Сімвалы мясцовыя — капітал дзяржаўны
Любоў да Радзімы можа ісці ад гонару за герб роднай вёскі
Дзяржаўныя герб і флаг — агульнапрынятыя атрыбуты дзяржаўнасці, якія шырока выкарыстоўваюцца як у паўсядзённым грамадскім жыцці супольнасці, так і ў дыпламатычных і іншых адносінах паміж дзяржавамі. Яны — важнейшы элемент патрыятычнай еднасці грамадзян. Але да афіцыйных геральдычных сімвалаў адносяцца ў тым ліку і гербы і сцягі адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак. І калі зірнуць на іх з пункту погляду папулярызацыі, малюнак, у адрозненне ад вышэйназванага прыкладу, будзе некалькі іншым. Мала толькі заснаваць ці аднавіць гістарычныя герб і сцяг — напрыклад, раённага горада. У ідэале яны павінны існаваць не толькі намінальна і на прадстаўнічым узроўні, але і ўвайсці ў жыццё практычна — у выглядзе самай разнастайнай прадукцыі з выявамі герба ці сцяга. Гэта — міжнародная практыка: афіцыйныя геральдычныя сімвалы павінны быць вядомымі і зразумелымі кожнаму насельніку пэўнай мясцовасці, аб'ядноўваць людзей на глебе агульнай гісторыі і культуры. Тэма нашай сённяшняй гутаркі — якраз папулярызацыя тэрытарыяльных гербаў і сцягаў. У гасцях "Звязды" — наш даўні кансультант — галоўны спецыяліст дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі, сакратар Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук Марына ЕЛІНСКАЯ.
Даведка
Кіраўнік дзяржавы падпісаў 21 указ аб заснаванні афіцыйных геральдычных сімвалаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь, тым самым надаўшы афіцыйны статус яшчэ 100 гербам у параўнанні з 2002 годам, калі быў утвораны Геральдычны савет пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Зараз у краіне налічваецца 197 гербоў абласцей, раёнаў, гарадоў, гарадскіх пасёлкаў і вёсак, у тым ліку: па Мінску — 1, па Брэсцкай вобласці — 43, па Віцебскай — 42, па Гомельскай — 32, па Гродзенскай — 28, па Мінскай — 29, па Магілёўскай вобласці — 22, а таксама 160 сцягоў.
Кніга — лепшы "праваднік"
— Насамрэч ёсць некалькі кірункаў папулярызацыі сучаснай афіцыйнай геральдыкі. Напрыклад, праз публікацыйную дзейнасць. Аддзеламі па архівах і справаводстве шэрагу аблвыканкамаў сумесна з зацікаўленымі бакамі падрыхтаваны і ўбачылі свет за апошнія гады гербоўнік "Геральдычны вянок Віцебшчыны", зборнік "Геральдычныя сімвалы Магілёўшчыны", брашура "Геральдыка Гродзенскай вобласці". Дэпартаментам па архівах і справаводстве Мінюста падрыхтавана і літаральна днямі ўбачыць свет кніга "Сучасная геральдыка Беларусі". У ёй прадстаўлены матэрыял пра ўсе заснаваныя сімвалы адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак краіны, расказваецца пра стварэнне кожнага герба і сцяга ў яго гістарычнай рэтраспектыве. Гэта пашыранае і дапоўненае выданне "Гербаў і сцягоў Беларусі", што выйшла ў 2006 годзе, — гаворыць Марына Міхайлаўна, аўтар — нароўні з Уладзімірам Адамушкам — абедзвюх вышэйназваных кніг.
Літаратура, прысвечаная асобным населеным пунктам, як правіла, ілюструецца адпаведным гербам. Напрыклад, у рэкламна-інфармацыйным праспекце "Клімавіцкі раён" прысутнічае "Залатая пчала ў блакітным полі". Яна паўсюдна ўвайшла ў інтэрпрэтаваным выглядзе ў жыццё мясцовых жыхароў: размешчана на фасадах адміністрацыйных будынкаў, у службовых кабінетах, упрыгожвае гарадскія паркі і скверы. У 1996 годзе на клімавіцкай зямлі нарадзіўся фестываль "Залатая пчолка", на якім дэманструюць свае таленты юныя музыканты і мастакі. Пазней ён стаў міжнародным. Эмблема гэтага свята і яго галоўны персанаж — жоўта-чорная пчолка.
— Эталонныя адлюстраванні гістарычных і сучасных гербоў беларускіх гарадоў былі перададзены ўсім буйнейшым выдавецтвам краіны для іх далейшай публікацыі ў розных выданнях. Так, выдавецтву "Пачатковая школа" былі перададзены адлюстраванні ўсіх афіцыйна заснаваных гербоў для выкарыстання іх у кнігах "Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі першакласніку", якія ўручаюцца дзецям, што ідуць у школу, і "Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь", што ўручаюцца юнакам і дзяўчатам пры атрыманні імі пашпартоў.
Выставы "крочаць" па гарадах
Пасля заснавання ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь гербоў і сцягоў адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак у аддзелах па архівах і справаводстве аблвыканкамаў праводзіцца работа па выкарыстанні іх як важнага атрыбута мясцовай улады і значных у ідэалагічных адносінах візуальных вобразаў.
— Актыўна ў гэтым кірунку працуюць у Брэсцкай, Віцебскай і Гомельскай абласцях, — адзначае Марына Елінская. — Напрыклад, на Віцебшчыне была арганізавана выстава геральдычных сімвалаў. Цягам некалькіх апошніх гадоў яна па чарзе прайшла ў Віцебскай абласной бібліятэцы, потым у цэнтральнай гарадской бібліятэцы ім. Скарыны ў Полацку, далей — у цэнтры культуры ў Оршы. Іншымі словамі, у тых гарадах, дзе знаходзяцца дзяржаўныя архівы.
Яшчэ адзін прыклад. У занальным дзяржаўным архіве ў Жлобіне на інфармацыйным стэндзе размешчаны адлюстраванні гербоў і сцягоў гарадоў, што знаходзяцца ў зоне абслугоўвання архіва, з якімі могуць азнаёміцца наведвальнікі. Падобным чынам падкрэсліваецца ўзаемасувязь геральдыкі з архіўнай службай рэгіёна, лічыць суразмоўца.
Вучыць праз зрокавыя вобразы
Найбольш поўную інфармацыю пра гербы і сцягі краіны можна атрымаць на шматлікіх сайтах у інтэрнэце. Вышэйназваная кніга "Гербы і сцягі Беларусі" ў розных варыянтах практычна цалкам віртуальна там прадстаўлена.
Курс "Геральдыка" выкладаецца студэнтам БДУ, Гродзенскага ўніверсітэта, Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
— Найбольш выразнай і запамінальнай формай папулярызацыі тэрытарыяльнай геральдыкі і навучання гісторыі праз зрокавыя вобразы з'яўляецца цыкл анімацыйных фільмаў "Аповесці мінулых гадоў", які быў зняты на кінастудыі "Беларусьфільм" студыяй анімацыйных фільмаў, — кажа Марына Елінская, якая была кансультантам гэтай працы беларускіх кінематаграфістаў. — Кожная серыя мае агульную застаўку, прысвечаную гісторыі ўзнікнення геральдыкі. Далей у яркай форме расказваецца пра шэсць — па адным на кожную вобласць — гістарычных беларускіх гербоў.
Геральдыка ў якасці брэнда
Фарфоравыя вырабы, сувеніры, кнігі, прысвечаныя вобласці ці асобным гарадам, рэкламныя праспекты, плакаты, буклеты, граматы і падзякі з адлюстраваннем афіцыйных геральдычных сімвалаў выпускаюць, напрыклад, ЗАТ "Добрушскі фарфоравы завод", паліграфічныя прадпрыемствы "Сож", "Палесдрук", "Добрушская папяровая фабрыка "Герой працы", ААТ "Труд-Віцебск" і іншыя. Рэалізацыя такой прадукцыі істотна павялічваецца ў дні дзяржаўных свят у месцах масавага адпачынку грамадзян.
Некалькі гадоў таму да святкавання 90-годдзя ўтварэння Гомельскай губерні прадпрыемства "Гомельскае ВА "Крышталь" вырабіла значок з серабра, на якім каляровай эмаллю быў адлюстраваны герб Гомельскай вобласці.
Гербы выкарыстоўваюцца ў якасці элементаў дэкору пры ўездах у гарады. Тэрыторыі многіх раёнаў на ўязных трасах абазначаны спецыяльнымі стэламі з выкарыстаннем адпаведных гербоў. У выніку на дарогах вялікай працягласці перад тымі, хто па іх едзе, адкрываецца своеасаблівая галерэя геральдычных сімвалаў.
Геральдычныя сімвалы ўсё часцей сустракаюцца ў гарадскіх ландшафтах, становяцца часткай малых архітэктурных формаў, выкарыстоўваюцца пры афармленні будынкаў, збудаванняў, гандлёвых вітрын, гарадскога грамадскага транспарту.
— Падчас урачыстых сустрэч, пры правядзенні афіцыйных, культурна-асветніцкіх і спартыўных мерапрыемстваў праз сімволіку папулярызуецца гістарычная і культурная спадчына Беларусі, — гаворыць Марына Міхайлаўна.
Сувенірам не хапае разнастайнасці
Як бачым, формаў і метадаў па папулярызацыі тэрытарыяльнай геральдыкі дастаткова. Галоўнае, каб яны былі задзейнічаны, працавалі. Напрыклад, узяць звычайную сувенірную прадукцыю.
— Скажам, на паліцах крам Мінска яна прадстаўлена ў даволі шырокім асартыменце, што, з аднаго боку, вельмі добра, — разважае Марына Елінская. — З іншага боку, на мой погляд, бракуе разнастайнасць. Сувенірная прадукцыя, якую мы пераважна бачым, — некалькі лубочная, з выкарыстаннем, напрыклад, псеўдабеларускага арнаменту. Часам усё выглядае занадта ярка, страката. А калекцыйных рэчаў — няма. На гэта звяртаюць увагу мае калегі, калі прыязджаюць у нашу сталіцу. А можна ж было б вырабляць сувенірную прадукцыю з адлюстраваннем афіцыйных геральдычных сімвалаў з якасных матэрыялаў. Упэўнена, што добра разыходзіліся б як сярод турыстаў, так і нашых суайчыннікаў невялікія медалі з металу ў гонар Мінска. Яшчэ гэта магла б быць чаканка. Словам, тут ёсць над чым папрацаваць.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Дарэчы
Дзе вы сустракалі сімволіку сваёй мясцовасці? Дзе б яшчэ хацелі пабачыць?
Аляксандр АБРАМОВІЧ, кіраўнік аддзялення "Белаграпрамбанка", г. Нясвіж:
— Як вы самі ведаеце, у Нясвіжы вельмі актыўна выкарыстоўваюцца такая сімволіка. Гэта і герб горада — арол у залатым полі (яго выява ёсць, напрыклад, на стэле пры ўездзе), і радзівілаўскі герб, які таксама можна сустрэць паўсюдна. Усё гэта — наша гісторыя, таму вельмі важна паважаць і падтрымліваць яе па максімуме. На сувенірных радах каля касцёла прадаецца вельмі шмат прадукцыі, на якой сустракаюцца геральдычныя сімвалы: талеркі, кубкі і інш. У нас зараз вялікая плынь турыстаў, у тым ліку і замежнікаў, таму, думаю, трэба не толькі больш актыўна прасоўваць такую сувенірную прадукцыю, але і пашыраць асартымент, дадаваць нешта новенькае. Каб той, хто наведаў наш горад, змог набыць на памяць адмысловую рэч з сімволікай горада.
Святлана КУЛЬША, санітарка дзіцячай абласной клінічнай бальніцы, вёска Слабада Лагойскага раёна:
— На ўездзе ў Лагойск стаіць памятны знак — з датай (колькі гадоў гораду) і выявай герба. На старонках раённай газеты прысутнічае афіцыйная геральдычная сімволіка. А ў астатнім, падаецца, пахваліцца асабліва няма чым. Гады са два таму, калі я яшчэ працавала ў сістэме гандлю, ездзілі ў Хатынь. Многія падыходзілі, хацелі набыць нешта памятнае пра Хатынь, пра сам раён. На жаль, прапанаваць мы нічога не маглі. Нядаўна таксама чула, як у краме пыталіся магніцік з выявай сімволікі або краявідаў раёна. Нічым пакупніцкі попыт задаволіць не змаглі. А шкада, бо лічу, што той жа магніцік мог бы быць неблагім сувенірам. Не кажучы ўжо пра іншую прадукцыю такога кшталту — з драўніны, саломкі, гліны. Каб і самому хацелася такі сувенір дома на стале паставіць, і падарыць знаёмым на памяць.
Наталля ПАЛЯКОВА, галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Полацкага райвыканкама:
— Мне вельмі пашчасціла, што я жыву ў Полацку — духоўным і культурным цэнтры нашай краіны. І тут толькі невідушчы не заўважыць, наколькі шырока выкарыстоўваюцца геральдычныя сімвалы. Яны прысутнічаюць на фасадах адміністрацыйных будынкаў, гандлёвых прадпрыемстваў, на фасадах усіх дзіцячых садкоў і школ. Гэта і паліграфічная прадукцыя — напрыклад, буклеты да дня горада. Калі гаварыць пра сродкі масавай інфармацыі, найперш гэта "Полацкі веснік". Нават на сшытках бачу выяву герба горада. Але самы мой любімы сувенір, дзе таксама прысутнічае герб Полацка, — сертыфікат пра наведванне цэнтра Еўропы. Ён вельмі падабаецца і мне, і маім знаёмым, блізкім, калі яны наведваюць наш горад. Вядома, нам пашчасціла, што ў нас такая гісторыя. У ідэале ж хацелася б каб кожны горад, мястэчка маглі так жа ганарыцца сваёй мінуўшчынай, у тым ліку і праз геральдычныя сімвалы.
Мікалай ІВАНОЎ, пенсіянер, вёска Зелянец Карэліцкага раёна:
— Кожны раён павінен мець не толькі герб і сцяг, але і гімн. Сам я родам са Слаўгарадскага раёна, дык дагэтуль памятаю радкі з таго гімна. А яго тэкст можна было б нанесці на які адмысловы сувенір — напрыклад, вымпел. А калі гаварыць пра сімволіку... Бачыў сцягі ў райцэнтры — і на фасадах будынкаў, і падчас святкаванняў. Нейкая сувенірная прадукцыя асабліва ў рукі да мяне не трапляла. Скажам, дарыў жонцы і ўнуку на розныя святы фарфоравы посуд — кубкі з іх імёнамі. Гандлююць такімі вырабамі прыватнікі. А можна было б на наборы посуду наносіць і сімволіку мясцовасці. Яшчэ цукеркі ў каробках сустракаюцца з пазначэннем імён. Таксама прастора для дзейнасці.
Падрыхтаваў Сяргей РАСОЛЬКА