Дзённік княгінінца: да ведама бацькоў...
Каму не падабаецца школа ў аграгарадку?
Аўтобус павярнуў якраз да царквы. Моцны, дагледжаны храм — моцная і вёска, напэўна ж... Недалёка ад прыпынку — крама. Людзі гуртуюцца: час вяртацца з працы. А тут яшчэ і агульны клопат аб'яднаў: планы па расфарміраванні мясцовай сярэдняй школы з беларускай мовай навучання да бацькоў даносілі праз адміністрацыі арганізацый, дзе яны працуюць. Да некаторых прадстаўнікі раённай улады завіталі дамоў. Але не на бацькоўскім сходзе абмяркоўвалася сітуацыя. Гэта ўскалыхнула, насцярожыла і пакрыўдзіла тых, хто сёння працуе на розных прадпрыемствах Княгініна — на эканоміку ўсяго раёна.
Хочацца, каб працоўнага чалавека элементарна паважалі і лічыліся з яго жаданнямі, перш чым прымаць рашэнне, важнае для ўсіх: школа ў вёсцы немалая, 82 вучні.
Прынамсі, ліст, які быў накіраваны ў "Звязду", падпісалі 118 вяскоўцаў. І гэта ўжо іх другі зварот пасля 2010 года (артыкул "Школа і магічнае кола" за 24 ліпеня 2010)... Але тады прадстаўнікі мясцовых органаў адукацыі запэўнілі рэдакцыю: прадугледжана правядзенне капітальных работ Княгінінскай школы (дзе пячное ацяпленне, няма харчовага блока і спартыўнай залы) у 2012—2015 гадах. Тэрмін надышоў, і вось...
1. Урок мовы: шчырасць слоў
— ... Як гэта можа быць, каб у аграгарадку не было школы?.. А дзе ж закон? У нас жа вялікая вёска! — адразу абступілі людзі і пачалі даваць волю эмоцыям.
— Нашы княгінінцы што ж, працавалі дарма? Няўжо ж з 1955 года нават на капітальны рамонт для сваёй школы не зарабілі?
— Нам колькі гадоў абяцалі рамонт. Колькі разоў яго пачыналі — і нібыта грошы выдзяляліся!.. Дзе яны?..
— Ды з гэтага будынка можна даўно зрабіць "цукерачку". Ён хоць і не новы, але трывалы. Вось бы ацяпленне... У катэджах жа папросту ставяць паравое. А тут школа з дзецьмі!..
— Ды хоць якая школа — абы свая. Нашы дзеці не больш хварэюць, чым у іншых школах. Наадварот, загартоўваюцца. І на спартыўных спаборніцтвах у раёне месцы бяруць, хоць і спартзалы няма.
— Ды можна купіць лыжы на зіму — няхай трэніруюцца. А летам і на паветры займацца можна. Але ж уявіце: у нашай школы нават спартыўнага інвентару няма — ні мячоў, ні матаў! І чыноўнікам няма да гэтага справы...
— У вёсцы Пузыры некалькі гадоў таму гарэла школа. Дык жа пабудавалі! Хоць і дзяцей там мала — 26 усяго. А летась і на рамонт Пузыроўскай школы грошы знайшліся.
Сапраўды, калі людзі глядзяць, як апошнім часам развіваліся іншыя школы, то адчуваюць сябе забытымі.
<І>З ліста ў рэдакцыю: "Чаму няма сродкаў для рамонту толькі Княгінінскай школы? Знаходзяцца ж сродкі не толькі каб рамантаваць школы ў аграгарадках, але і будаваць новыя. Не так даўно былі пабудаваны школы ў вёсцы Пузыры, Старлыгі. Але ж там, акрамя СВК, няма ніякіх прадпрыемстваў. Знайшліся таксама сродкі ў раёне для будаўніцтва новых дамоў культуры ў вёсках Будслаў і Занарач. Больш за тое, у рамках будаўніцтва аграгарадка ў нашай вёсцы быў капітальна адрамантаваны будынак былой крамы, і там з'явіўся бар, які ўрачыста адкрываў сам старшыня райвыканкама. Дык чаму ж на рамонт школы ў аграгарадку Княгінін у раёна няма грошай? А дзе нашы падаткі, якія вылічваюць кожны месяц з нашых заробкаў на адукацыю? На рамонт і будаўніцтва іншых школ, але толькі не нашай..."
Адчуваю, што людзі за гады змагання за сваю школу праштудзіравалі законы, але галоўнае — гатовы адстойваць сваё права, якое закон дае. Відаць, добра вучыліся...
Людзей было шмат, і яны абаранялі гонар сваёй школы, з ахвотай распавядаючы пра дзяцей. Усіх не пералічу... Бажэлка Таццяна — былая вучаніца Княгінінскай школы, і муж яе скончыў, дочкі там адвучыліся, унучка туды пойдзе. Чарняўская Валянціна: дачка скончыла школу і вучыцца цяпер ва ўніверсітэце культуры, сын у 8-м класе. Лукша Аляксандр: старэйшая дачка вучыцца ў Мінску ў паліграфічным каледжы, малодшая ў 10-м класе. Клімовіч Наталля: старэйшы сын пасля 9 класаў паступіў у тэхнікум, а малодшы пойдзе ў 1-шы клас. Мікуліч Жанна: сын у 10-м класе, а дачка ў 2-м. Гапанёнак Алена: двое унукаў вучацца ў школе, адзін заканчвае. Старшыня бацькоўскага камітэта школы Генадзь Пуня ганарыцца сынамі: дзесяцікласнік Ян — патрыёт сваёй школы, а старэйшы сын вучыцца ў Смаленскім універсітэце. І гэта пры тым, што скончыў беларускую школу!
2. Урок фізікі: закон прыцягнення
— У нас, у вясковай школе, працуюць цудоўныя настаўнікі, шмат вучняў паступаюць у ВНУ, — гаворыць Генадзь Мікалаевіч Пуня. — Але калі сапраўды паўстане пытанне закрыцця нашай школы, то дзяцей, хутчэй за ўсё, накіруюць не ў адну школу, а "раскідаюць" па розных. Адна з іх — самая блізкая ад нас — у вёсцы Выгалавічы, за чатыры кіламетры ад Княгініна. Зараз у гэтай школе вучацца 35 дзяцей, прычым вялікая частка іх — гэта нашы, княгінінскія, якія туды ездзяць. Абмяркоўваўся варыянт арганізацыі падвозу нашых дзяцей аўтобусам да гэтай школы. І мы не можам пагадзіцца з тым, што гэта — вырашэнне пытання. Па-першае, дастаўка дзяцей таксама звязана з небяспекай. Там патрэбны рамонт дарогі, а гэта грошы. Па-другое, не адзін рэйс аўтобуса туды і назад. А паліва дарагое. Ёсць прыклады, калі дзеці з іншых школ сядзелі ўзімку дома, таму што не было паліва. А ў нас дзяцей не адзін і не два. Ёсць старшакласнікі, ёсць малодшыя, колькасць заняткаў розная. Значыць, некаторым дзецям прыйдзецца чакаць аўтобус, губляючы час невядома як. А хутчэй за ўсё, на вуліцы, таму што ў школе тады будзе шумна. Значыць, чакай хвароб. Прадпрыемстваў у нас шмат, бацькі ўсе — занятыя людзі цягам усяго года. Гэта значыць, паўстае праблема наведвання бацькоўскіх сходаў пасля працы — бо не ва ўсіх сем'ях ёсць машыны. Не гаворачы пра тое, што ладзяцца розныя святы і ранішнікі, на якія будзе не так проста прыйсці. А кожнаму дзіцяці хочацца, каб тата ці мама цікавіліся яго жыццём. Хіба змацоўвае сям'ю такі падыход? Наўрад ці. Ну і самае галоўнае. Выгалавіцкая школа таксама патрабуе ўкладання грошай, і немалых. Княгінінская нават танней можа аказацца. Калі ўсё падсумаваць, то выдаткі набягаюць значныя: пракладка новага асфальту, рэканструкцыя дзіцячага садка пад кацельную, цеплатрасу пракласці да школы. Туды таксама трэба рабіць новае ацяпленне, рамонт даху, самой школы, замену вокнаў. У Княгініне танней будзе. Але на тую школу робяць стаўку, хоць вёска меншая і не такая перспектыўная. На наш, бацькоўскі, погляд, Выгалавіцкая школа выклікае недавер: напрыклад, сцены спартыўнай залы там змацаваныя металічнымі балтамі, што сведчыць аб праблемах канструкцыі. Вы б бачылі тую школу — наша хоць 1955-га года, але ў тыя часы будавалі надзейна, і яна ў сто разоў лепш выглядае!..
Я паглядзела на Выгалавіцкую школу. Так, можа гэтыя металічныя дадатковыя канструкцыі трымаюць сцены школы ў Выгалавічах. Але ж сам факт іх наяўнасці... Аптымізмам не зараджае дакладна.
Гэта значыць — "мінус адзін" довад з боку тых, хто прасоўвае перавод з Княгініна. Абыходжу будынак па перыметры: з тыльнага боку па сцяне ідзе труба да зямлі — гэта ў іх кацельная літаральна пад будынкам школы! Не лепшае будаўнічае рашэнне для ўстановы адукацыі. Вынас кацельнай у асобнае месца — яшчэ грошы. "Мінус другі" довад. І ў Княгініне можна знайсці варыянт, каб не будаваць кацельнай — вяскоўцы нават гатовы яго падказаць. Ды ёсць жа і сучасныя метады ацяплення...
Чаму тады сапраўды не ўкласці грошы ў тую ж Княгінінскую школу, дзе больш дзяцей і больш людзей, у тым ліку моладзі, якая будзе і далей "пладзіцца і размнажацца"? Да таго ж у Княгініне ўжо стаяць еўравокны і пакладзены новы андулінавы дах — няўжо дарма? "Мінус трэці..." Не, не, стоп... Вокны і дах — ставіліся не за кошт мясцовага бюджэту, а дзякуючы праграме развіцця аграгарадкоў. З іншай, так бы мовіць, кішэні. Дык няўжо гэта дае магчымасць заплюшчыць вочы на тыя выдаткі?..
Праграма, згодна з якой рамонт быў пачаты, магчыма, не магла прадугледзець усё, што патрэбна школе. А можа, і не лепшым чынам гэтымі сродкамі распарадзіліся. Ужо не адзін год прайшоў, а бацькі, па-беларуску дбайныя гаспадары, дагэтуль задаюць рытарычнае пытанне: "Чаму трэба было абсалютна новы шыфер на даху замяняць андулінам?.." Чаму было перш-наперш не замяніць пячное ацяпленне, якое з'яўляецца галоўным болем Княгінінскай школы? Цяжка зразумець такую логіку. Але застаецца верыць, што яна была.
І тым больш увагі, здавалася б, павінна надаваць мясцовая ўлада школе, якая патрабуе дадатковага клопату. Асаблівы клопат павінны адчуваць школы ў аграгарадках. Бо гэта адзін з самых неабходных для людзей аб'ектаў, якія павінны быць абавязкова на месцы, каб мясцовыя жыхары не адчувалі нязручнасці. Тое, уласна, што і забяспечвае дадатак "гарадок" да сутнасці "агра".
3. Урок матэматыкі: задача з двума вядомымі
Дадзена: школа ў Княгініне, патрабуе рамонту. Вёска на 975 жыхароў (паводле апошніх звестак). І школа ў Выгалавічах, дзе 302 жыхары, таксама патрабуе фінансавых укладанняў. У якую школу перспектыўней укладваць грошы?
Заўвага: эканамічны эфект укладанняў у школу вымяраецца не толькі канкрэтнымі выдаткоўваемымі сумамі, але і паспяховай працай людзей на прадпрыемствах Княгініна. Тут знаходзіцца буйная газанапаўняльная станцыя, газазаправачная станцыя, аддзяленне Вілейскага камбікормавага завода, мазутазлівачная станцыя ЖКГ, адзіная ў раёне буйная чыгуначная станцыя, асфальтавыя цэхі ДУ, аддзяленне раённанага райтопзбыту, "Мінскаблаграсэрвіс", "Другчармет", склады райсельгастэхнікі, вялікі жывёлагадоўчы комплекс, птушнікі птушкафабрыкі "Новая зара"... А цяпер уявіце: супрацоўнікі гэтых агранізацый час ад часу ад працы адцягваюць увагу на тэлефанаванні дзецям: ці даехалі, ці прыехалі, ці не змерзлі? Калі ўсё на месцы — больш упэўнена можна сябе адчуваць. І да школы дойдзеш спакойна, і са школы... Зусім іншая праца!
На жаль, за лічбамі часта нельга ўбачыць моманты маральныя. Іх немагчыма палічыць, але і нельга не ўлічваць. Але яны складаюць немалую частку ў сутнасці словазлучэння "перспектыўная вёска". Увасабленнем гэтага, на думку мясцовай улады, відаць, з'яўляецца будынак сельсавета — аформлены па ўсіх правілах еўрарамонту. Ёсць у Княгініне Дом культуры, Дом быту, аддзяленне сувязі, нават дзіцячы садок, у якім больш за 30 дзяцей. Сёння дзяцей-дашкольнікаў у Выгалавічах 16, а ў Княгініне 56. Княгінінцы жартуюць: у іх зараз бэбі-бум.
