Шматдзетнае шчасце

Источник материала:  

У сям'і Веры і Генадзя Чаранко са Слуцка сямёра дзяцей: чатыры хлопчыкі і тры дзяўчынкі. "Клопатаў хапае, але якое шчасце, калі пасля працы цябе сустракаюць малыя і кожны цягнецца, каб абняць і палашчыцца", — прызнаецца Вера Мацвееўна. Яны з мужам Генадзем Уладзіміравічам прайшлі добрую школу, бо самі выраслі ў шматдзетных сем'ях, дзе іх вучылі працавітасці, клопату аб малодшых братах і сёстрах, павазе да дарослых. Таму бацькам ёсць што перадаць сваім сынам і дачушкам.

— Дзеці для нас — Божае блаславенне, нашы надзея і гонар, — кажа Вера Мацвееўна.

А ганарыцца сапраўды ёсць чым. Усе яны добра вучацца. Ігар заканчвае 11 клас, Яўген — 7-ы. Дзмітрый — навучэнец Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Хлопцы — выдатныя спартсмены, удзельнічаюць у спаборніцтвах розных узроўняў і, як правіла, становяцца пераможцамі. Шматлікія ўзнагароды, граматы, прызы і нават кубкі займаюць у кватэры самае пачэснае месца. Не абдзелены талентамі і Вікторыя з Каралінай. Дзяўчаты займаюцца бісерапляценнем, наведваюць дзіцячую школу мастацтваў. Малодшыя Валодзя і Вераніка вучацца ў другім і першым класах, любяць маляваць.

Шматдзетнае шчасце

У дружнай і працавітай сям'і пануюць узаемная павага і любоў. "Мама з татам робяць усё неабходнае, каб мы ні ў чым не мелі патрэбы, — кажуць старэйшыя дзеці. — А мы імкнёмся дапамагаць ім у хатніх клопатах, і ў доме прыбраць, і есці прыгатаваць".

Нават самая малодшая, Веранічка, не сядзіць без справы: яе абавязак — выціраць пыл з мэблі. Мама для яе — узор, бо ўмее ўсё: і шыць, і вышываць, і шкарпэткі вязаць.

— І ўсё ж як спланаваць свой бюджэт, каб хапіла грошай не толькі на звычайныя бытавыя рэчы, але і на тое, каб развіваць дзяцей інтэлектуальна і духоўна? — цікаўлюся ў сваіх суразмоўцаў.

— Мы атрымліваем адрасную сацыяльную дапамогу. Пасля нараджэння сына Уладзіміра нам спачатку выдзелілі трохпакаёвую кватэру, а пазней — сацыяльнае жыллё: адна- і двухпакаёўку, якія злучылі ў адну, — чую ў адказ.

Але перш за ўсё бацькі разлічваюць на асабістыя сілы.

— Даводзіцца, па-першае, шмат працаваць, а па-другое, размяркоўваць свой бюджэт так, каб на ўсё хапала, а дзеці гадаваліся ў дастатку, — заўважыла гаспадыня. Вера Мацвееўна працуе ў філіяле Беларусбанка старшым касірам. Генадзь Уладзіміравіч — рабочы ў Слуцкім філіяле ДП "Мінаблпаліва".

У сям'і ёсць добрая традыцыя. Кожны выказвае сваё самае запаветнае жаданне, а астатнія робяць усё неабходнае, каб яно ажыццявілася. У прыватнасці, Вера Мацвееўна марыць адпачыць усёй сям'ёй на моры. Сёлета ў красавіку дружная каманда перамагла ў раённым аглядзе-конкурсе сярод шматдзетных сем'яў. З найлепшага боку паказала яна сябе і на аналагічным абласным мерапрыемстве і, увайшоўшы ў тройку прызёраў, атрымала грашовую ўзнагароду Мінаблвыканкама. Так што матуліны мары, відаць па ўсім, спраўдзяцца.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.

←В Минске представители Беларуси, Молдовы и Украины участвуют в международном тренинге "Передовой опыт и перспективы противодействия торговле людьми"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика