Прыпячэ да 30, а з чацвярга зноў пахаладае
Сёння ўдзень тэрыторыя Беларусі трапіць у зону павышанага атмасфернага ціску і цёплых паветраных мас, паведаміла рэдакцыі спецыяліст Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Вольга Фядотава.
Таму захаваецца малавоблачнае, пераважна без ападкаў надвор'е, калі ў сярэдзіне дня паветра прагрэецца да 23—29 градусаў. Аднак ужо ў сераду ў краіну завітае атмасферны фронт з боку Балтыйскага мора. Уначы па поўначы, а ўдзень ужо паўсюдна пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Тэмпература паветра ў ноч на сераду 10—17, удзень — 20—27 цяпла, у Брэсцкай і Гомельскай абласцях — да 30 градусаў.
Пачынаючы з чацвярга ўладарыць надвор'ем будзе скандынаўскі антыцыклон. Уначы па поўдні яшчэ кароткачасовыя дажджы і навальніцы, а ўдзень у чацвер увогуле без ападкаў. Чакаецца халодны паўночна-ўсходні вецер, які ўдзень узмацніцца парывамі да 15—18 м/с. Стане значна свяжэй. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад плюс 5 па поўначы да 17 цяпла па поўдні краіны; удзень — 13—20, толькі ў Брэсцкай вобласці — да 22 цяпла. Ападкаў не чакаецца і ў пятніцу, але стане яшчэ халадней. Тэмпература ўначы толькі 3—10 цяпла, удзень — не больш за 15—22 градусы.
Сяргей КУРКАЧ.