ПАД КРЫЛАМІ «БЕРАГІНІ»
Сёмы раз у раённым цэнтры Акцябрскім прайшоў Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва "Берагіня", арганізатарамі якога сталі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Гомельскі аблвыканкам, Акцябрскі райвыканкам, Гомельскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, Нацыянальная камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, грамадскае аб'яднанне "Беларускі фонд культуры". Інфармацыйным спонсарам фестывалю зноў стала газета "Звязда".
Чытачы "Звязды" амаль кожны дзень маюць магчымасць знаёміцца з рэпартажамі пра захаванне і развіццё фальклорнага мастацтва ў розных рэгіёнах Беларусі. Раз у два гады мы паведамляем пра самую яскравую падзею — фестываль "Берагіня", які збірае разам лепшых выканаўцаў народных побытавых танцаў, музыкі, песень, майстроў мастацкіх промыслаў і рамёстваў.
Вось і сёлета ў маляўнічы куток Усходняга Палесся з'ехалася больш за 800 беларускіх аматараў фальклорнага мастацтва, а таксама запрошаных калектываў з Расіі і Украіны. Жыхары Акцябрскага чакалі і рупліва падрыхтаваліся да гэтага свята: па-святочнаму ўпрыгожылі вуліцы, гарадскі сквер, будынак Цэнтра вольнага часу, новую летнюю сцэну. Месца для святочнай імпрэзы хапала — было дзе паказаць свае таленты ўдзельнікам Рэспубліканскага конкурсу пар-выканаўцаў побытавых танцаў, турніру дзіцячых фальклорных калектываў, канцэртам замежных гасцей і аўтэнтычных гуртоў.
Пад цяністымі шатамі старога скверу прайшлі конкурсы на лепшыя вырабы з саломы, лазы. Былі вызначаны лепшыя майстры ткацтва і вышывання. Асаблівую ўвагу прыцягнулі праведзеныя ўпершыню дэфіле-прэзентацыі народных касцюмаў.
Пра тое, як у розных рэгіёнах Беларусі захоўваецца і перадаецца спадчыннае фальклорнае мастацтва, засведчыла выстава праектаў "Традыцыйная культура і дзеці". Прадстаўленыя тут матэрыялы з усіх абласцей, Мінска, Акцябрскага раёна яшчэ раз зацвердзілі, што фестываль "Берагіня" па праве мае неафіцыйную назву "Эксклюзіў у цэнтры Еўропы". Унікальнасць яго — у базавым прынцыпе этнапедагогікі, выхаванні падрастаючага пакалення сродкамі традыцыйнага народнага мастацтва.
У ліку сёлетніх лаўрэатаў — кобрынскі ансамбль "Таўкачыкі", клічаўскі гурт "Купалачка", хойніцкі ансамбль "Верасок", вясейскі калектыў "Вясейка". Дыпломы першай ступені падзялілі фальклорныя калектывы "Смаргонскія гарэзы" (Гродзенская вобл.) і "Праменьчыкі" з г.п. Акцябрскі (Гомельская вобл.).
Асобным відовішчам сёлетняга фальклорнага фэсту стала свята "Рудабельскае Купалле". Спачатку каля галоўнай сцэны дзяўчаты завівалі вянкі, спявалі, хлопцы ігралі на гармоніках. Потым разам з жыхарамі Акцябрскага шматсоценнай калонай рушылі да шырокага лугу на ўскраіну. Прастора запоўнілася мноствам карагодаў, прыцемкі асвятліліся вогнішчамі, паплылі купальскія песні...
Трынаццаць гадоў таму адбыўся першы фестываль "Берагіня". З цягам часу ён усё больш уражвае сваёй шматграннасцю, здольнасцю даносіць да сучаснікаў прыгажосць назапашанай продкамі творчасці. Сёлетняя дзея даказала, што гэтая спадчына ўзмацняецца новымі талентамі.
Яўген Пясецкі. Фота аўтара.
Ад рэдакцыі: дзве фотавыставы "Берагіня" на звяздоўскіх фотаздымках" працавалі ў Акцябрскім падчас фестывалю. Уся гэтая калекцыя занатаваных імгненняў засталася ў раённай карціннай галерэі.