Гайда! Русалку вядуць!
Правяду русалачку да бору,
А сама, малада, пайду ў камору
Правяду русалачку да грушкі,
А сама пайду у падушкі...
Песня, якую пазнае кожная велікаборская жанчына. І абавязкова падхопіць яе і далучыцца да вялікага гурту. І павядзе разам з усімі русалку за сяло.
— Усе вядуць — і я павяду, — кажа 85-гадовая Яўгенія Харошка і спяшаецца за ўбранымі ў вяночкі жанчынамі і дзецьмі. Яе голас уліваецца ў агульную старадаўнюю песню, якую спяваюць толькі ў русальную нядзелю і толькі ў вёсцы Вялікі Бор:
А нашы хлопцы-рыбалоўцы
Паймалі жабу на балотцы,
Разбілі яе на калодзе.
Яшчэ не разбілі,
А ужо падзялілі...
А галоўнае ў гэтым старажытнейшым паганскім абрадзе — атрымаць асвячоны над вогнішчам кавалак вялікага вянка. Вось і ў гэтую нядзелю, не парушаючы традыцыі, Вялікі Бор удзельнічаў у таінстве гэтага асвячэння.
— У любое іншае свята мае аднавяскоўцы могуць сядзець каля тэлевізараў, але толькі не ў русальную нядзелю, — кажа мастацкі кіраўнік Велікаборскага Цэнтра вольнага часу Жанна Харошка.
Гэтая жыхарка Вялікага Бору яшчэ ў маладыя гады запісала ўсе русальныя песні ад сваёй бабулі, і цяпер ніводны з гэтых шэдэўраў песеннага фальклору Палесся не прападзе, не сыдзе ў нябыт, як сталася гэта з многімі абрадамі і песнямі ў Беларусі. Дарэчы, ваджэнне, альбо праводзіны, русалкі на Палессі па-жывому святкуецца толькі тут, і ў гэтым унікальнасць абраду. Да вялікага гонару жыхароў многіх пакаленняў, традыцыя ніколі не перарывалася. Ну дзе яшчэ пачуеш:
Ой, каціўся па дарозе беленькі каточак,
А у нашага суседа харошы сыночак.
Дзела робіць, касіне не ўвагнецца,
Як убачыць ён дзевачак,
Так і расшыбецца...
Старэйшая жыхарка і знаўца абраду Галіна Харошка (у Вялікім Бары паўвёскі Харошкі) тлумачыць глыбінны сэнс гэтага рэдкага гульнявога абраду:
— Русалку гналі за сяло, каб па вёсцы не хадзіла, шкоды не рабіла, дзяцей на сажалках не тапіла, коням грывы не заплятала і каб жыта не каламуціла.
А на русальным тыдні, які папярэднічаў святу, нельга было купацца ў вадаёмах, капацца ў агародзе і чапаць зямлю. І велікаборцы прытрымліваюцца гэтага павер'я дагэтуль. Нягледзячы, што на двары ХХІ стагоддзе, век тэхналогій і неверагодных разумовых дасягненняў. Ды і няма тых навакольных балот, у якіх вадзіліся некалі гэтыя міфалагічныя істоты, у выніку меліярацыі асушаны Цітаў Брод, Дзям'янаў Брод, Сямёнава грэбля, Маркава копель, Фёдараў пакос, Шчоўб. Але вялікая вера ў цудадзейнасць захавалася.
Раней русалку ў Вялікім Бары вадзілі ў два канцы вёскі, цяпер толькі ў адзін — у Лушчавіны. Распальваюць перад полем вогнішча і, праводзячы вянок над полымем, прыгаворваюць: "Святы агонь, забяры нашы хваробы, а дай нам здароўе і дабрабыт". Гэтыя асвячоныя агнём вянкі гаспадыні ўскладуць на свае агароды і асабліва на градкі з капустаю: каб расла капустачка моцная, добракачанная. І вянкі сапраўды дапамагаюць. Асабліва спрыяе агародніцтву ў Вялікім Бары зеляніна, сарваная з упрыгажэння русалкі. Таму, калі русалка ўцякае ў поле, за ёю гоніцца ўся моладзь і дзятва. Валяць на зямлю і рвуць яе ўбранне на шматкі. А потым усе скачуць праз агонь, каб стаць дужым і каб не балелі ногі.
А ўдзельніцы ваджэння русалкі зноў становяцца ў кола і спяваюць, бо каля вогнішча, па іх словах, спяваецца надзвычай лёгка. Марыя Навуменка, Антаніна Можына, Ганна Сачанка, Ганна Яшына, Антаніна Тальчук, Валянціна Шубянок, Эма Кузьменка і Кашперка Марыя, Жана і Галіна Харошкі ніколі не забываюць пра адну з гэтых песень, бо яна пра свой родны Вялікі Бор:
...Ой, слаўнага сяла адведаці,
Слаўнага сяла Вялікага Бору.
А ў яго выйсці не ўехаці,
А не сокалу ўляцеці
Красівых дзевак паглядзеці...
Позна ўвечары, па завяршэнні абраду, велікаборцы спяшаліся да сваіх падворкаў, каб пакласці на градках цудадзейныя русальныя вяночкі.
А ўдзельнікамі абраду сталі таксама спецыялісты па вывучэнні традыцыйнай культуры — каб ацаніць стан гэтага абраду і вылучыць яго на наданне статусу помніка нематэрыяльнай каштоўнасці.
Анатоль Кляшчук, фота аўтара.
Хойніцкі раён.