Беларускія студэнты-праграмісты ўвайшлі ў сусветную эліту
На мінулым тыдні ў Варшаве прайшоў фінал чэмпіянату свету па праграмаванні сярод студэнтаў, які праводзіцца пад эгідай АСM і лічыцца самым прэстыжным спаборніцтвам сярод маладых праграмістаў свету. Упершыню ўдзел у фінальнай частцы спаборніцтваў узялі студэнцкія каманды адразу дзвюх беларускіх ВНУ — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Аднак калі студэнты БДУ традыцыйна трапляюць у фінальную частку спаборніцтваў, то для каманды студэнтаў БДУІР "баявое хрышчэнне" ў фінале аказалася першым. Тым не менш яны з гонарам яго прайшлі: каманда БДУІР у складзе студэнтаў факультэта камп'ютарных сістэм і сетак Аляксея Ропана, Ігара Брукава і Данііла Беражнова заваявала ў фінале бронзавыя медалі. А каманда БДУ ў складзе студэнтаў факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Дзмітрыя Багданава, Юрыя Пісарчыка і Сяргея Собаля — сярэбраныя.
— Нават проста трапіць у фінал лічыцца вельмі вялікай удачай, — расказаў падчас сустрэчы міністра адукацыі Сяргея Маскевіча з пераможцамі алімпіяды дэкан факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Павел Мандрык. — Гэтым разам удзел у адборачных турах чэмпіянату свету ўзялі 25 тысяч студэнтаў з 2219 універсітэтаў 85 краін. У фінале выступала 112 камандаў, а Еўропу ў фінале прадстаўляла ўсяго 28 камандаў. Прычым паўфінал спаборніцтваў Заходняга рэгіёна чэмпіянату свету, дзе заваёўваюцца пуцёўкі ў фінал, увогуле лічыцца "групай смерці", паколькі там прадстаўлены ўсе самыя буйныя і аўтарытэтныя ўніверсітэты постсавецкай прасторы.
Між іншым, і ў фінале беларускія студэнты ў вочнай барацьбе здолелі перамагчы прадстаўнікоў сусветна прызнаных праграмісцкіх школ з Санкт-Пецярбургскага, Саратаўскага, Масачусэцкага, Стэндфардскага, Прынстанскага, Пекінскага ўніверсітэтаў і многіх іншых ВНУ. Па колькасці заваяваных медалёў мы саступаем толькі Расіі і Кітаю, але ж гэта супердзяржавы. Мы саступаем ім і па колькасці насельніцтва, і па колькасці ВНУ, але не саступаем у самым галоўным — у інтэлектуальных спаборніцтвах.
Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч пацікавіўся ў хлопцаў, як доўга тыя шлі да гэтай перамогі, і высветлілася, што першыя, самыя важныя, крокі былі зроблены імі яшчэ ў школьныя гады. Напрыклад, Аляксей Ропан быў бронзавым прызёрам міжнароднай алімпіяды школьнікаў па інфарматыцы. Усе юнакі ўдзельнічалі ў школьныя гады ў рэспубліканскіх алімпіядах. І ўсе прызналіся, што для таго, каб захапіць школьнікаў інфарматыкай і праграмаваннем, патрабуюцца педагогі-энтузіясты. Такія, напрыклад, як Міхаіл Сямёнавіч Далінскі. Менавіта дзякуючы гэтаму педагогу сталі ўсур'ёз разважаць пра "гомельскі інтэлектуальны феномен". А вось адсутнасць прафілізацыі на старэйшай ступені школы трыумфатары міжнароднай студэнцкай алімпіяды лічаць, хутчэй, недахопам. Маўляў, навошта нават тую ж інфарматыку выкладаць аднолькава і дзяўчынкам-гуманітарыям, і юнакам са схільнасцю да матэматычна-тэхнічных навук?
Дарэчы, дзяўчаты лічацца сярод аматараў спартыўнага праграмавання амаль што экзотыкай. Напрыклад, сярод 360 удзельнікаў сёлетняга фіналу было прадстаўлена ўсяго дзве дзяўчыны. Але Беларусь і тут вылучылася: у 2004 годзе капітанам каманды БДУ была Вікторыя Лебедзь. І менавіта ў той год студэнты БДУ заваявалі ў фінале ўзнагароду самай высокай вартасці.
— Я хачу дадаць, што шлях да перамогі — вельмі доўгі і напружаны, — расказаў кіраўнік каманды БДУІР Аляксей Ляшчоў. — На працягу года нашы студэнты трэніруюцца ад 5 да 20-30 гадзін на тыдзень. Плюс удзельнічаюць у шматлікіх інтэрнэт-спаборніцтвах.
Каманда БДУ расказала, што на чэмпіянат было дазволена браць талісманы. І, як пажартавалі юнакі, сярэбраны медаль ім дапамагла заваяваць цацка-спонж "Барада", якая падказала правільнае рашэнне апошняй задачы, калі яны ніяк не маглі знайсці дапушчаную памылку. Аказваецца, што ўдзельнікамі чэмпіянату свету сталі таксама і дудачка з Расіі, і тыгр з Кітая, і іншыя талісманы, якія тым ці іншым чынам дапамаглі камандам настроіцца на рабочы лад.
Ужо вядома, што ў наступным годзе чацвёра з шасці хлопцаў зноў будуць штурмаваць чэмпіянат свету па праграмаванні. Але двое выходзяць з гэтай захапляльнай барацьбы, паколькі больш чым два разы ўдзельнічаць у фінале не дазваляецца.
— Вы зрабілі вельмі важны крок да павышэння іміджу сваіх універсітэтаў і ўвогуле ўсёй нашай краіны, — падвёў вынікі сустрэчы Сяргей Маскевіч. — Галоўнае, вы даказалі, што беларуская адукацыя — абсалютна канкурэнтаздольная, і што ў сусветных кампаній ёсць усе падставы, каб інвеставаць сродкі ў наш Парк высокіх тэхналогій.
Надзея НІКАЛАЕВА.