Мужчыну больш складана перажыць крызісную сітуацыю, чым жанчыне
Такую выснову зрабілі эксперты, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Рэсурсны цэнтр Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі.
На думку псіхолага Уладзіміра Каляды, гэта звязана з асаблівасцямі мыслення. Як правіла, мужчына мысліць абстрактна і бачыць сітуацыю ў цэлым, жанчына ж мысліць канкрэтна і звяртае ўвагу на дэталі. Таму жанчыне лягчэй пераадолець цяжкі перыяд: яна бачыць мноства дэталяў і зможа пераключыцца на адну з іх. Таму, напрыклад, мужчына перажывае наступствы разводу 2-3 гады, а жанчына — ад паўгода да года, што можа паўплываць на здароўе і душэўны стан.
Псіхолаг Уладзімір Каляда ўпэўнены, што для мужчын не характэрна клапаціцца аб сабе. "Уся ўвага мужчыны накіравана на сацыяльныя адносіны, — гаворыць Уладзімір Каляда. — У жанчыны ўвага накіравана на саму сябе, на свае пачуцці. Таму жанчына заўсёды будзе звяртаць увагу на адчуванні, на сваё здароўе, у адрозненне ад мужчын".
Прадстаўнікі моцнага полу рэдка гавораць аб сваіх перажываннях. Так, мужчынам асабліва цяжка прызнацца ў сімптомах дэпрэсіі, паколькі яны бачаць у яе праявах прыкметы слабасці, а слабасць для моцнага полу лічыцца недапушчальнай. Пры гэтым прычын для дэпрэсіі ў мужчын не менш, а часам і больш, чым у жанчын. Традыцыйнае грамадства прапануе мужчыну пэўны жыццёвы шлях — працаваць, рабіць кар'еру, зарабляць грошы. Калі мужчына не дабіваецца поспеху ў гэтым напрамку, то адчувае сябе нерэалізаваным.
"Мужчына мэтанакіравана ідзе на стварэнне або на разбурэнне, але не на стабілізацыю, як гэта робіць жанчына, — лічыць Уладзімір Каляда. — І калі ў мужчыны не атрымліваецца ствараць, калі ён не можа рэалізаваць сябе ў грамадстве, то выбірае разбуральны шлях. Адсюль — шкодныя прывычкі і рызыкоўныя паводзіны, псіхічныя расстройствы і высокі ўзровень суіцыдаў".
Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), паказчыкі курэння сярод мужчын у 10 разоў перавышаюць аналагічныя паказчыкі сярод жанчын. У Беларусі сітуацыя падобная на агульнасусветную: распаўсюджанасць курэння складае 54 працэнты сярод мужчын і толькі 6 працэнтаў — сярод жанчын. У алкагалізму і наркаманіі таксама мужчынскі твар. Так, у Беларусі сярод хворых на алкагалізм жанчын у некалькі разоў менш, чым мужчын.
У Беларусі смяротнасць ад самагубстваў сярод мужчын устойліва перавышае аналагічны паказчык сярод жанчын больш як у 5 разоў. Акрамя таго, мужчыны ў 3,6 раза часцей паміраюць ад няшчасных выпадкаў, атручэнняў і траўмаў (і тут прамая сувязь з ужываннем алкаголю), амаль у 3 разы — ад хвароб органаў дыхання (што часцей за ўсё звязана з курэннем) і псіхічных расстройстваў.
Жанчыны жывуць даўжэй за мужчын ва ўсім свеце (у сярэднім на 6-8 гадоў, паводле даных СААЗ). У Беларусі чаканая працягласць жыцця для жанчын складае 76 гадоў, для мужчын — усяго 65. Пры гэтым мужчыны даўжэй працуюць. У нашай краіне пенсійны ўзрост для мужчын складае 60 гадоў, для жанчын — 55. Такім ён быў устаноўлены 80 гадоў таму ў Савецкім Саюзе на аснове вывучэння працаздольнасці грамадзян (абследаванняў рабочых, якія выходзяць на пенсію па інваліднасці). Норма не пераглядалася, хоць характар і ўмовы працы змяніліся, працягласць жыцця павялічылася і старасць сёння надыходзіць пазней, чым у даваенны час.
"Розніца ў працягласці жыцця абумоўлена высокай смяротнасцю мужчын працаздольнага ўзросту, — адзначыла каардынатар праграм ЮНФПА ў Беларусі Таццяна Гаплічнік. — У асобных узроставых групах працаздольнага насельніцтва ўзровень смяротнасці сярод мужчын у 4 разы вышэйшы, чым сярод жанчын. Таму працягласць жыцця 65 гадоў не азначае, што мужчыны жывуць на пенсіі толькі пяць гадоў. Наадварот, калі мужчына дасягнуў пенсійнага ўзросту, то ў яго высокія шанцы пражыць доўгае жыццё".
Акрамя таго, трэба ўлічыць, што чаканая працягласць жыцця ў 2011 годзе — гэта прагноз для тых, хто ў гэтым годзе нарадзіўся. Больш дакладны разлік можна зрабіць на падставе даных аб узросце дажыцця для сённяшніх пенсіянераў. Гэты паказчык адрозніваецца ў залежнасці ад полу, але разрыў не такі значны. Згодна з Еўрапейскай табліцай дэмаграфічных даных 2010 года, перспектыўны ўзрост, або ўзрост дажыцця, для 65-гадовых беларускіх мужчын складае 11,7 года. Іх равесніц чакае ў сярэднім яшчэ 16,6 года.