Факты
Беларускі празаік Алена Брава, аўтар пакуль што адзінай кнігі "Каменданцкі час для ластавак", у апошні час становіцца вядомай і чытачам Расіі. Яе празаічныя творы размешчаны ў інтэрнэт-прасторы на рускай мове. Аповесць "Дараванне" надрукавана ў часопісе "Сибирские огни". Іншыя творы прыняты да разгляду часопісамі "Новый мир" і "Дружба народов". Пісьменніца адзначана расійскім літаратурным медалём імя Канстанціна Сіманава. Апошняя навіна — Алена Брава за аповесць "Дараванне", прысвечаную Другой сусветнай вайне, намініравана на расійскую літаратурную прэмію "Ясная Поляна". Пакуль што твор беларускага аўтара ўвайшоў у доўгі спіс. Наперадзе — спаборніцтва.
Дарэчы, лаўрэатамі прэміі "Ясная Поляна" ў мінулыя гады былі такія аўтарытэтныя расійскія празаікі, як Юрый Мамлееў, Ірына Мамаева, Наталля Ключарова, Дзмітрый Шэвараў, Міхаіл Таркоўскі.
Мікола Берлеж.

На здымку: Радавыя 103-й брыгады Віталь Кашынскі і Дзмітрый Грыб прымаюць віншаванне з прыняцем прысягі ад намесніка начальніка 307-й школы маёра Віталя Высоцкага.
Галаграфічны ВіцебскВыстава галаграм аж з 14 краін свету (Беларусі, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Ізраіля, Ірана, Канады, Літвы і іншых краін) абяцае выклікаць фурор і ўразіць наведвальнікаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Цікава, што ў свеце існуе ўсяго каля дзесяці галаграфічных студый, адна з якіх знаходзіцца ў Беларусі. Гэты факт і дазволіў сабраць унікальную экспазіцыю.
Міжнародная выстава мастацкіх галаграм "Галаграфія-2012. Віцебск" будзе працаваць да другой паловы жніўня. На ёй прадставяць звыш пяцідзесяці мастацкіх галаграм. Увосень мінулага года выстава "Галаграфія-2011. Мінск" з велізарным поспехам прайшла ў беларускай сталіцы: за няпоўныя тры месяцы яе наведалі больш за 100 тысяч чалавек.
Мастацкая галаграфія — гэта мастацтва новага тысячагоддзя, творчасць на стыку жывапісу, псіхалогіі і фізікі. Яна выклікае вялікую цікавасць у свеце, з'яўляючыся найбольш эфектыўным спосабам адлюстравання аб'ёмных малюнкаў на плоскай паверхні. Апошняе знаходзіць усё большае прымяненне ў мастацтве, рэкламе, музейнай справе, дызайне і архітэктуры, картаграфіі, адукацыі і многіх іншых сферах.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.

На здымку: старшыня Слонімскага райвыканкама Іосіф Паўлюкевіч і іншыя ўдзельнікі семінара.
Выратавала гаспадараНа пажары ў Пінскім раёне жанчына выратавала сужэнца. Мужчына атрымаў апёкі рук і твару.
Выклік у службу МНС паступіў каля 9 гадзін раніцы. Калі першыя падраздзяленні прыбылі на месца — на вуліцу Высокую ў вёсцы Таргошыцы — з драўлянага жылога дома ішоў дым, а гаспадары знаходзіліся на вуліцы. Жыллё, што выкарыстоўвалася пад дачу, належала 54-гадовай жанчыне. Да прыезду пажарных-выратавальнікаў яна выратавала свайго 56-гадовага сужэнца, інваліда першай групы па апорна-рухальным апараце. Мужчыну шпіталізавалі ў Пінскую гарадскую бальніцу з атручэннем прадуктамі гарэння, тэрмічнымі апёкамі рук і твару. У выніку пажару пашкоджана ўнутранае аздабленне дома і маёмасць. Прычыны здарэння высвятляюцца.
Сяргей РАСОЛЬКА.