Сталіцу на Дзень Незалежнасці чакае "абноўлены" салют
Святочны феерверк пачнецца ў 23 гадзіны і ў Мінску будзе весціся з 6 агнявых пазіцый. Працягнецца ён 10 хвілін. Арганізатары абяцаюць, што мінчане пабачаць новыя залпы, якія да гэтага не прымяняліся.
Падзеі сталічнага маштабу, прымеркаваныя да Дня Незалежнасці, пачнуцца 28 чэрвеня з адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў памяць мастака Міхаіла Савіцкага. Дошка будзе ўсталявана на доме па вуліцы Беламорскай, дзе жыў мастак.Таксама чакаецца адкрыццё каля Палаца спорту кірмашу-выставы народных рамёстваў, які пройдзе 30 чэрвеня і 1 ліпеня. 3 ліпеня на той жа пляцоўцы плануецца канцэрт.
Праграма асноўных мерапрыемстваў застаецца традыцыйнай: ускладанне вянкоў, парад, выкананне Дзяржаўнага гімна, кірмашы і канцэрты, галоўны з якіх — каля стэлы "Мінск — горад-герой". У гэтым годзе, па словах першага намесніка міністра культуры Уладзіміра Карачэўскага, ён будзе "ў фармаце моладзевага шоу з агульнай ідэяй "Моладзь віншуе Беларусь". Акрамя выступленняў артыстаў, плануюцца відэавіншаванні са знакавых месцаў краіны — з Нясвіжа, Маладзечна, Брэста. У месцах масавага святкавання Дня Незалежнасці магчымы дадатковыя пункты пропуску.
— Усё будзе вельмі строга, — адзначыў першы намеснік міністра падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры, — таму, каб своечасова паспець на святкаванне, варта прыйсці загадзя. Праўда, зараз ёсць такая інфармацыя, што магчыма ўвядзенне дадатковых пунктаў пропуску, каб не прымушаць людзей доўга чакаць.
Ганна ГАРУСТОВІЧ.