Ура! Канікулы!
Бераг Плешчаніцкага вадасховішча сабраў самых таленавітых, мэтанакіраваных і мужных дзяўчат і хлопцаў Міншчыны.
Там нядаўна завяршыў сваю працу чарговы, ужо дзявяты па ліку абласны палявы лагер "Юны выратавальнік", а таксама злёт Мінскага абласнога аддзялення Беларускай моладзевай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных. 22 каманды прынялі ўдзел у цікавых і карысных конкурсах — бег па бервяне, што знаходзіцца ў вадзе, воднае манеўраванне, тарзанка, кіданне выратавальнага круга, аказанне даўрачэбнай дапамогі і іншыя. Удзельнікі злёту прадэманстравалі навыкі выжывання і ўменне арыентавацца ў незнаёмай мясцовасці. А яшчэ за чатыры дні падлеткі паспелі і пасябраваць, бо зорнае неба і песні каля вогнішча запомняцца надоўга. Прынамсі, да наступнага года, калі будзе разбіты чарговы палявы лагер.
Марына БЕГУНКОВА, фота аўтара.
Лагойскі раён.