялікаму колу асоб (не кажучы ўжо аб праваахоўных органах) займацца так званым грамадскім кантролем у рэжыме анлайн.

Публічнасць будзе забяспечвацца, па-першае, праз распрацоўку зяржпрадпрыемствамі парадку ажыццяўлення закупак і размяшчэннем гэтага парадку ў інтэрнэце. А па-другое, там жа яны абавязаны публікаваць непасрэдна аб'явы пра закупкі, а таксама звесткі пра ўжо заключаныя дагаворы. Пляцоўкай для такой інфармацыі стане сайт Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн, але дзяржаўныя прадпрыемствы па ўласным жаданні змогуць дадаткова размяшчаць звесткі і на іншых сайтах і парталах, а таксама публікаваць у СМІ. Доступ да аб'яў пра закупкі за ўласныя сродкі будзе адкрытым і абсалютна свабодным.

Важна адзначыць, што не ўсе закупкі трапляюць пад апісаны вышэй парадак, а толькі тыя, якія перавышаюць суму ў 1000 базавых велічынь. Гэта зроблена для таго, каб залішне не бюракратызаваць дробныя закупкі і не ствараць перашкоды для бягучай дзейнасці суб'екта гаспадарання. Таму, лічыць Уладзімір Хлабардоў, казаць пра тое, што новы парадак ускладніць жыццё дзяржпрадпрыемствам, не даводзіцца. Чаму менавіта 1000 базавых велічынь, бо гэта даволі вялікая сума? Як патлумачыў начальнік юрыдычнага ўпраўлення, прадпрыемствы розныя — ёсць гіганты, а ёсць малыя. Таму 1000 базавых велічынь — гэта абавязковая мяжа, але калі прадпрыемства захоча вызначыць больш нізкі парог для сябе — калі ласка, ніякіх пытанняў няма. Гэта толькі вітаецца, бо будзе дэманстраваць празрыстасць і адкрытасць.

Што тычыцца адказнасці кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў за парушэнне парадку закупак, то, як адзначыў Уладзімір Хлабардоў, асобнага артыкула ў Крымінальным кодэксе няма, але ён нагадаў, што там ёсць раздзел "Злачынствы супраць інтарэсаў службы" з артыкуламі 424-428: пачынаючы ад злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і абавязкамі і да службовай халатнасці. Таксама, па яго словах, зараз разглядаецца пытанне і аб унясенні адказнасці за парушэнне патрабаванняў да ажыццяўлення закупак за кошт уласных сродкаў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Асобна Уладзімір Хлабардоў дадаў, што дзейнасць Пастановы Саўміна № 229 распаўсюджваецца на закупкі, якія ажыццяўляюць за кошт уласных сродкаў РУПы, дзяржорганы, дзяржаўныя аб'яднанні, іншыя юрыдычныя асобы, маёмасць якіх знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасці, а таксама гаспадарчыя таварыствы з дзярждоляй, большай за 25%. На прыватны бізнэс дзеянне гэтага нарматыўнага дакумента не распаўсюджваецца: фірмы і далей будуць самастойна, у адпаведнасці з грамадзянскім кодэксам, ажыццяўляць выбар пастаўшчыкоў і партнёраў. Але прадпрымальнікі атрымаюць станоўчы момант: яны змогуць убачыць усе закупкі дзяржаўных прадпрыемстваў у адным месцы і, магчыма, паўдзельнічаць у конкурсных працэдурах.

Павел БЕРАСНЕЎ.

←Григорий Кисель:

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика