Правесці лета з розумам
Летні працоўны семестр для моладзі і навучэнцаў Міншчыны адкрыўся. Старт яму даў абласны форум дзіцячых і моладзевых ініцыятыў і творчасці "Наш пошук і творчасць — табе, Беларусь!", які адбыўся ў Мар'інай Горцы (Пухавіцкі раён).
Усяго ў сталічнай вобласці сёлета створана 86 лагераў працы і адпачынку і 250 студэнцкіх атрадаў розных кірункаў: сельскагаспадарчыя, сэрвісныя, будаўнічыя, экалагічныя, педагагічныя, валанцёрскія. Хлопцы і дзяўчаты будуць шчыраваць на вытворчых, сельскагаспадарчых, сацыяльна-культурных аб'ектах, узвядзенні і рэканструкцыі фермаў, удзельнічаць ў жніве. Навучэнцы педагагічных устаноў адукацыі падчас летніх канікул стануць важатымі ў дзіцячых аздараўляльных лагерах. Веды юных эколагаў спатрэбяцца ў ландшафтным афармленні населеных пунктаў, месцаў масавага адпачынку.
— Мы імкнёмся максімальна заняць моладзь карыснай справай, — канстатуе камандзір Мінскага абласнога штаба студэнцкіх атрадаў Вікторыя Мянанава. — Займаемся і індывідуальным працаўладкаваннем. Асабліва шмат ахвотных сярод непаўналетніх. Іх, як правіла, накіроўваем ў экалагічныя і сельскагаспадарчыя атрады.
— Даводзіцца чуць, што ў сельскую гаспадарку дзяцей не прыцягнуць ніякім чынам. Гэта няпраўда. Вялікая колькасць хлопцаў і дзяўчат падчас летніх канікул з задавальненнем працуюць у аграрным сектары, — уступае ў размову камандзір зводнага сельскагаспадарчага атрада Любоў Лапацецкая. — Гэта для іх добрая магчымасць не толькі набрацца вопыту, але папоўніць уласны бюджэт.
А заробкі, як запэўнілі мяне хлопцы, сапраўды добрыя. На ўзвядзенні малочнатаварнай фермы ў вёсцы Канюцічы Мінскага раёна можна атрымаць больш за тры мільёны рублёў у месяц. Пры гэтым для юных будаўнікоў тут створаны цудоўныя бытавыя ўмовы: ёсць тэлевізар, халадзільнік, мікрахвалёвая печка. На працоўныя месцы іх дастаўляюць машынай ды яшчэ і забяспечваюць смачнымі абедамі.
Моладзь Міншчыны, як паказаў форум, сапраўды працавітая і таленавітая, што даказалі хлопцы і дзяўчаты падчас работы шматлікіх тэматычных пляцовак і выстаў. З прывітальным словам да моладзі звярнуўся губернатар Міншчыны Барыс Батура. На яго думку, удзел ў будаўнічых атрадах мацуецца не толькі на энтузіязме, але і на матэрыяльным інтарэсе. Падлеткаў трэба прывучаць да працы, каб змаглі сябе забяспечыць у будучым. Акрамя таго, будатрады — гэта менавіта тая школа, якая дапаможа адаптавацца маральна і псіхалагічна ў жыцці. Будатрадаўцаў з нецярпеннем чакаюць на аб'ектах сельскагаспадарчага і сацыяльна-культурнага прызначэння. Губернатар паабяцаў, што адпаведныя службы будуць пільна сачыць за тым, каб юнакоў і дзяўчат не крыўдзілі з заробкамі, а зарплату аддавалі своечасова.
Ну, і вядома, які ж форум без узнагарод? Ганаровая грамата Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ўручана старшыні абласнога савета лідараў, старшыні Генеральнай Асамблеі Міжнароднай грамадскай арганізацыі "Сусветная дзіцячая Ліга Нацый" Васілю Дзямідчыку.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.