— Я маладая мама, маёй дзяўчынцы будзе год. Калі я летась ляжала ў радзільным доме, мне так і сказалі. І сёлета павінны нарадзіцца дзеці — колькі жанчын цяжарных! А нас палохаюць разлікамі, што праз пару гадоў у школу не будзе каму хадзіць. Як можна такое падлічыць? Хто можа ведаць, колькі я яшчэ дзяцей нараджу? — гаворыць Алена Сівец, маладая настаўніца, якая прыехала з горада ў Княгінін разам з мужам. І ўзгадвае Указ Прэзідэнта: — Трэба замацоўваць маладых спецыялістаў, забяспечваць усе ўмовы працы, каб яны працягвалі жыць і працаваць у сельскай мясцовасці... Указ — указам, а рэальнасць — рэальнасцю. Я малады спецыяліст. І гатова жыць і працаваць у вёсцы. Тут цудоўная вёска, мне падабаецца. Я падтрымліваю стасункі з многімі маладымі спецыялістамі, якія з задавальненнем тут працавалі б. Але якая перспектыва жыцця ў вёсцы, дзе няма школы? Мне ў такім выпадку прасцей вярнуцца ў горад, дзе будзе пад бокам школа для дзіцяці і праца для мяне...
З такім падыходам сапраўды варта задумацца: хто праз дзесяць гадоў будзе працаваць тут на чыгунцы? Ці на газанапаўняльнай станцыі?
Калі дзяржава ставіла задачу ажыццяўлення праграмы адраджэння сяла, то, напэўна ж, дбаючы не толькі пра паказчыкі. Любыя паказчыкі ствараюць людзі. Таму і прапісваліся ў праграме нормы сацыяльна-культурнага жыцця ў аграгарадках. І калі, паводле цяперашніх нормаў, школа ў Княгініне павінна быць, то задача выканаўчых органаў адна: зрабіць, каб школа была — ці старая рэканструяваная, ці наогул новая. Чаму б і не?..
4. Урок жыцця: школа там, дзе дзеці!
Менавіта гэты прынцып быў галоўны для таго, каб існавала школа, гаворыць Вера Мікалаеўна Кудзіновіч, былая настаўніца, якая нарадзілася ў Княгініне, вырасла тут, працавала ў мясцовай школе:
— Колькі сябе памятаю, у Княгініне заўсёды была школа. Пра гэта казаў і мой бацька, 1903 года нараджэння. Ён не памятаў, калі ўзнікла школа — значыць, была і да рэвалюцыі. Памятаю, калі я вучылася, заўсёды было імкненне паказаць, наколькі паспяхова жыццё складвалася пасля рэвалюцыі, і тады ўсё параўноўвалі з 1913 годам. Тады якраз быў заняпад (ці крызіс па нашаму) — зручна было параўноўваць. Атрымліваецца, што ў царскі час, у заняпад, у Княгініне працавала школа!.. А падчас вайны школу спалілі партызаны, каб немцы тут свой штаб не адкрылі. Помню, як гарэла тая школа. Пасля вайны будынка не было, а школа была. Школа размяшчалася ў хатах, дзе жылі людзі. Быў час, што і ў сямі будынках адначасова ішлі ўрокі. Але ж школа жыла! Па сутнасці — на кватэры, пераязджалі з месца на месца. У той школе, якую помню я, былі дзве радасці: 1953 год, вось пры такіх умовах у нас быў першы выпуск сярэдняй школы. І была другая радасць, калі з усіх тых будынкаў у 1955 годзе мы перайшлі ў новую, цяперашнюю школу... Не магу ўцяміць, як драўляныя хаты на той вуліцы, дзе я жыву, па 100 гадоў стаяць, а цагляны будынак прыйшоў у непрыгоднасць?.. Ёсць ужо на нашай памяці такі вопыт: быў цагляны будынак, сталовая. Ніхто яго не глядзеў — той стаў развальвацца. Вырылі траншэю, закапалі сталовую. Дык няўжо і школу будем закопваць?
Больш за ўсё людзей непакоіць, калі вялікія сумы грошай у іх на вачах у нешта ўкладваюцца. А потым прызнаюць, што далей гэты аб'ект трымаць немэтазгодна. Так было, напрыклад, з аптэкай. У 2009 годзе правялі рамонт: залу пашырылі, унутры ўсё пераабсталявалі, вадасцёкі паставілі, плот — каля 50 метраў. А ў 2010-м закрылі аптэку... Няўжо гэта па-гаспадарску? Ды хіба па-чалавечы?
Ці па-чалавечы трымаць доўгі час у напружанні цэлую вёску з-за дзіўнай сітуацыі са школай? Ужо не адзін год. Не адну сям'ю. Не на адно прадпрыемства прыходзяць на працу бацькі княгінінскіх дзяцей. З якім настроем?.. І чаго краіна можа чакаць ад будучых грамадзян, калі яны не адчувалі клопату ад яе ў дзяцінстве?
Ларыса ЦІМОШЫК,
Мядзельскі раён