«Як людзі жыць і Бога не гнявіць»

Источник материала:  
ПРАЎДА, зараз Юлія Віктараўна ХАЦКЕВІЧ жыве пад Мінскам у дачкі Надзеі, бо адной спраўляцца ў такім веку ўжо цяжка. А нарадзілася і ўсё сталае жыццё пражыла на Віцебшчыне, дзе доўгі час працавала ў асабістай гаспадарцы, потым — у калгасе.

— Гора і працы я зведала нямала, — успамінае доўгажыхарка. — Гадавалася не пры маці, а ў сям’і сястры, дапамагала ёй гадаваць дзетак. З маленства цяжка і многа працавала.

Вялікая Айчынная вайна, якая не абмінула амаль кожную беларускую сям’ю, прынесла пакутную вестку і ў іх хату. Юлія Віктараўна ўспамінае, як атрымала яна пахавальнае пісьмо на мужа. І якой жа радасцю і неспадзяванкай сталася для сям’і яго вяртанне з фронту!

Асновай яе доўгага веку Юлія Хацкевіч лічыць, кажучы сучасная мовай, генетычныя задаткі: яе матуля пражыла на свеце сто дзесяць гадоў. Дзіўна, але і свякроўка Юліі Віктараўны памерла на сто шостым годзе жыцця.

— Ніколі не піла, не курыла, дабра людзям жадала — гэта таксама паспрыяла таму, што зажылася на гэтым свеце, — распавядае мне Юлія Віктараўна. — Ды і праца дапамагала. Каб вы ведалі, колькі я посцілак і ручнікоў выткала, колькі кудзелі спрала, — не на адну сям’ю хопіць!

А сям’я ў бабулі Юлі вялікая: выгадавала яна чацвярых дзяцей, мае чатырох унукаў і семярых праўнукаў.

— Матуля наша яшчэ малайчына, — кажа дачка Надзея, якая зараз песціць матуліну старасць. — Сама сябе даглядае. І памяць у яе выдатная, вось толькі слых падводзіць ды ногі дрэнна ходзяць. Таму на вуліцу ўжо не выходзіць, на балкон толькі. Але па-ранейшаму яна сумуе па родных абсягах, па любай вёсцы Кадлубішча на Віцебшчыне.

Развітваючыся, я спытаў у доўгажыхаркі, якія парады яна дасць сённяшняй моладзі. Бабуля з усмешкай зірнула на мяне:

— Жыць як людзі, Бога не гнявіць. А жыццё, колькі б гадоў ні прайшло, усё роўна здаецца кароткім.

Мікалай ВАЛЫНЕЦ, “БН”

Фота аўтара

←Акцию протеста устроили литовские пограничники

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика