Пачастункі ад душы і сэрца
Нідзе так шчыра і гасцінна не сустракаюць незнаёмага чалавека, як у нашых вёсках
то ні кажыце, але ж асабіста я перакананы, што найбольш поўна, шчодра і прывабна адчуваецца душа беларуса ў нашых вёсках. Асабліва ў характары і паводзінах жанчын. І, канешне, найперш чалавечая дабрыня і цяпло, уласцівыя вясковым бабулькам, якіх за ўсё тое, што яны вынеслі і перажылі, як самааддана адпрацавалі на роднай зямлі, можна называць святымі. Колькі вёсак аб’ездзіў я больш чым за паўвека сваёй няспыннай напружанай журналісцкай работы, у колькіх хатах пабываў, з кім толькі ні сустракаўся і ні гутарыў, пра каго ні пісаў — пералічыць проста немагчыма. Але ж сярод маіх шматлікіх журналісцкіх запісаў ёсць многа менавіта такіх — пра вясковых бабулек. Сустрэчы і размовы адбываліся з рознай нагоды, іншы раз па канкрэтнай тэме маёй камандзіроўкі, а то і проста так. Прыеду, напрыклад, у вёску, заходжу ў сельсавет ці праўленне калгаса і бачу тут бабульку, якую прывялі сюды яе клопаты. Мне заўсёды было цікава пагутарыць з ёй пра жыццё-быццё…
«Госцейкі, просім да стала»
Ніколі не сустракаў я ў нашых вёсках скупых жанчын. Шчодрасць і дабрыня ў іх характарах арганічна ўзаемазвязаны. Багацце душы, высакароднасць учынкаў, ветлівасць і гасціннасць, хай нават у хаце і вельмі бедна, — усё гэта трымаецца і сілкуецца іх чалавечай цеплынёй і спагадай. Нездарма ж сказана, што чым больш ты аддаў, тым стаў багацейшы. І як тут не пагадзіцца з Львом Талстым, які сцвярджаў наступнае: дабро, якое ты робіш ад сэрца, ты робіш заўсёды сабе.
У гэтых сваіх нататках прыгадаю некалькі гісторый, у аснове якіх — чалавечая гасціннасць. Больш дакладна — гасціннасць нашых вясковых жанчын. Хай часам небагаты сялянскі стол, зусім простая ежа, але ж запрашэнне да стала, гасцяванне — самыя сардэчныя, без ніякага фальшу. Так ужо павялося ў нас, беларусаў. І ў кожнай сялянскай хаце абавязкова пачуеш: «Госцейкі, просім да стала. Чым багаты, тым і рады».
У вёсцы Перавоз
Паехаў аднойчы ў вёску Перавоз Бярэзінскага раёна. Даведаўся, што тут жыла жанчына незвычайнага лёсу — у вайну, каб трапіць на фронт, Люба Ваўчок прыбавіла да сваіх 17 гадкоў яшчэ адзін, так і прайшла ваенкамат. Праз восем месяцаў Люба закончыла ваеннае вучылішча, атрымала званне лейтэнанта. І тут нечаканасць: яе накіроўваюць у Першую польскую дывізію імя Тадэвуша Касцюшкі. Тут Люба ўжо паручнiк, аўтаматчыца, і першае баявое хрышчэнне — у баях пад беларускай вёскай Леніна.
З баямі ішла Люба па вайне, як і яе франтавыя сяброўкі. І, дзякуй Богу, уцалела. Хаця многіх дзяўчат страціла. Былі ў яе ваенным жыцці падзеі, якія вызначылі далейшы лёс. Вось як здараецца: у баі сустрэла свайго Мікалая, і 14 чэрвеня 1944 года Люба Ваўчок стала Любай Любчык. Маладыя зарэгістраваліся паміж баямі ў сельсавеце вёскі, з якой толькі што выгналі немцаў. Адпаведную даведку Любоў Іванаўна берагла ўсё сваё жыццё як самую дарагую і хвалюючую памяць. У баях за Варшаву яна ўжо камандавала ротай польскіх аўтаматчыц. Аднойчы, ужо пасля вайны, яе баявая сяброўка прыслала здымак з ваеннай кіна-хронікі. Глянула Любоў Іванаўна на фота — во дзіва: гэта ж яна ідзе са сваімі дзяўчатамі па вуліцы толькі што вызваленай польскай сталіцы.
«Ешце грыбочкі…»
…Мы сядзелі з Любоўю Іванаўнай у яе па-вясковаму прасторнай звонкай хаце. «Паглядзіце, колькі ў мяне пісем, — і высыпала на стол цэлы іх стос. — Гэта ж людзі напісалі мне пасля таго, як вы расказалі ў газеце пра нашы баі пад Леніна. Дзякуй вам».
А потым Любоў Іванаўна частавала мяне. Канешне, хвалявалася: госць з Мінска, журналіст, якія тут прапанаваць прысмакі? «Вы чалавек гарадскі, а ў мяне ежа наша, вясковая, простая, — гаварыла. — Мо і не да смаку, так што выбачайце».
І шчодра выставіла на стол смажаную вясковую каўбасу, у місцы — жоўтае, як тое сонца, масла, збітае самой. Ну і далікатэс з далікатэсаў: маладую бульбу і цэлую патэльню смажаных грыбоў.
— Калі любіце грыбочкі, дык ешце ўволю, — прапанавала. — У нашым лесе іх шмат, толькі не лянуйся браць. Тут і баравічкі, і сыраежкі, і лісічкі, і падасінавікі. Сама рыхтавала па сваiм рэцэпце, з прыправамі. Ці падабаюцца? — глядзела на мяне запытальна.
Ну што я мог сказаць? Здаецца, усе эпітэты, якія ў самай высокай меры адпавядаюць паняццю «смак», разам сышліся ў гэтай патэльні. Проста і не ведаў, як найбольш поўна ацаніць такую «простую» вясковую страву. Любоў Іванаўна была вельмі задаволена. І вось жа добрая сялянская душа: не адпусціла мяне з хаты так, а паклала ў мой партфель аж літровую шклянку тых самых смажаных грыбоў.
Забытая даярка
А вось яшчэ такая сустрэча і зусім іншы пачастунак. Беларускі саюз журналістаў даў мне заданне — напісаць пра даярку Марыю Рудко з вёскі Янавічы Клецкага раёна. Калісьці, яшчэ аж у 60-я гады мінулага веку, яна не тое што на ўсю Беларусь, а на агромністы Савецкі Саюз праславілася як адмысловы майстар высокіх надояў. З 1962 года Марыя Сцяпанаўна стала пастаянным удзельнікам ВДНГ СССР. У самую Маскву — падумаць толькі! — вазілі з далёкай беларускай вёскі яе кароў-рэкардыстак, якія за лактацыйны перыяд давалі амаль 9 тысяч кілаграмаў малака. Наведвальнікі той выставы глядзелі на іх, як на цуд.
Шэсць залатых і сярэбраных медалёў галоўнай выставы велізарнай краіны. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, Герой Сацыялістычнай Працы. Шырока вядомая школа Марыі Рудко, якую праходзілі на фермах племзавода «Чырвоная Зорка» многія жывёлаводы з розных куткоў Беларусі, Украіны, РСФСР, — усё гэта і многае іншае прынесла шырокую вядомасць і славу простай беларускай сялянцы.
З цягам часу, на жаль, забыліся пра Марыю Сцяпанаўну, і ёсць тут віна нашага брата-журналіста. Калі я прыехаў да знакамітай даяркі, ёй было 86 гадоў. Яна аж разгубілася. «І што такое здарылася, што да мяне з самага Мінску журналіст завітаў? — спыталася здзіўлена. — Каму я ўжо цяпер патрэбна, старая ды нямоглая, вось дажываю свой век».
Цяжка было разгаварыць Марыю Сцяпанаўну, і прычыны — перанесеная сур’ёзная хвароба, узрост, пэўна ж і асаблівасць яе характару. Не ўмела яна складна распавядаць, і нічога тут не зробіш. І ўсё ж калі ўспамінала свае лепшыя гады на ферме, сваіх, як выразілася сама, «любых каровак», па якіх сумавала і цяпер, — твар жанчыны святлеў, голас мякчэў ад ласкі і дабрыні.
Тры яблыкі
Развітваўся з Марыяй Сцяпанаўнай, а яна неяк сумелася.
— Трэба ж вас пачаставаць, а вось чым, і сама не ведаю, — тлумачыць. — Бачыце, жыву ў кватэры, гаспадаркі ніякай не трымаю, нават у магазін цяжка дабрацца. Дзякуй добрым людзям, і асабліва Таццяне Бусько, сацыяльнаму работніку, яна мне ўсё прыносіць, дбае пра мяне. Зараз нешта пашукаю ў халадзільніку, перакусіце хоць крыху, вы ж госць такі нечаканы, ну і да Мінска яшчэ ехаць…
Канешне, я шчыра падзякаваў Марыi Сцяпанаўне і наадрэз адмовіўся ад гасцявання — зусім не тая сітуацыя. Яна, безумоўна, разумела мяне і адчувала сябе вельмі няёмка.
