Чаго хочуць альшанцы
Жыхары вёскі Альшаны Столінскага раёна даўно набылі вядомасць у краіне як шчырыя працаўнікі, адданыя сваім сем'ям і роднай мясціне. Усяго хапае ў Альшанах. Не хапае толькі зямлі, каб кожны мог далей развіваць уласную гаспадарку так, як ён хоча. Гэтая тэма становіцца галоўнай на ўсіх сустрэчах з прадстаўнікамі ўлады — ад мясцовых чыноўнікаў да кіраўніцтва краіны. Пра гэта — нашы пытанні старшыні Столінскага раённага выканаўчага камітэта Рыгору ПРАТАСАВІЦКАМУ.
— Калі зямля на Століншчыне галоўная каштоўнасць, можа, настаў час увесці дадатковы падатак на зямлю?
— Вырашэнне такіх пытанняў — у кампетэнцыі заканадаўцы. А я не стаў бы спяшацца з прапановамі ў гэтым кірунку. Альшанскія гаспадары плацяць падаткі ў адпаведнасці з дзейнымі ў краіне законамі. Акрамя таго, павялічваючы таваразварот многіх арганізацый, яны ў пэўным сэнсе плацяць ускосны падатак. Патлумачу больш падрабязна. І для пачатку — рытарычнае пытанне: калі дзве альбо тры тысячы чалавек, якія забяспечваюць сваіх родных працай ва ўласных цяпліцах, сёння пакінулі б гэты занятак і сталі патрабаваць работу, мы іх забяспечылі б працоўнымі месцамі? Не. Таму да гэтых людзей трэба ставіцца з асаблівай павагай і ўвагай. Яны маюць вялікія сем'і. Паводле даўняй вясковай традыцыі, бацькі будуюць дамы кожнаму з дзяцей. А калі ў сям'і пяць, а то і дзесяць дзяцей — значыць, будуецца дзесяць дамоў. Для гэтага трэба купіць будаўнічыя матэрыялы, потым аддзелачныя, мэблю, бытавую тэхніку. За грошы, заробленыя ў цяпліцах, набываюцца адзенне, прадукты, прадметы ўжытку. Усё пералічанае — гэта даходы нашых гандлёвых арганізацый і падаткі ў казну. Прыкладна 80% агародніны, вырашчанай на гэтай зямлі, ідзе за межы краіны, што аўтаматычна цягне за сабой прыток валюты. Таксама станоўчы момант.
Таму да пастаўленага вамі пытання варта аднесціся вельмі ўважліва: трэба спачатку ўсё пралічыць, узважыць, каб не прымаць рашэнняў, якія з часам давялося б пераглядаць.
— На ўсіх узроўнях гаварылася, што адным са шляхоў вырашэння "зямельнага пытання" можа стаць пераезд альшанцаў на новыя месцы. Чаму ж тутэйшых людзей так цяжка зрушыць з месца?
— Каб зрушыць іх, як вы кажаце, з месца, трэба змяніць свядомасць. А яна мае рэлігійны ўплыў, фарміравалася многімі дзясяцігоддзямі. Напрыклад, у 1986 годзе альшанская абшчына Хрысціян веры Евангельскай была самая вялікая ў Савецкім Саюзе. Гэта пры тым, што тагачасная ўлада іх усяляк уціскала. А цяпер, калі вернікі атрымалі сапраўдную свабоду веравызнання, яны ўзвялі свой малітоўны дом, што па колькасці месцаў перавышае раённы Дом культуры. Яны не п'юць, узорна працуюць. Іх абшчына — найбольшая ў Беларусі. Камфортна ж яны адчуваюць сябе толькі ў асяродку аднадумцаў і адзінаверцаў. Альшанцы — людзі асаблівага менталітэту, іх вёска — як асобная краіна. Таму да іх нельга падыходзіць са звычайнымі меркамі.
— Ці ўкладвае дзяржава сродкі ў развіццё інфраструктуры Альшанаў з іх 7-тысячным насельніцтвам?
— Укладвае, і не малыя. Летась увялі ў строй новую школу. Заасфальтавана крыху больш за 10 кіламетраў дарог. Вядзецца газіфікацыя другой паловы вёскі... Увогуле, за апошнія чатыры гады на добраўпарадкаванне аграгарадка Альшаны пайшло 72 мільярды рублёў бюджэтных сродкаў.
Гаспадары сядзіб, якіх у гэтай вёсцы дзве з паловай тысячы, самі праводзілі — ускладчыну — ямачны рамонт дарогі, цяпер арганізоўваюць кааператывы па газіфікацыі і водазабеспячэнні сваіх дамоў. Гэта той выпадак, калі рэзервы па пашырэнні грамадскага ўдзелу ў агульным дабрабыце ёсць.
Святлана ЯСКЕВІЧ