Англамоўная магістратура: першы блін — не камяком
У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі ва ўрачыстых абставінах былі ўручаны дыпломы першым выпускнікам магістратуры з англійскай мовай навучання. Сярод іх аказаліся пяць грамадзян Ірака і адзін грамадзянін Нігерыі, якія на англійскай мове і пісалі, і абаранялі свае магістарскія дысертацыі. А ў чэрвені чакаецца абарона на англійскай мове замежнымі грамадзянамі яшчэ трох дысертацый...
Як расказаў журналістам рэктар БДУІР Міхаіл БАТУРА, тры гады таму першай ВНУ ў краіне, якая распачала падрыхтоўку замежных грамадзян на англійскай мове, стаў менавіта іх універсітэт. Спачатку быў ажыццёўлены набор на першую ступень навучання. Сёння на дзвюх спецыяльнасцях на англійскай мове тут навучаюцца студэнты трох курсаў: 10 чалавек — на трэцім, 12 — на другім і 37 — на першым. А два гады таму быў зроблены набор іншаземных грамадзян і ў англамоўную магістратуру. Для беларусаў, як вядома, тэрмін навучання ў магістратуры, складае пакуль усяго адзін год. Але для іншаземцаў была распрацавана больш аб'ёмная двухгадовая праграма.
— Для нас гэта быў вельмі адказны і нават рызыкоўны крок, да якога мы ішлі не адзін год, — прызнаўся Міхаіл Батура. — Вучэбны план утрымлівае 56 дысцыплін, і па ўсіх іх мы павінны былі знайсці і падрыхтаваць калектывы выкладчыкаў, падрыхтаваць поўны камплект вучэбна-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу, прычым як на папяровых, так і на электронных носьбітах. Але сёння мы ўжо можам з задавальненнем канстатаваць, што наш досвед аказаўся паспяховым. Лепшы доказ — той факт, што ў нас на наступны навучальны год ужо ёсць 12 заяў ад ахвотных навучацца ў англамоўнай магістратуры замежных грамадзян. Значыць, іх папярэднікаў задаволіла і якасць адукацыі, і ўмовы навучання.
Неабходна канстатаваць, што выкладчыкаў, якія свабодна размаўляюць на англійскай мове, значна больш, чым выкладчыкаў, гатовых на англійскай мове выкладаць, асабліва тэхнічныя дысцыпліны. І гэта з'яўляецца адным з галоўных стрымальных фактараў для далейшага пашырэння аб'ёмаў і кірункаў падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй на англійскай мове. Таму мы выступілі з ініцыятывай аб стварэнні рэспубліканскай базы спецыялістаў, якія не проста добра валодаюць англійскай мовай, але і гатовы арганізоўваць на англійскай мове навучальны працэс. Не выключана, што такі ўзаемаабмен дазволіў бы далучыцца да арганізацыі выкладання на замежнай мове і іншым беларускім ВНУ. Між іншым, кірунак гэты больш чым перспектыўны, бо ў плане экспарту адукацыйных паслуг рэнтабельнасць ніхто не абмяжоўвае.
Калі ў сёлетнім навучальным годзе навучанне на англійскай мове ажыццяўляецца ў БДУІР толькі па дзвюх спецыяльнасцях, то ў наступным годзе гэта будуць ужо пяць спецыяльнасцяў: "Сеткі тэлекамунікацый", "Ахова інфармацыі ў тэлекамунікацыях", "Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі", "Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій" і "Інжынерна-псіхалагічнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій".
Яшчэ адным стрымальным фактарам для нарошчвання экспарту адукацыйных паслуг з'яўляецца дэфіцыт у студэнцкіх інтэрнатах месцаў, якіх не хапае нават для беларусаў.
— Але нядаўна ў нас з'явілася надзея на вырашэнне гэтай вострай праблемы, — прызнаўся Міхаіл Батура. — Так, у запраектаваных да будаўніцтва ў студэнцкай вёсцы інтэрнатах, магчыма, і нам выдзеляць месцы. Ва ўсялякім разе мы неаднаразова аб гэтым хадайнічалі і спадзяёмся, што нашы аргументы былі пачуты і ўзяты пад увагу...
Надзея НІКАЛАЕВА