"Адкуль у парку Чалюскінцаў узяцца ласям?"
Некаторыя мінчане сцвярджаюць, што раніцай 15 мая бачылі ў парку Чалюскінцаў двух ласёў, якія спакойна прагульваліся паміж дрэў. У інтэрнэце ў пацвярджэнне гэтаму нават ёсць фота, зробленае на мабільны тэлефон.
Што ж забыліся дзікія жывёлы, лічы, ля цэнтральнага праспекта сталіцы, патлумачыў карэспандэнту "Звязды" загадчык лабараторыі тэрыялогіі навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах Пётр Ко́зла:
— Магчыма, гэта былі маладыя ласі, узростам недзе год-паўтара. Справа ў тым, што май — "перыяд перамен" у ласіных сем'ях. Нараджаюцца малыя ласяняты. А старэйшыя, як гэтыя, пасля з'яўлення ў іх маці новых дзяцей, павінны аддзяліцца ад яе і знайсці сабе тэрыторыю для жыцця. Маладыя ласі блукаюць у пошуках новага месца жыхарства і часам, па нявопытнасці, падыходзяць блізка да людзей. Цікава, праўда, як жывёлы трапілі ў парк Чалюскінцаў? Наколькі я ведаю, ён па ўсім перыметры абгароджаны плотам.
Аднак у адміністрацыі парка факт "наведвання" яго ласямі абверглі:
— Пацвердзіць гэтую інфармацыю не магу. На маёй памяці ў парку Чалюскінцаў з дзічыны сустракаліся толькі качкі. Адкуль тут узяцца ласям? Яны што, на каруселях не пакаталіся і квіткі прыйшлі здаць? — пажартаваў галоўны інжынер УП "Гарадскія паркі Мінскзелянбуда" Юрый Ганчароў.
Тым не менш, як адзначылі ў цэнтры па біярэсурсах, лось цяпер — не рэдкі від. Сёння гэтыя жывёлы насяляюць і лясы вакол Мінска. Гэта вельмі спрыяльны раён у тым плане, што тут забаронена паляваць, а таму ласі адчуваюць сябе спакойна і бяспечна.
Ганна ГАРУСТОВІЧ