Фінал "Еўрабачання" пройдзе без "Герояў", але з "Эйфарыяй"

Источник материала:  

Беларускія балельшчыкі сумуюць: з тэнісных, хакейных пляцовак і футбольных палёў апошнім часам прыходзяць спрэс не радасныя весткі. На жаль, гэтая тэндэнцыя стала заразлівай. Выступленне гурта "Lіtеsоund" у другім паўфінале "Еўрабачання" ў сонечным Баку сустрэла халодны прыём еўрапейскай публікі, і наша краіна з далейшай барацьбы выбыла.

Хацелася б напісаць, што гледачоў перапаўняюць эмоцыі і ў рэдакцыю паступаюць гнеўныя званкі, але, па шчырасці, гэта не так. Безумоўна, крыўдна будзе, калі ў ноч з 26 на 27 мая апублікуюць вынікі галасавання на ўсіх трох этапах конкурсу і высветліцца, што да дзясяткі лепшых беларусам не хапіла ўсяго пары балаў. Але, як кажа ў такіх выпадках кіраўнік праекта "Еўрафэст" Аляксандр Ціхановіч: "Гэта конкурс, і ў ім заўжды нехта прайграе". Сапраўды, каго і ў чым папракаць, калі адміністрацыйная і творчая каманда сёлета працавалі зладжана, здароўе нікога не падвяло, тэхніка спрацавала як след, і нават галоўная экс-суперніца Алена Ланская арганізавала за кулісамі самую гарачую групу падтрымкі "Lіtеsоund"?.. Не пашанцавала — і ўсё тут.

Беларуская інтэрнэт-суполка надзіва спакойна паставілася да гэтага выніку, адзначыўшы хіба што наступнае:

а) другі паўфінал быў мацнейшым за першы,

б) выступленне многім спадабалася. Хоць, безумоўна, многія з нецярпеннем чакаюць, ці адбудзецца сёлета традыцыйны "разбор палётаў" у выглядзе тэлевізійнага ток-шоу, а таксама пэўных арганізацыйных высноў.

Фінал "Еўрабачання" пройдзе без "Герояў", але з "Эйфарыяй"

Але ўстрымаемся да канчатковага высвятлення ўсіх абставін і ад плачу Яраслаўны, і ад злараднасці. (Тым больш, кропкі над "і" мы зможам расставіць зусім хутка: у нядзелю беларуская дэлегацыя ўжо вернецца ў Мінск). Лепш нагадаем, што сёння ў "Баку Крыстал Хол" адбудзецца фінальны канцэрт "Еўрабачання-2012". У ім выступяць артысты з 26 краін — па 10 з кожнага паўфіналу, "вялікая пяцёрка" (Вялікабрытанія, Германія, Іспанія, Італія і Францыя), а таксама краіна-гаспадыня конкурсу Азербайджан. І, нарэшце, вырашыцца галоўная інтрыга сёлетняй песеннай еўрагонкі: хто стане яе пераможцам — фаварытка букмекераў, шведская спявачка Лорын (стаўкі на яе прымаюцца ўжо з каэфіцыентам 1!) або цудоўным чынам нехта іншы (прыкладам, "Буранаўскія бабулі" з Расіі, серб Жэлька Ёксімавіч, турак Джан Банома, італьянка Ніна Зілі)?

Фінал "Еўрабачання" пройдзе без "Герояў", але з "Эйфарыяй"

Па звестках беларускіх букмекерскіх клубаў, нашы суайчыннікі больш за ўсё вераць у перамогу Швецыі ці Расіі, найменш — у Венгрыю. Але як яно акажацца насамрэч, дазнаемся сёння ўначы, калі ўсе 42 краіны-ўдзельніцы зробяць свой выбар. Каментаваць фінал будуць Дзяніс Кур'ян і Аляксандр Ціхановіч, а абвяшчаць балы ад Беларусі — удзельнік "Еўрабачання-2007" і пакуль што наш адзіны гонар на гэтым конкурсе, спявак Дзмітрый Калдун.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Забаўныя дэталі

¦У фінал "Еўрабачання" з абодвух паўфіналаў выйшлі першыя і апошнія нумары: з першага — Ісландыя і Грэцыя, Малдова і Ірландыя (№№2, 3, 17, 18), з другога — Сербія і Македонія, Боснія і Герцагавіна і Літва (№№1, 2, 17 і 18).

¦У барацьбе за галоўны прыз — хрустальны мікрафон — сыдуцца 6 балканскіх краін (калі лічыць Румынію і Грэцыю), 5 постсавецкіх, 4 скандынаўскія і толькі два яскравыя прадстаўнікі Усходу — Турцыя і Азербайджан. Цікава, каму з іх больш дапаможа традыцыйнае "добрасуседскае галасаванне"?

¦Сярод прэтэндэнтаў на перамогу самыя ўзроставыя ўдзельнікі сёлетняга конкурсу — спявак Энгельберт Хампердынк (Вялікабрытанія, 76 гадоў) і "Буранаўскія бабулі" (Расія, узрост удзельніц калектыву, якія знаходзяцца ў Баку, — ад 44 да 76 гадоў).

←На белорусско-литовской границе задержаны лидеры профсоюза РЭП и журналистка

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика