На новы лад

Источник материала:  
Кантрольныя закупкі

Пытанні якасці абслугоўвання спажыўцоў уздымаліся яшчэ ў канцы 20-х — пачатку 30-х. І, паверце, усе нашы нараканні на сучасны гандаль — такая дробязь у параўнанні з тым, што было тады, напрыклад, у мінскіх крамах! Асноўнае, на што ўдзельнікі кантрольных закупак звярнулі ўвагу, — чэргі:

"Затрацілі наступную колькасць часу на куплю тавараў: у пяці выпадках — 10 хвілін, у 7 выпадках — 20 хвілін, у чатырох — 30, у адным — 40, у адным — 5, у двух — 60, у адным — гадзіну і 10 хвілін, у двух — 1 гадзіну 20 хвілін. Чэргі ў некаторых выпадках даходзяць да 70 чалавек (гэта бакалейна-харчовы гандаль, які абслугоўвае спажыўца прадуктамі штодзённага ўжытку, чэргі тут са дня ў дзень).

Нягледзячы на дырэктывы, тавары не разважваюцца і не развозяцца.

Папярэдняе разважванне тавараў, якое ў значнай меры паскарае абслугоўванне, не як сістэма, а выпадкова ў практыцы гандлёвых арганізацый.

Спажыўцы не могуць карыстацца прэйскурантам, арыентавацца ў цане і асартыменце тавараў. Прэйскурант ёсць амаль ва ўсіх магазінах, аднак ён няпоўны. Несвоечасова адзначаюцца змены цэн. Мала ўвагі на рацыянальную пастаноўку вітрын, што мае вялікае значэнне, калі не для рэкламы, дык, ва ўсялякім выпадку, для своечасовага інфармавання спажыўца аб тых ці іншых таварах...

Антысанітарыя ў памяшканнях крам і пры абслугоўванні... Брудныя фартухі і рукі прыказчыкаў".

Падлеткі

У канцы 20-х — пачатку 30-х праблемы падлеткаў былі зусім не такія, як у сучасных хлопцаў і дзяўчат. Пра гэта сведчаць многія публікацыі "Звязды". Напрыклад, у адной з іх газета пісала:

"Асноўным пастаўшчыком дзіцячай беспрытульнасці цяпер з'яўляецца вёска і мястэчка. Дзякуючы аграрнаму перанасяленню, слабаму культабслугоўванню дзяцей, падлеткі, не знаходзячы прымянення сваім сілам, ідуць у горад і пападаюць у рады беспрытульных дзяцей.

Так, недалёка ад Шклова знаходзіцца дзіцячая камуна з 40 выхаванцамі. Кіраўнікі так кіравалі гаспадаркай, што давялі яе да поўнага развалу. Дзеці голыя і босыя, пасцельнай бялізны зусім няма. Дзеці спяць па двое, а некаторыя ля жалезнай пячы, сумесна з цялятамі, якіх трымалі ў інтэрнаце ўзімку. Падлога за зіму не мылася ні разу. Харчаванне дрэннае..."

Стрэхі — на корм жывёле?

Перыядычна "Звязда" праводзіла апытанні чытачоў, каб высветліць, якія тэмы найбольш ім цікавыя. З публікацый вынікаў аднаго з апытанняў відаць, што сярод запатрабаваных — навіны з Заходняй Беларусі. За навінамі з захаду асабліва пільна сачылі ў 1929 годзе. У адным з артыкулаў "Жудасць голаду ў Заходняй Беларусі" Ан. Сталевіч расказвае пра падзеі на Віленшчыне і Навагрудчыне:

"...размеры і вастрата голаду настолькі прынялі пагражаючыя формы, што на днях варшаўскія газеты, у тым ліку нават урадавыя, пачалі ўдзяляць шмат месца голаду на "крэсах".

Апошні 1928 год стаўся ў сапраўднасці па недароду катастрафічным і абярнуўся ў злыбяду голаду, а насельніцтва стаіць "на парозе фармальнай галечы і даведзена да крайняй роспачы".

Жудасны стан на Віленшчыне: "зрыванне стрэх для корму жывёлы — паўсямеснае з'явішча. Шмат дзе выбухнула эпідэмія галоднага тыфусу. Удзень здараецца па некалькі выпадкаў самагубства, чаго не адзначалі нават найстарэйшыя мясцовыя хронікі".

Палац навукі

Так аўтары "Звязды" ахрысцілі ўніверсітэцкі гарадок.

"У цэнтры Мінску вырасла ўжо частка будучага беларускага ўніверсітэцкага гарадка. У сучасны момант заканчваецца пабудова чатырох акадэмічных карпусоў — медыцынскага, анатамічнага, прыродазнаўчага і хімічнага.

... у вялікіх аўдыторыях, секцыйных залах, музеях, вестыбюлях, што зараз будуюцца, ажыццяўляюцца ўпершыню ў Савецкім Саюзе... перакрыцці пад пралётамі да 25 метраў без падпор... Дагэтуль такія перакрыцці... рабіліся толькі ў Нямеччыне.

Што ж будзе ўяўляць сабой універсітэцкі гарадок у скончаным выглядзе?

Гарадок знаходзіцца на тэрыторыі 14 гектараў зямлі, якія выходзяць на 5 вуліц...

Пасля пабудовы першых пяці акадэмічных карпусоў... згодна праекту, мяркуецца пабудаваць два інтэрнаты для студэнтаў на дзве тысячы чалавек, студэнцкі клуб з тэатральнай залай, сталоўку, інтэрнат для прафесуры і рад жылых і адміністрацыйных карпусоў...

Адначасова з будаўніцтвам універсітэцкага гарадка ў агульным з ім плане сёлета пачынаюцца работы па пабудове клінічнага гарадка і беларускай дзяржаўнай бібліятэкі".

А ў матэрыяле "Падымем кваліфікацыю журналіста" аўтары "Звязды" выказваюць свае пажаданні па падрыхтоўцы кадраў у Кабінеце журналістыкі, які адчыняецца пры Беларускім камуністычным універсітэце:

"Сістэматычныя выстаўкі як савецкага, так і замежнага друку, сістэматычны агляд прэсы з паказаннем недахопаў — няўмення той ці іншай газеты як след паставіць кампанію, хібы ў пастаноўцы інфармацыі і г.д., правядзенне семінараў на аснове жывых газетных матэрыялаў — вось у асноўным у чым павінна выяўляцца работа габінету журналістыкі".

Там, дзе беларусізацыю праводзяць машыністкі

Паласа з такой назвай выходзіць у "Звяздзе" 30 мая 1929 года.

"Даволі красамоўных рэзалюцый і пажаданьняў, даволі няньчыцца з сабатажнікамі беларусізацыі — ім ня месца ў нашым апараце. Партячэйкі і прафсаюзы — больш адказнасьці за нацработу", — з такімі заклікамі выступала газета і пры гэтым адзначала, што ў партыйным апараце "справа беларусізацыі пастаўлена фармальна, "беларусізуюць", праўдзівей, выручаюць апаратчыкаў толькі машыністкі сваімі перакладамі.

У дзяржплане ўся тэхнічная праца апарату беларусізавана на 90-95 проц. Але зусім не беларусізавана праца кан'юн- ктурнай секцыі. Даклады і іншыя складаныя матэрыялы пішуцца выключна на расійскай мове па тэй прычыне, што ніводзін працаўнік ня ведае беларускай мовы. Гутаркі, даклады на пасяджэннях секцыі і на прэзыдыуме вядуцца на расійскай мове".

Аўтары "Звязды" адзначаюць, што нейкія зрушэнні ў галіне беларусізацыі ў партячэйках носяць фармальны характар, маўляў, тыя "выносяць красамоўныя рэзалюцыі па дакладах аб нацпытанні, даюць дэрэктывы, а правяраць дэрэктывы забываюцца", пры гэтым на старонках газеты прыводзяцца прыклады, што многія супрацоўнікі дзяржаўных устаноў беларускую мову ведаюць, але ёй не карыстаюцца.

Не раз ад "Звязды" даставалася і аўтарам разнастайных кніг, брашур, службовых інструкцый, таксама крытыкаваліся пераклады з рускай на беларускую мову, надпісы на шыльдах устаноў. Напрыклад, назва аднаго з артыкулаў гаворыць сама за сябе — "Спыніце здзекі над чытачом": "Белсапрамсаюз выпусьціў твор,... які павінен з'явіцца настольнай кніжкай кожнага кааператара, але напісана яна такою моваю, што наўрад ці зразумеюць яе самі аўтары, не гаворачы ўжо пра нізавых кааператараў... Гэткае "жывой" канцылярскай мовы не прыдумае нават самы найлепшы фельетаніст... здаецца, што ўжо пара пакласці канец такім здзекам над беларускай мовай і над чытачамі такіх кніг"...

"Назоўнік" ці "прадметнік"

Новаму выданню Браніслава Тарашкевіча "Беларуская граматыка для школ" прысвечаны артыкул Язэпа Лёсіка за 23 мая 1929 года.

"Новае выданне цікава тым, што Тарашкевіч з'яўляецца аўтарам нашага правапісу і аснавапаложнікам граматычных нормаў беларускае літаратурнае мовы. Прайшло 10 год (першае выданне выйшла ў 1918 годзе), вось і цікава даведацца, што аўтар знайшоў патрэбным змяніць або паправіць ці дадаць пасля 10-летняй практыкі...

... пераважная большасць новае тэрміналёгіі ўзята з нашых граматык, але, відаць, наша тэрміналёгія бралася практычна, бо адны тэрміны прымаліся, а другія замяняліся новымі аўтарскімі наватворамі або перайманнямі, як напрыклад, прадметнік (у нас назоўнік. Рас.: существительное), прадлог (у нас прыназоўнік), пасрэднік (у нас, як і раней у аўтара. — кропка з коскаю). Імя собскае (раней, як і ў нас цяпер — імя ўласнае), неазначальнік (інфінітыў) і некаторыя іншыя...

...Тэрмін неазначальнік, як інфінітыў (неазначальная форма, па рас.: неопределённое наклонение), трэба прызнаць трапным. Гэтаксама нельга нічога сказаць і проціў строга беларускага тэрміну "прадлог"... Што да слова "прадметнік" (назоўнік, Рас.: имя существительное), то яно само па сабе даволі трапнае. Але гукавая блізасць да суседняга тэрміну "прыметнік" робіць яго непэдагагічным...

... у правапісе ёсць маленькая ўступка яканьню, якая наўрад ці спадабаецца нашым школам. Вот гэтая папраўка... "калі ў слове націск на прыстаўцы (найчасцей вы), то яканьне можна адзначыць так, як быццам слова стаіць без прыстаўкі: ляцець — выляцець, мяняць — вымяняць... Але "е" замяняецца на "я": нёс — выняс, вёс — вывяз, лёт — вылят, дзёр — выдзяр, вёў — вывяў і г.д. Такое пісанне выдаецца больш простым і рацыянальным. Чым ляцець — вылецець, вёз — вывез і г.д.".

Нам жа думаецца, што "больш проста і рацыянальна" пісаць так, як пісалі 10 год, г. зн. пасьля націску ў аснове пакідаць ненаціскное карэннае "е", каб не рабіць лішніх правіл і выключэньняў.

Трэба дадаць яшчэ, што гэтае выданньне і з боку правільнасці і чыстаты мовы ўступае першаму. Усё гэта можна аб'ясніць вастрожнымі ўмовамі, у якіх складалася кніжка. Як вядома, аўтар сядзіць у польскім вастрозе і ня мог мець пад рукою патрэбных крыніц і падручнікаў...".

Алена Дзядзюля.

←Автобусный маршрут № 199С "ДС Шабаны - Пос. Сосны" открывается в Минске с 16 мая

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика