Ці з'явіцца ў Беларусі Дзень партызанаў і падпольшчыкаў?

Источник материала:  

Вялікі рэзананс выклікала публікацыя матэрыялаў "круглага стала" "Векапомныя дні: фронт у тыле ворага" за 24 сакавіка 2012 года. Водгукі чытачоў змяшчаліся на старонках "Звязды" 5, 10, 17 красавіка, 5 мая.

Дзень Перамогі я сустрэў у Берліне!

А назаўтра, 10 мая 1945 года, адзначыў сваё 18-годдзе.

Я, былы партызан Беларусі, уважліва азнаёміўся з матэрыяламі, змешчанымі пад назвай "Векапомныя дні: фронт у тыле ворага: ці з'явіцца ў Беларусі Дзень партызанаў і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай вайны?

Лічу, што Дзень партызанаў даўно павінен быў быць. Прычым не так важна, у які дзень гэтая дата будзе адзначацца.

Як кажуць у народзе, лепш пазней, чым ніколі.

Лічу, што партызаны і народ Беларусі заслужылі гэты Дзень — сваімі гераічнымі подзвігамі, добраахвотна змагаючыся з лютым, крывавым ворагам.

Згодзен і падтрымліваю ўсіх удзельнікаў "круглага стала" за іх прапановы адносна Дня партызанаў і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай вайны ў нашай роднай Беларусі.

Неабходна прыняць да ўвагі і такі аргумент. Наша Беларусь была прызнана партызанскай рэспублікай краінамі антыгітлераўскай кааліцыі. Адным з фактараў гэтага прызнання быў усенародны партызанскі рух у Беларусі.

І тое, што Беларусь стала ўдзельніцай стварэння Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ААН), ёсць доля заслуг партызанаў і падпольшчыкаў. (Я так лічыў, лічу і буду лічыць.) Прашу прабачэння, дрэнна бачу, і ўзрост ужо не той, каб добра пісаць...

Дзень Перамогі 9 мая святкаваў разам са сваім 85-годдзем: нарадзіўся я 10 мая 1927 года.

Аляксандр МАЗУРКЕВІЧ,

былы партызан брыгады імя В. Чкалава.

Дзеля светлай памяці аб вялікім подзвігу

Паважаная рэдакцыя "Звязды"!

Нам не часта даводзіцца пісаць у СМІ. Але пры абмеркаванні тэмы "круглага стала", праведзенага ў рэдакцыі па вашай ініцыятыве, пра ўсталяванне памятнай даты, Дня партызанаў і падпольшчыкаў, — мы, простыя людзі, не павінны і не можам маўчаць. ВАВ пакінула раны, якія не зажываюць і краваточаць амаль у кожнай беларускай сям'і, дзе кожны, хто мог, па закліку свайго сэрца аказваў супраціўленне гітлераўскім вылюдкам. І гэтая барацьба вялася на ўсёй тэрыторыі нашай рэспублікі з першых дзён вайны. У прыватнасці, да прыкладу, з 8.07.1941 г. бацька маёй жонкі Дубоўскі Яўціх Лаўрэнавіч, 1905 года нараджэння, змагаўся ў радах партызанаў групы Лабзава П.Л. у Драгічынскім р-не Пінскай вобл., і з 16.08.1941 г. — у групе Варанцова ў Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., дзе і загінуў у баях з фашызмам за Радзіму. Магіла яго да гэтага часу невядомая.

Мае старэйшыя сёстры, 1922 і 1923 гадоў нараджэння, Карповічы Любоў Якаўлеўна і Алена Якаўлеўна, з першых дзён акупацыі нашага пасёлка Глуша Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. сталі сувязнымі партызанскага атрада імя Пархоменкі (камандзір Храпко, камісар Качагураў — іх імёнаў, прабачце, сёстры не памятаюць). У 1942 г., выходзячы на сувязь з партызанамі, у лесе, сёстры былі схоплены эсэсаўцамі і пасля катаванняў у мясцовай камендатуры і гарнізоннай у бабруйскай крэпасці сасланы ў канцлагеры Асвенцым і Флосенберг.

Наш народ будзе вечна помніць пра раны, нанесеныя самай жорсткай вайной у гісторыі чалавецтва.

І дзеля светлай памяці аб вялікім подзвігу ў гады неймаверных выпрабаванняў і барацьбы з ворагам, Дзень партызанаў і падпольшчыкаў павінен быць. І ў гэтым, мы думаем, нікога не трэба пераконваць.

Усенароднага абмеркавання не патрабавалі ўстаноўленыя святы і памятныя даты, якімі запоўнены ўсе нядзельныя дні і многія будні ў годзе ў гонар амаль усіх катэгорый працоўных розных прафесій і спецыяльнасцяў.

Дык ці можа ўзнікнуць у каго-небудзь сумненне ў тым, што такой пашаны не заслугоўваюць народныя мсціўцы — партызаны, нашы бацькі і дзяды, сёстры і маці, нават дзеці, многія з якіх аддалі жыцці за нас, якія жывуць, за свабоду і незалежнасць нашай роднай Беларусі?

Мікалай КАРПОВІЧ,

мая жонка Зінаіда ДУБОЎСКАЯ,

і наша дачка Ірына ПРАХАРЭНКА.

г. Віцебск.

З'ява сусветнага маштабу

Газета "Звязда" распачала даволі цікавую тэму, якая вылілася ў пасяджэнне круглага стала. У прыватнасці, мне вельмі спадабаўся ход гэтага пасяджэння, якое датычылася разгляду пытанняў партызанскага руху на Беларусі. На самай справе, гэта з'ява сусветнага маштабу.

Сёння ўсімі прызнана, што партызанскі рух на Беларусі з'яўляўся адным з найбольш шырокіх. Ён быў усеагульным. Партызанскі рух на Беларусі быў у пэўным сэнсе самастойным, бо ніхто нікога не прымушаў у ім удзельнічаць, гэта была позва сэрца і г.д.

З краін Еўропы, дзе быў шырока разгорнуты партызанскі рух, на першае месца можна паставіць нашу Беларусь; адметна вылучаліся таксама Расія, Украіна, Югаславія — гэта асноўныя краіны, пра якія можна гаварыць у сувязі з усенародным характарам партызанскага руху ў гады Другой сусветнай вайны.

Беларусь называюць рэспублікай-партызанкай. І гэта сапраўды так. Каб абазначыць вось гэтую спецыфіку барацьбы нашага народа з акупантамі, уклад Беларусі ў Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, я лічу, што Дзень партызанаў і падпольшчыкаў у Беларусі павінен быць.

Уладзімір Адамушка, дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Даніна вечнай памяці

Члены літаратурнага аб'яднання "Доблесць" і студыі ваенных пісьменнікаў, якія працуюць пры Цэнтральным Доме афіцэраў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, падтрымліваюць прапанову ўдзельнікаў пасяджэння "круглага стала" "Векапомныя дні: фронт у тыле ворага" (24 сакавіка 2012 года) аб усталяванні ў Рэспубліцы Беларусь памятнай даты — Дня партызанаў і падпольшчыкаў як даніну вечнай памяці мужным народным мсціўцам, што самааддана змагаліся за незалежнасць нашай Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Гэтае рашэнне аднагалосна падтрымана па прапанове старэйшага пісьменніка рэспублікі, актыўнага ўдзельніка партызанскага руху на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Алеся Савіцкага на чарговым пасяджэнні літаратурнага аб'яднання "Доблесць".

Яўген КАРШУКОЎ,

кіраўнік Студыі ваенных пісьменнікаў.

←Автобусный маршрут № 199С "ДС Шабаны - Пос. Сосны" открывается в Минске с 16 мая

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика