"Свет мяняецца, і мы павінны быць падрыхтаванымі да гэтага"
"Мала даць студэнтам новыя веды ў галіне эканомікі, бізнэсу — трэба падмацаваць іх практыкай", — такім правілам карыстаюцца ў Інстытуце бізнэсу і менеджменту тэхналогій Белдзяржуніверсітэта. У выніку лекцыі чытаюць тут не толькі вядомыя, дасведчаныя людзі нашай краіны, але і замежнікі: з Універсітэта Молдэ (Нарвегія), з Каліфарнійскага ўніверсітэта (ЗША), Рыжскай школы бізнэсу (Латвія), Міжнароднай школы менеджменту (Літва)...
Вялікую цікавасць студэнтаў і іншых ахвотных выклікалі выступленні ганаровага прафесара Саксонскага ўніверсітэта Цвікау спадара Карла Хана, які цягам 11 гадоў быў старшынёй праўлення кампаніі "Фальксваген". Менавіта пры ім да прадпрыемства былі далучаны "Фіят" і "Шкода", заваяваны рынак Кітая... Дэманструючы энцыклапедычныя веды ў галіне кіравання бізнэсам і стратэгічнага менеджменту, захапляючы аўдыторыі аратарскім майстэрствам, прафесар даводзіў, што "свет мяняецца, і мы павінны быць падрыхтаванымі да гэтага".
Што цікава, прафесару хутка 86 гадоў. Ён шмат працуе: выступае з лекцыямі, піша (кніга мемуараў перакладзена на рускую, кітайскую і чэшскую мовы), клапоціцца аб развіцці сістэмы дашкольнай адукацыі ў Германіі, заснаваў і развівае музей сучаснага мастацтва ў Фольфсбургу, ездзіць па свеце.
Нашу краіну прафесар Карл Хан наведваў упершыню і быў у захапленні ад універсітэта, бізнэс-школы і студэнтаў, прыгажосці сталіцы і вялізнага патэнцыялу, які ёсць у нашай краіны.
Вера ЖОХАВЕЦ