Верым, спадзяёмся, чакаем...
Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" перадае з Фінляндыі
Учора ў хельсінскім метрапалітэне, дзе пасажыры адчуваюць сябе надзвычай камфортна, бо інтэрвал паміж цягнікамі такі, што ніколі няма таўкучкі, быў арганізаваны адлоў "зайцаў". Тут пры ўваходзе ў "падземку" галоўным кантралёрам выступае сканер. А паколькі некаторыя пасажыры могуць праскочыць праз аўтамат без білета ці зэканоміць на праязным і не падаць яго да апарата, які спісвае грошы, то вялікая брыгада кантралёраў у кампаніі з паліцэйскімі чакала халяўшчыкаў глыбока пад зямлёй пры сходзе з эскалатара. Такую карціну давялося бачыць упершыню за амаль два тыдні знаходжання ў сталіцы. А гэта азначала толькі адно: у горадзе ідзе да завяршэння кваліфікацыйны раўнд хельсінскага этапу чэмпіянату свету па хакеі, і многія балельшчыкі сёння-заўтра раз'едуцца па Еўропе. І некаторыя з іх вырашылі не купляць месячны праязны на ўсе віды грамадскага транспарту за 92 еўра. А раптам праскочыць, хоць штраф за безбілетны праезд у тым жа метро — 120 еўра. Выбар у кожнага свой.

У нас былі свае планы на апошні дзень на фінскай зямлі, паколькі беларусы ўжо даўно страцілі шанцы на чвэрцьфінал. Дзённая гульня Беларусь — Канада, адпраўка заключнага рэпартажу ў рэдакцыю, паром па маршруце Хельсінкі — Талін роўна суткі, каб праз усю Прыбалтыку вярнуцца ў Мінск.
Сустрэча з роданачальнікамі хакея і дзеючымі алімпійскімі чэмпіёнамі насіла ў многім фармальны характар. Канадцы пры ўсіх раскладках ужо забяспечылі сабе выхад у наступны этап турніру і лічацца аднымі з галоўных прэтэндэнтаў на лаўры сёлетняга чэмпіянату свету. А беларусы, якія паспелі тут згубіць частку свайго станоўчага іміджу, ужо нічога не страчвалі. Хоць што-нішто ўсё ж такі было пастаўлена на кон падначаленымі Кары Хейкеля. Па выніках сёлетняга турніру 9 лепшых каманд па рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІHF) аўтаматычна атрымаюць права на ўдзел у зімовых Алімпійскіх гульнях-2014 у Сочы. Астатнія тры пуцёўкі будуць разыграны ў два этапы ў наступным годзе. Дык вось, Беларусь можа прэтэндаваць не толькі на ўдзел у заключным другім этапе за месца ў алімпійскай эліце, але і стаць гаспадаром вырашальнага кваліфікацыйнага этапу. Пры ўмове, што каманда Латвіі, якая ў Стакгольме выступіла гэтак жа няўдала, як і беларусы, не зменіць сваю 12-ю рэйтынгавую пазіцыю на радок вышэй, дзе да гэтага часу ўтрымліваецца беларуская зборная. Менавіта аб гэтым журналіст "Звязды" пагутарыў са старшынёй Беларускай федэрацыі хакея Яўгенам Ворсіным, які задоўга да пачатку сустрэчы з'явіўся ў прэс-цэнтры. Каментуючы вынікі выступлення беларусаў у Хельсінкі, Яўген Мікалаевіч падкрэсліў, што цяперашні чэмпіянат свету — не наш. Не шанцуе, няма фарту, а камусьці з хакеістаў і элементарнага майстэрства. Колькі было момантаў, калі шайбе дзявацца не было куды, заключыў старшыня БФХР, аднак забіць не можам.
Матч Беларусь—Канада, які завяршыўся з лікам 5:1 не на нашу карысць, паказаў, што ў беларусаў рэалізацыя галявых момантаў — гэта сапраўдны галаўны боль. Адзінае ўзяцце варот было арганізавана братамі Касціцынымі. Але, як вядома, гэты сімптом паддаецца лячэнню. Галоўнае — своечасова знайсці неабходныя лекі і доктара-прафесіянала.
Уладзімір ЗДАНОВІЧ.
Хельсінкі.