— Пачакайце, — сказала ўзрадавана. — Мне людзі прынеслі надта прыгожыя яблыкі, вазьміце на дарогу.
Яблыкі былі — вачэй не адарваць: вялікія, румяныя, налітыя сокам і такія свежыя, быццам іх толькі што знялі з дрэў. Марыя Сцяпанаўна кладзе іх у цэлафанавы пакет і проста сілком прымушае мяне ўзяць. Божа мой, дык старая жанчына аддае мне той пачастунак, які сама атрымала ад людзей! Я аднекваюся — дарэмна. Каб не пакрыўдзіць гаспадыню, бяру тры яблыкі. Прывёз дамоў, з жонкай спрабуем іх — здаецца, такіх смачных яблык не каштаваў ніколі.
Закуска без напою
Былі вясковыя пачастункі даволі нечаканыя і смешныя. Калі праходзіў журналісцкую практыку ў газете Бярозаўскага раёна, трэба было тэрмінова падрыхтаваць матэрыял пра жніво, якое толькі пачыналася. У райкоме партыі дакладна назвалі канкрэтны калгас і нават брыгаду, чый перадавы вопыт на жніве трэба раскрыць неадкладна.
Я — на веласіпед і еду ў тую гаспадарку. Прыязджаю ў вёску, знаходжу брыга-дзіраву хату, заходжу ў сенцы і пытаюся: «Хто тут ёсць?» Адчыняюцца дзверы, і выглядае спалоханая жанчына. Кажу, што я з рэдакцыі і мне трэба брыгадзір. А яна чамусьці замітусілася, не ведае, што рабіць.
І тут я ўцяміў: праз адчыненыя дзверы ў сенцы густа цягнула моцным і такім знаёмым пахам самагонкі. Усё зразумела: у хаце гналі сваю «сялянскую». Таму гаспадыня і разгубілася, бо я не паспеў сказаць, з якой нагоды завітаў у хату.
Прызнацца, адчуваў я сябе вельмі няёмка. Гэта ж трэба: у такі адказны для любога вяскоўца час і на табе — прынесла сюды мяне, нядобрага. Імгненна прымаю рашэнне — каб не ўскладняць далей сітуацыю, трэба хутчэй пакінуць хату. А як з брыгадзірам?
— Можа, брыгадзір на калгасным двары? — пытаюся ў гаспадыні. — Паеду туды, а не — дык у поле, дзе жніво.
Гаспадыня зразумела і, безумоўна, ацаніла мой «манеўр». Канешне, лепш за ўсё, каб такі нечаканы сведка ў хаце не затрымаўся. Але ж, з другога боку, паводзіць сябе гэты журналіст прыстойна, мо і не здагадваецца наконт самагоннага апарата.
Я паварочваюся да дзвярэй, выходжу на вуліцу. Следам гаспадыня:
— Пачакайце крыху, — просіць. — Я зараз вярнуся.
Літаральна праз хвіліну гаспадыня выходзіць з міскай маладых агуркоў і кажа крыху збянтэжана:
— Вось, самыя першыя з нашага агарода, маласольныя. Вазьміце на дарогу. Быў бы дома гаспадар, дык разам паабедалі б. А так — выбачайце, калі ласка.
Ад такога пачастунку ў гарачы летні дзень грэх было адмаўляцца. І калі потым па дарозе з таго калгаса я з вялікім апетытам хрумстаў тыя агуркі, сам сабе ўсміхаўся: атрымалася, што меў добрую закуску без напою. Агуркі был адмысловыя: пахлі кропам, часнаком, бо ўвабралі ў сябе цудоўны водар летняга сялянскага агарода.
Ну, а заданне рэдакцыі? Матэрыял з таго калгаса падрыхтаваў, газета яго надрукавала. Тая гаспадарка адна з першых у раёне завяршыла жніво. І брыгадзір, якога я не застаў тады дома, хадзіў у перадавіках. Пра яго аднойчы мне сказалі: «Умее і падрыхтавацца да жніва, і дажынкі справіць. Не скупы чалавек, прывязе на дажынкі камбайнерам у поле свае ўласныя далікатэсы і прысмакі і частуе ад душы…»