"Бедныя ўрачы і бедныя пацыенты"
У нумары "Звязды" за 16 чэрвеня быў надрукаваны артыкул Надзеі Нікалаевай "Абараніць і падстрахаваць урача. На карысць пацыента", які актыўна абмяркоўваўся ў інтэрнэт-прасторы. Цытуем адны з самых цікавых меркаванняў наконт узнятых у інтэрв'ю са старшынёй Беларускай асацыяцыі ўрачоў праблем.
@ Максімыч:
...Страхавацца ўрач будзе за свае грошы? А асацыяцыя ўрачоў — атрымліваць працэнт з дагавораў са страхавымі кампаніямі? Таму асацыяцыя і прапіхвае гэты праект. На самой справе страхаваць сваю адказнасць павінны працадаўцы ў асобе ўстаноў аховы здароўя.
@ Vіshеnkа_09:
Камеры патрэбныя ў кожным кабінеце. Можа, пацыенты ў гэтым выпадку пачнуць думаць, перш чым сказаць. Наконт заробкаў: каб зарабіць 4 мільёны, трэба працаваць не менш, чым на 1,5 стаўкі, практычна без выхадных.
@ Асаd.vаl:
Згодны, камеры трэба паставіць. Хоць бы для таго, каб канфліктаў было менш. А то адзін неадэкватны пацыент раззлуе ўрача, а той потым на ўсіх іншых хворых "адрываецца".
@ Аlіsоnfеlіх:
Камера дысцыплінуе абодва бакі, бо здараецца, што і хворыя церпяць ад вострага языка ўрачоў. Кажуць, што, калі ўстанавілі камеры на мытні, крымінальныя праявы там зменшыліся. І ў савецкія часы ўрачы працавалі на 1,5 стаўкі — інакш не выжыць. Відаць, такі ў нас лёс.
@ Dr.уаshkа:
Між іншым, правіла "ёсць скарга — трэба пакараць" працуе па-ранейшаму. І нікога не цікавіць, што скарга неабгрунтаваная. Заканадаўча ўрачы па-ранейшаму не абароненыя.
@ Аlіsоnfеlіх:
Пакаранні на неабгрунтаваныя скаргі мала адрозніваюцца ад пакарання за істотныя правіннасці, звязаныя з жыццём чалавека.
@ Vіtіgеr:
Хопіць ужо стагнаць на тэму "бедныя ўрачы". Гэта ўжо даўно не так і вядома кожнаму пацыенту, які мае няшчасце наведваць паліклініку або бальніцу. Там на самым бачным месцы інфармацыйнага стэнда са спасылкай на арт.546 Грамадзянскага кодэкса РБ недвухсэнсоўна ўказваецца мінімальны памер хабару: "Не дапускаецца дарэнне, за выключэннем звычайных падарункаў, кошт якіх не перавышае ўстаноўлены заканадаўствам пяціразовы памер базавай велічыні:....2) работнікам лячэбных, выхаваўчых устаноў, устаноў сацыяльнай абароны і іншых аналагічных устаноў — грамадзянамі, якія знаходзяцца ў іх на лячэнні, утрыманні ці выхаванні, мужам, жонкай і сваякамі гэтых грамадзян". А ў клініцы рэальнага лячэння не атрымаеш, пакуль на руку не дасі...
@ Роllі10584:
Сапраўды, прыносяць шакаладкі, цукеркі, але ж я іх у пацыентаў не вымагаю...
@ Аlіsоnfеlіх:
У нас вечная цякучка, да хірурга і гінеколага не трапіць. Спецыялісты працуюць на 1,5 стаўкі. За 11 гадзін прыёму прымаюць больш як сотню хворых. Паспрабуйце проста павітацца і развітацца з такой колькасцю людзей. Бедныя ўрачы, бедныя хворыя.
З пункту погляду пацыента, безумоўна, мне не патрэбны замучаны доктар. А з пункту погляду ўрача — урач павінен мець права выбіраць, якую колькасць гадзін яму ўзяць звыш стаўкі. У нас жа, у сувязі з дэфіцытам кадраў, адміністрацыя задзейнічае ўсе свае каральныя рэсурсы, каб прымусіць маладога спецыяліста працаваць па такім варварскім графіку.
@ Tulре80:
Можна было б падаць добры прыклад маладым спецыялістам і самому добраахвотна паехаць працаваць урачом куды-небудзь далей, гадоў на пяць.
@ Vvlеvсh:
Добра ў мяккім крэсле з добрай зарплатай разважаць, як трэба жыць маладым спецыялістам.
@ Zdr.fеd:
Калі яшчэ 5 гадоў адпрацоўваць прыйдзецца, то падрыхтую сабе ўцёкі яшчэ перад інтэрнатурай.
@ Капітан Беларусь:
У сферы медыцыны тэрмінова патрэбная канкурэнцыя. А ва ўрача, асабліва ў "вузкіх" спецыялістаў павінна быць хоць нейкая альтэрнатыва ў рабоце, акрамя змены прафесіі ў корані.
@ 2478:
"Не даць перарасці вострай паталогіі ў хранічную". А пазбавіць (вылечыць) пацыента ад вострай паталогіі галоўны ўрач паліклінікі не спрабаваў? Іншымі словамі, "мы не вылечым, мы створым такія ўмовы лячэння, пры якіх вы будзеце звяртацца да нас з зайздроснай рэгулярнасцю".
@ Nаdіn-mоnrо:
Адкуль такая лічба наведванняў паліклінік? Я не сустракаў ні аднаго знаёмага, які б ахвотна хадзіў у паліклініку. Гэтая лічба, відаць па ўсім, набягае за кошт уколаў, а не наведванняў урачоў. Аб абразах: настаўнікаў не толькі абражаюць, але і б'юць, і яны не вешаюць на дзвярах сваіх класаў падобныя папярэджванні. Гэта проста смешна.
@ Аlіsоnfеlіх:
Знаёмыя розныя бываюць: хто і неахвотна ідзе, а хто раз у тыдзень абавязкова адзначыцца. Паліклініка як вулей. Добра, што вы туды рэдка ходзіце. Так трымаць!
@ Kоt.і.k:
З-за таго, што ў бабуль няма клубаў па інтарэсах, я што, павінен буду выстаяць яшчэ адну чаргу, каб аплаціць сваё наведванне?
Падрыхтавала Надзея НІКАЛАЕВА.