Паштоўкі крочаць па свеце
Пасткросінг — гэта гармонія паштовай сувязі і інтэрнэту. Новае хобі становіцца вельмі папулярным у свеце і ў Беларусі.
І хто там песімістычна кажа, што традыцыйныя віды сувязі адміраюць? Яны проста інтэгруюцца ў новыя сродкі камунікацыі. Пасткросінг, альбо абмен паштоўкамі, — гэта модная і цікавая справа. Сэнс гэтага міжнароднага праекта ў тым, каб даслаць паштоўку і атрымаць іншую паштоўку ад незнаёмага чалавека.
Намеснік дырэктара Магілёўскага філіяла "Белпошты" Галіна Марчанка паказвае стос паштовак. Гэта яе скарб: каля трох дзясяткаў атрыманых за няпоўныя паўгода паштовак з Расіі, Украіны, ЗША, Канады, Нідэрландаў, Фінляндыі, Тайваня, Кітая, Сінгапура і шмат якіх іншых краін.
— Даведалася пра пасткросінг з сайта "Белпошты" і вырашыла паспрабаваць. Я ў захапленні!
Гэта сапраўдныя паштоўкі-вандроўніцы — недзе пакамечаныя, недзе запэцканыя, бо прыходзяць з усяго свету. Вось паштоўка з Сінгапура з невялікім коміксам пра суседзяў: адрасат піша, што ў іх краіне людзі жывуць у малых памяшканнях, таму асоба суседа мае вялікае значэнне ў жыцці простага сінгапурца. Паштоўка заклікае ўсіх людзей быць добрымі суседзямі!
Наступная паштоўка вылучаецца незлічонай колькасцю "а" з дзвюма кропкамі ўверсе, у якіх адразу пазнаецца фінская мова. На фота мужчыны са снежнага берага кідаюцца ў ледзяную палонку, вельмі па-фінску.
Паштоўка з Астрахані знаёміць з манастырскай царквой, якая — што незвычайна для праваслаўнай архітэктуры — звонку распісана яркімі фарбамі ў дадатак да асноўнага белага колеру. Такі сонечны выгляд будынка кантрастуе з шэрай снежнай кашай на дарозе.
Паштоўка з Іспаніі — у чорна-белым выкананні. Гэта танец "фламенка". Адрасат піша, што танцоры за невялікі час павінны прадэманстраваць многія пачуцці: страсць, гнеў, сум, боль.
Адна з самых любімых паштовак Марчанкі прыйшла з Тайваня. Неверагодны пейзаж! Месца, дзе сто гадоў таму японцы пабудавалі адзіную ў свеце высакагорную чыгунку. Туман (альбо аблокі) паміж пагоркаў, і лісты дрэва чырванеюць пад праменямі ўзыходзячага сонца.
Паштоўка з Арызоны радуе вока прыгожым зялёным кактусам на фоне пустыні. У паштоўцы з Санкт-Пецярбурга, на якой від горада з надпісам "Горад-герой Ленінград", скардзяцца на зімовыя мінус 20. "Я памятаю, што ў нас на той момант было 25 градусаў марозу", — усміхаецца Галіна Марчанка.
Для таго, каб займацца пасткросінгам, трэба мець камп'ютар і паштовую скрыню.
Спачатку — рэгістрацыя на www.роstсrоssіng.соm. Сайт працуе на англійскай мове: праўда, тут дастаткова мінімальных ведаў, школьнай базы. Адрас, на які трэба адправіць паштоўку, выдаецца сістэмай. Яна таксама сочыць за балансам паміж адпраўленымі і атрыманымі паштоўкамі, каб колькасці былі прыблізна роўнымі.
Невялікую суму грошай выдаткуйце на набыццё паштовак і марак. Марка, паводле цяперашніх тарыфаў "Белпошты", каштуе 1300 ці 1900 рублёў.
У пасткросінгу выкарыстоўваюцца класічныя паштоўкі: яны дасылаюцца без канверта, маюць малюнак на адным баку і тэкст, адрас і марку — на другім. Але здараюцца і выключэнні, кажа Галіна:
— Мне разам з паштоўкай з расійскага горада Кірава прыйшоў ліст, дзе 15-гадовы Ілья, ліцэіст і гаспадар ката і сабакі, расказаў, што яго гораду болей за 600 гадоў. Чытаю: "Ён вельмі прыгожы, асабліва ўзімку і ўлетку, але вясной і восенню часта ператвараецца ў вялікую гурбу гразі і смецця. Але я ўсё роўна люблю яго і не збіраюся з'язджаць адсюль надоўга".
Так што, нягледзячы на эру сацыяльных сетак і стасункаў з дапамогай смайлікаў, пасткросінг папулярны і ў падлеткаў. Калі шчыра, то сярод жанчын аматараў пасткросінгу ў некалькі разоў болей, чым сярод мужчын. Але, гаворыць Галіна, з цягам часу ўсё часцей сярод яе адрасатаў трапляюцца прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва.
— Таксама хачу абменьвацца паштоўкамі! — шчыра сказала я. І аказалася, усё даволі проста: пасля рэгістрацыі на сайце мае пяць паштовак пачалі сваю вандроўку па свеце: адправіліся ў Расію, ЗША, Канаду, Фінляндыю і Германію.
— Бываюць і збоі: напрыклад, мая паштоўка ў Латвію ідзе ўжо больш за 40 дзён, — папярэдзіла Галіна. — Ну не таму ж, што я напісала яе па-руску?!
Спачатку дазваляецца даслаць пяць картак, потым гэтая колькасць павялічваецца. Атрыманыя паштоўкі рэгіструюцца на сайце з дапамогай кода: для беларускіх паштовак ён пачынаецца з BY. Самае галоўнае — не забыцца яго пазначыць на паштоўцы. Акрамя адраса, можна напісаць некалькі слоў — пра сябе і месца жыхарства, пра свой дзень, пра выяву на паштоўцы. Некаторыя просяць, напрыклад, напісаць любімае выказванне вядомага чалавека, але найбольш пажаданняў датычацца выгляду паштовак.
Таму ў Галіны Марчанкі ёсць і іншы стос — гэта беларускія паштоўкі. Вельмі папулярныя архітэктурныя помнікі Беларусі, рамёствы, краявіды і гарадскія замалёўкі, флора і фаўна Беларусі, а таксама карціны з фонду Нацыянальнага мастацкага музея.
— Гэта новая серыя з карцінамі хоць і адрозніваецца нейкімі цёмнымі насычанымі фарбамі, тым не менш пакідае вельмі добрае ўражанне ў замежжы: яны неаднойчы выстаўляліся на сайце як любімыя, — каментуе Галіна.
Кожны ўдзельнік праекта піша свае пажаданні, якую паштоўку яму было б найбольш прыемна атрымаць: некаму патрэбны мульцяшныя героі для сына, іншаму — прыгажуня Мерылін Манро, а трэція цікавяцца картамі. Якраз апошняе пажаданне Галіне ўдалося задаволіць: яна сама зрабіла паштоўку з картай Магілёўскай губерні ХІХ стагоддзя. Як патрыёт сваёй справы, хоча атрымаць выявы... з паштовымі скрынямі, але пакуль яшчэ надзеі на гэта не спраўдзіліся.
— Я чакаю паштоўкі з нецярплівасцю, — прызнаецца Галіна. — Апошнія дзве паштоўкі літаральна днямі прыбылі з ЗША і Канады. Але дагэтуль два з паловай тыдні нічога не было, і я вельмі засмучалася: "Чаму мне ніхто не піша?" А калі дастала са скрыні паштоўкі, была такая шчаслівая. Калі ж першым іх дастае муж, ён часам прымушае мяне танцаваць!
Калі ў вашу паштовую скрыню ўжо даўно нічога не трапляла, акрамя рахункаў, рэкламы і газет, то самы час заняцца пасткросінгам. Гэта верне забытае дзіцячае пачуццё чакання вестак ад сяброў: трымаць у руцэ сапраўдную паштоўку з далёкага кутка свету вельмі прыемна.
— Пошта вельмі зацікаўлена ў развіцці пасткросінгу, — кажуць супрацоўнікі "Белпошты".
У Беларусі, паводле Вікіпедыі, сёння больш за 8 тысяч аматараў пасткросінгу. Сама Галіна далучыла да гэтай справы калегу — начальніка аддзела маркетынгу Магілёўскага філіяла "Белпошты" Вольгу Яроміну, і яна цяпер таксама аматарка сучаснага паштовага праекта.
— Гэта не проста забава, сродак стасункаў з людзьмі па ўсім свеце і пашырэння кругагляду, — гаворыць Галіна Марчанка. — Да таго ж, гэта прыгожа, цікава, стыльна і прыносіць шмат станоўчых эмоцый.
Ілона Іванова.