На ЦТ па беларускай мове — 7 стабальных вынікаў
Учора сталі вядомыя першыя вынікі цэнтралізаванага тэсціравання 2012 года. Як расказаў журналісту "Звязды" дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай Фяськоў, сярод удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай і рускай мове аказалася 26 стабальных вынікаў: на ЦТ па рускай мове 100 балаў набралі 19 яго ўдзельнікаў, а на ЦТ па беларускай мове — 7 чалавек.
Нагадаем, што летась да максімальнага выніку ў 100 балаў здолелі дацягнуцца 5 удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове і 7 удзельнікаў ЦТ па рускай мове.
Безумоўна, многіх цікавіць, а колькі ж чалавек не здолелі перасягнуць вызначаны 7-бальны парог? Сярод абітурыентаў, якія здавалі беларускую мову, такіх аказалася 2,65 %, а сярод абітурыентаў, якія здавалі тэст па рускай мове, — 3,67%. Да таго ж тры абітурыенты на ЦТ па рускай мове ўмудрыліся ўвогуле набраць за сваю работу 0 балаў. На ЦТ па беларускай мове нулявы вынік прадэманстраваў усяго адзін чалавек.
Надзея НІКАЛАЕВА