Алена Брава: "Літаратура — гэта ахвяраванне..."

Источник материала:  

З пісьменнікам — пра жыццё і літаратуру

Наш суразмоўца — журналістка і пісьменніца. Аўтар кнігі "Каменданцкі час для ластавак". Яе аповесці і раман "Менада і яе сатыры" друкаваліся ў часопісах "Маладосць", "Нёман", "Сибирские огни". Творы Алены Брава перакладзены на рускую, нямецкую і іншыя мовы. Расійскія калегі адзначылі беларускую пісьменніцу медалём Канстанціна Сіманава. Пра літаратуру і жыццё мы і вырашылі пагутарыць з таленавітай пісьменніцай, якая жыве і працуе ў Барысаве.

Алена Брава: "Літаратура — гэта ахвяраванне..."— Алена, проза — цяжкі мужчынскі занятак, а ты ж яшчэ і вершы пішаш... Нават не пытанне хачу задаць, а проста разважаю: цяжка, відаць, па-сапраўднаму перажываць тое, што выпісваеш, фіксуеш словам, выцягваеш з жыцця.

— Дазволю сабе не пагадзіцца з тым, што проза — мужчынскі занятак. Проста ў нашым сацыяльным асяроддзі так, а не іначай, традыцыйна лічылася. Стэрэатып такі быў... "Раптам" выявілася, што многія рэчы, якія лічыліся мужчынскімі, жанчына здольная зрабіць не горш. У тым ліку і пісаць прозу. Давайце ўдакладнім: перажыванне першаснае, затым ідзе "фіксацыя словам". "Выцягнуць з жыцця" ў тэкст можна толькі тое, што прапушчана праз сэрца. Калі нешта мяне моцна зачапіла, я не стану надаваць гэтаму завершаную форму, пакуль не выйду з эпіцэнтра эмоцыі. У мяне, відаць, нізкі парог болевага пачуцця, а парог цярпення надта высокі, як і ў большасці беларусаў. Час ідзе, пачуццё болю слабее, але не праходзіць зусім. Здаецца, у псіхалогіі гэта называецца затрыманнем афекту. І пасля прыходзіць час, калі я адчуваю, што магу вярнуцца да зыходнай сітуацыі. Фарбы злёгку пабляклі, але яшчэ дастаткова жывыя. Так, аповесць пра Кубу была напісана праз дванаццаць гадоў пасля таго, як я пакінула гэтую краіну. Надаць перажыванню форму — значыць канчаткова пераадолець яго. Акт, працэс напісання лекавы сам па сабе, але тэрапеўтычнае значэнне набывае толькі з тае прычыны, што атрымліваецца надаць болю дасканалую форму. Менавіта таму я доўга працую над стылем, часта вяртаюся да напісаных тэкстаў.

— Усе твае творы — гэта перажытае ці мастацкі вымысел?

— Адштурхоўваюся ад рэальных падзей — ці то гэта факты маёй уласнай біяграфіі, ці то яны вылаўлены з жыцця іншых. Пасля, у працэсе працы, нанізваю на гэты стрыжань прыдуманыя дэталі. Часта "дару" гераіням тую ці іншую падрабязнасць сваёй біяграфіі. Найбольш блізкі да нон-фікшн тэкст — гэта "Каменданцкі час для ластавак". Аповесць пісалася на аснове дзённікаў, якія я вяла на Кубе, куды паехала разам з мужам і дачкою ў 1989 годзе. У нас якраз ішла перабудова, улады СССР адмовіліся матэрыяльна падтрымліваць Кубу. Фідэль Кастра ў адказ абвясціў у краіне "асаблівы перыяд" — гэта жорсткая карткавая сістэма плюс ідэалагічнае супрацьстаянне новым павевам з Масквы. Вось на такую Кубу я патрапіла ў якасці "саўкубінкі" — савецкай жонкі кубінца. Можна зараз паехаць у Сант'яга-дэ-Куба і прайсці з кнігай па горадзе, звяраючы назвы вуліц, крам, кавярняў і музеяў, пастаяць у чэргах па нарміраваныя прадукты і пачуць тыя фразы, якія вымаўляюць кубінцы ў аповесці, убачыць лозунгі на фасадах будынкаў. Усе дэманстрацыі і дзяржаўныя святы, вучэнні на амерыканскай ваеннай базе ў Гуантанама датаваны дакладна. Дакументуючы ўсё гэта, я менш за ўсё наважвалася калі-небудзь зрабіць з гэтага "літаратуру". Я ж збіралася застацца там назаўсёды, у мяне і пашпарт быў аформлены на ПМЖ, так што ні пра якое прыгожае пісьменства не думалася.

Калі аповесць была надрукавана, чытачоў усё гэта шакіравала: настолькі маё прыватнае апісанне адрознівалася ад Кубы "вачыма турыста". Вядома ж, як інакш — я ўсё бачыла знутры, стаяла ў чэргах па нарміраваныя прадукты, вадзіла дачку ў мясцовую паліклініку, сябравала з такімі ж, як я, "саўкубінкамі" з Масквы, Піцера, Кіева, Мінска. Адкрываючы для сябе чужы свет, я ўсведамляла каштоўнасць уласнага — сваёй душы і таго, што завецца культурнай прасторай. Тады, на пачатку дзевяностых, мы сваё ўласнае дружна ганьбілі, высмейвалі, ненавідзелі. Выплюхнулі разам з вадой і дзіця — патрыятызм, гонар лепшымі старонкамі нашай гісторыі. І патрэбна было патрапіць у бананава-цукровы рай, каб адчуць такую "старамодную" любоў да Радзімы. Мяркую, што гэтая асаблівасць — паступовасць вяртання да "сябе-сапраўднай" — і паказана мною ў характары гераіні аповесці Алесі, якая пачынае з пошукаў шчасця, а заканчвае пратэстам супраць "псеўдажыцця".

— Ці не падаецца табе, што сапраўдны мастак аказваецца заложнікам, асуджаным на пастаянны выбар: варта расказваць праўду ці ўсё ж такі трэба паказваць герояў, персанажаў дастойнымі людзьмі?

— Не, не падаецца. Я лічу сваім абавязкам расказваць менавіта праўду, хоць пры гэтым мне часта даводзіцца разбіваць тыповыя ілюзіі. Калі выйшаў раман "Менада і яе сатыры", я атрымала шмат водгукаў. Нязвыклая, пагадзіцеся, сітуацыя для беларускага тэксту? Тым не менш, гэта было менавіта так. Раман аказаўся люстэркам. Выказванні былі ад удзячнасці і наіўна-шчырага: "Гэта ж пра мяне, адкуль вы даведаліся?" да абраз. Адна пенсіянерка-настаўніца заявіла мне па тэлефоне: "Мне не патрэбна ваша "тьма низких истин", пакіньце мне мае ілюзіі, мой "возвышающий обман!". Так, усё так, існаванне чалавека ў СССР было падобным на стан насякомага ў бурштыне — унутры вялікай Ілюзіі. Самападман прыгожы, але ён непазбежна завяршаецца. Жыццё разбівае фантазіі, а разам — і ваша сэрца. Гэта не так ужо дрэнна, бо сэрца, як пісала Цвятаева, павінна быць разбіта, праблема ў іншым: чалавечае жыццё дужа кароткае, і шанцу пражыць яго наноў, выканаўшы работу над памылкамі, няма. Развітвацца з ілюзіямі трэба своечасова — гэта адзіны шлях да сталення і грамадства, і чалавека. Увогуле, на мой погляд, адлюстраванне таго, "як не трэба жыць і не трэба любіць", партрэт антыгероя здольныя выхоўваць лепш, чым самая правільная рыторыка.

— Мараль часта разыходзіцца з прагматычнымі дзеяннямі чалавека. Ты даследуеш мараль ці ты проста пішаш пра тое, што сустрэла ў жыцці?

— Зразумела, я не звяраю свае тэксты ні з дзесяццю запаведзямі, ні з маральным кодэксам будаўніка камунізму. Я пражыла на свеце дастаткова доўга і прачытала дастаткова шмат выдатных кніг, каб мець аснову меркаваць, што ўва мне сфарміраваўся ўнутраны зрок, які дазваляе адрозніць дрэннае ад добрага і разглядзець зло ў самым распаўсюджаным яго варыянце — зло звычайнае, жыццёвае, побытавае. Як і гераіня аповесці "Рай даўно перанаселены", я так і не набыла выратавальнага "замыльвання вачэй" (таго, што, несумненна, падаўжае жыццё). Многія мае тэксты даследуюць узаемаадносіны знутры сям'і: маці і дачка, бабуля і ўнучка. Так, гераіня "Рая..." займаецца падрабязнай рэканструкцыяй уласнага дзяцінства, свет якога быў расколаты, на яго "цёмным" баку засталася любімая бабуля, чыю душу не змаглі высушыць ні вайна, ні смерць блізкіх, ні таўро дачкі ворага народа. Усе лініі расповеду цягнуцца да вобраза бабулі. Яна ўвасабляе сабою духоўнасць і мараль, у адрозненне ад маці апавядальніцы, якая нарадзілася "пад халоднымі сонцамі ўяўных велічынь" і зрабіла дамінантай свайго існавання самападман (у тэксце — "закон Шклянога Яйка"). Гэта значыць мараль не даследуецца адасоблена, яе носьбітам выступае той ці іншы чалавек.

— А ўвогуле, што, па-твойму, ёсць праўда ў літаратуры, наколькі яна адрозніваецца ад праўды ў жыцці?

— Жыццё поўнае шалупіння, другаснага і неажыццёўленага, побытавага смецця, за якім губляюцца рысы тыповага. Не капіраваць рэальнасць слепа, а адкінуць "мелких правд пустую прю", вылушчыць з абалонкі ядро ісціны і ёсць галоўная справа літаратуры. Толькі тады яна зможа здзівіць, абудзіць, адкрыць вочы, прымусіць чытача ўсклікнуць: "Ну і ну, я гэтулькі гадоў варыўся ў гэтым катле і, аказваецца, нічога не разумеў!".

— Крыху пра форму... Хто аказвае на тваё пісьмо ўплыў? Ці лічыш ты, што ў мастацтве, літаратуры аднолькава важна, Што сказаць і Як сказаць?

— Не магу назваць некага аднаго, хто аказаў на маё пісьмо ўплыў. Я заўсёды шмат чытала, шмат чытаю і зараз. У асноўным гэта літаратура Германіі, Аўстрыі, Расіі, Францыі і, вядома ж, Беларусі. Стараюся сачыць за навінкамі рынку, але часцей перачытваю. У мяне ёсць аўтары, да якіх вяртаюся пастаянна. Гэта Крыста Вольф, Франц Кафка, Петэр Хандке, Мішэль Уэльбек, Уладзімір Набокаў, Людміла Петрушэўская, Міхась Стральцоў. Магчыма, я вучуся ў тых, каго люблю.

Зразумела, змест і форма аднолькава важныя. І ёсць яшчэ нешта, народжанае са зліцця таго і другога, што я назвала б энергетыкай аўтара. Менавіта гэтае "нешта" прымушае, пры цяперашняй колькасці выдадзенага, дачытаць тэкст да канца. Многія фармальна завершаныя тэксты пазбаўлены энергетыкі. Але чытача ніколі не "заякарыць", не ўтрымае абыякавае сэрца аўтара. Цяпер жа нават пра страшнае, жахлівае спрабуюць пісаць прыгожа, "гламурна". Не хачу сказаць, што пісаць трэба выключна крывёю, але разам з жывой аўтарскай эмоцыяй тэкст губляе магчымасць водгуку. Ускладняецца хітрая сістэма тропаў-падпорак — для таго, каб схаваць унутраную пустэчу. Зразумела, што аўтар — таксама чалавек, і яму не хочацца ўвесь час "кровью чувств ласкать чужие души". Але справа ў тым, што пісьменнік не можа дазволіць сабе быць абыякавым чалавекам. Літаратура — гэта ахвярапрынашэнне.

— У "Маладосці", а следам і ў расійскіх "Сибирских огнях" надрукавана твая аповесць "Дараванне". Чаму тэма вайны хвалюе і цябе? Няўжо ўсё ў свеце згодна з Каменскім: "Нельга пакласці канец войнам, прадаўжаючы іх весці, сваркам, міжусобіцам, распальваючы іх, праследаванням, праследуючы людзей. Для гэтага трэба наладзіць поўную змену гэтых спраў"... Літаратура, можа, здольная "наладзіць поўную змену гэтых спраў"?

— У час майго жыцця на Кубе я ўпершыню сутыкнулася з тым, што зараз вызначаю як катастрафічную ў цэлым для чалавецтва рысу — адсутнасць гістарычнай памяці. Мяне ўразіла, як цэлы народ паўтарае памылкі, якія ўжо зроблены іншымі. Я ўсяляк імкнулася "адкрыць вочы" сваім сябрам-кубінцам, але тут выявіўся яшчэ адзін феномен: людзі ў літаральным сэнсе слова закрывалі рукамі вушы, яны не хацелі чуць. Дарэчы, цяпер многія з маіх апанентаў сталі эмігрантамі, і яны мне гавораць: "Ты гаварыла праўду!". Так, але чаму я бачыла гэта тады, а яны — толькі зараз?

Нешта падобнае, як мне падаецца, і адбываецца ў адносінах да мінулай вайны. Пасля такой жудаснай мясарубкі чалавецтва проста абавязана адмовіцца ад войнаў як сродку вырашэння праблем. Аднак усё адно войны ўчыняюцца. Чаму? Старажытнагрэчаскае слова "а-летэйя" (ісціна) значыць "адсутнасць забыцця". Страціўшы гістарычную памяць, непазбежна губляеш ісціну. Гераіня "Даравання" Ларыса, прыехаўшы ў Германію з Беларусі, не верыць сваім вачам: у часопісе, які выдаюць былыя аўтахтоны СССР, у рубрыцы "9 мая ў сусветнай гісторыі" нават згадка пра май 1945-га адсутнічае! У выніку былы салдат вермахта Ганс, які страціў розум, захварэўшы на хваробу Альцгеймера, парадаксальным чынам аказваецца адзіным, акрамя Ларысы, носьбітам гістарычнай памяці.

Дарэчы, Ларысе я "падарыла" адзін эпізод з уласнай біяграфіі: вёска, дзе жыла мая бабуля, была спалена ў час акупацыі, і метрыкі майго бацькі згарэлі. Ён пражыў жыццё па дакументах свайго малодшага брата, які задыхнуўся, калі бабуля, хаваючыся з дзецьмі ў лесе ў час аблавы, спрабавала даць малодшаму грудзі, каб ён плачам не выкрыў усіх. У маім імені па бацьку заключаецца імя таго памерлага крохі. А яшчэ мною, як пісьменнікам, кіравала шкадаванне па станоўчым героі. У сённяшнім жыцці я такіх не бачу. Пачуццё, якое запалілася, заіскрылася між юным салдатам вермахта Гансам і беларускай дзяўчынай Зосяй за два крокі ад смерці, настолькі светлае і чыстае, наколькі і "обреченное". Цяжка не плакаць над лёсам Зоі, не суперажываць Гансу, калі ён, будучы ўжо цяжка хворым старым, шукае забойцу каханай.

Можа падацца, што літаратура не здольная зрабіць што-небудзь для "змены ўсіх гэтых спраў". У 1983 годзе была напісана "Касандра" Крысты Вольф — унікальная кніга, якая ўскрывае сам механізм нараджэння вайны. Напісаны дзясяткі таленавітых кніг. І што ў выніку?.. А тое, што, пакуль пішуцца такія кнігі, энтрапія не стане татальнай. Людзі вымушаны будуць помніць, ведаць, суперажываць.

— Ці часта ты, як пісьменнік, задумваешся над тым, што заўтрашні дзень вельмі трывожны, што свет вось-вось можа ўзарваць нейкі "псіхалагічны дынаміт"?

— Колькі сябе памятаю, трывога з'яўлялася маім унутраным фонам. Неяк прачытала ў Алена Роб-Грые пра "зыходную недаўвасобленасць" чалавека, пра "ядро небыцця" знутры яго, якое быццам і нараджае трывогу. Роб-Грые лічыў, што для пісьменніка выратаванне ад "сапраўднай, фундаментальнай трывогі" — у творчасці, стварэнні тэкстаў. А Мішэль Уэльбек сказаў: "Пісьменніцтва — толькі "часовае выратаванне". Паверце, я знаходжу вакол сябе і ў сабе такую масу нагод для трывогі, што нават калі малая іх частка рэалізуецца, свет узарвецца.

Вечарам 11 красавіка ў мінскім метро адбыўся тэракт. 12 красавіка газета "СБ. Беларусь сегодня" выйшла з фотарэпартажам з месца выбуху. Калі не памыляюся, упершыню за ўсю гісторыю Беларусі на першай паласе газеты можна было ўбачыць буйным планам заліты крывёю чалавечы твар. Унутраныя палосы нумара вярсталіся раней, на адну з іх патрапіла і інтэрв'ю са мною, дзе я гавару пра абсурднасць свету, у якім малады драматург прылятае ў Маскву па літаратурную ўзнагароду і гіне ад тэракту. Калі я адказвала на пытанні журналіста "СБ", ніхто і падумаць не мог, што нешта падобнае здарыцца і ў Беларусі. І вось — здарылася...

— Некалі ў Мінску праходзіла канферэнцыя па праблемах "ваеннай" літаратуры. Літаратуразнаўцы з Акадэміі навук раздалі яе ўдзельнікам анкету, дзе было і такое пытанне: што кожны з нас падумаў бы, сказаў бы, зрабіў, калі б даведаўся дакладна, што вось-вось пачнецца ракетна-ядзерная вайна? Што падумала б і зрабіла ты?

— Па праўдзе кажучы, мне дзіўна, што яна да гэтай пары не пачалася. У мяне няма ілюзій адносна чалавечай прыроды. Цяпер ужо і ў нас, у былым СССР, а не толькі на "гнілым Захадзе", вырасла пакаленне людзей, якія гатовы за грошы на любое злачынства. Гэтыя "новыя" сфарміраваліся ў дзевяностыя, і такія паняцці, як "Радзіма", "сумленне", "лёс чалавецтва", для іх увогуле пусты гук ці нешта з вобласці "сцёбу". Сюжэт рамана, у якім нейкі дзеяч прадае чарговаму псіхапату з месіянскім комплексам магчымасць доступу да ядзернай кнопкі, сёння не падаецца такім ужо абсурдным. Як і тое, што магчымасць завалодаць багаццямі здольная цалкам выбіць з галавы вар’ята думку пра тое, што грошы яму ўжо і не спатрэбяцца.

Што тут можна зрабіць? Як ні дзіўна, я веру, што ў чалавецтва ў цэлым ёсць Нехта кшталту добрага анёлка-выратавальніка. Інакш мы з нашай безадказнасцю, глупствам і сквапнасцю даўно ўзарвалі б свет.

— Не страшна становіцца пачынаць новы твор, калі ўспамінаеш пра тое, якія былі папярэднікі... І нават не ў ХХ стагоддзі, а ў стагоддзі ХІХ — Талстой, Дастаеўскі, пра якіх адзін заходні даследчык сказаў: "Каля іх ног па-дзіцячы гуляе ўся сусветная літаратура..."

— Зразумела, параўнанне сябе з гігантамі думкі мінулых стагоддзяў з'яўляецца нядрэннай магчымасцю адвучыцца пэцкаць паперу. Шкада, што на графаманаў гэта зусім не дзейнічае. А калі ўсур'ёз, то не думаю, што такія супрацьпастаўленні маюць сэнс. Кожнае пакаленне прыходзіць у свет дзеля таго, каб засведчыць сябе. Справа пісьменніка — патрапіць у дзясятку надзей і трывог свайго пакалення, максімальна дакладна выявіць дух часу. У кожнай эпохі свой уласны код. Яго і варта імкнуцца адчуць і выказаць.

— "Жыццё наша дурное. Чаму? Таму, што людзі дурна жывуць. А дурна жывуць таму, што людзі кепскія. Як жа дапамагчы гэтай справе? Перарабіць усіх дрэнных у добрых людзей, каб яны жылі добра, мы ніяк не зможам, таму што ўсе людзі не ў нашай уладзе..." Гэта — словы Льва Талстога, які ўсё ж такі знайшоў выйсце, бо сказаў: "Дрэнны чалавек — я сам". Самога сябе і перарабляў. Прайшло больш за стагоддзе з часу адкрыцця Львом Мікалаевічам свайго рэцэпту мастацкага пошуку. А ці прынесла гэтае стагоддзе нешта новае? Ці надало мастацтву, літаратуры нейкі другі, не менш важны сэнс?

— Я думаю, сапраўдны пісьменнік заўсёды заняты сабою больш, чым асяроддзем, тымі, хто вакол яго. І не важна, ці то гэта гульня ў бісер ці гэта поле бітвы, дзе змагаюцца яго супрацьлеглыя "я". Пісьменніцтва падобна працэсу спасціжэння, дзе самае важнае — не вынік пошуку, а сам пошук. У аповесці "Імя Ценю — Святло" ў мяне ёсць верш, у якім метафарай унутранага пошуку становіцца спуск "на глыбіню карэнняў". Пісьменнік падобны да дрэва, крона якога імкнецца дарасці да раю, а карэнням даводзіцца цягнуцца ўніз, у Аід, іначай дрэва проста ўпала б. Патрэбна здабыць жывую ваду, але для гэтага даводзіцца апускацца туды, дзе пабываў Арфей, які пайшоў за Эўрыдыкай. Я думаю, на самой справе Арфею не так ужо і патрэбна была Эўрыдыка. Ён ішоў па натхненне, па новыя перажыванні, здольныя ўзбагаціць яго паэзію. Свядома ці несвядома ён парушыў прадпісанне, але Эўрыдыка засталася сярод мёртвых. Жывая, яна перашкаджала б яго творчасці, працы над сабой. Можа, гэта жорстка ў дачыненні да звычайных людзей, але пісьменнік засяроджаны на сабе не з эгаістычных меркаванняў, яму даводзіцца быць, як сказана Бэлай Ахмадулінай, "нежнее женщин и мужчин вольнее, чтоб заплатить за тех и за других". Вось і плаціць, з аднаго стагоддзя ў другое...

Гутарыў Кастусь ХАДЫКА

 

←Автобусный маршрут № 199С "ДС Шабаны - Пос. Сосны" открывается в Минске с 16 мая

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика