Баяніцкія "штукары"
Як мясцовыя насельнікі вала на дуб цягнулі
Да вёскі Баянічы, што на Любаншчыне, вядзе асфальтаваная дарога. Нават не верыцца, што калісьці гэты населены пункт з усіх бакоў акружала багна. Як згадваюць мясцовыя старажылы, жылі яны, як тыя людзі на балоце. У суседняе Загалле маглі трапіць позняй восенню ці зімой, калі мароз моцна скуе зямлю. Толькі пасля таго, як прайшла меліярацыя ў гэтых краях, для людзей адкрылася акно ў свет.
Загадчыца мясцовага клуба Ганна Перагуд трапіла ў Баянічы па размеркаванні. Праз колькі часу яе наведаў бацька. Вельмі здзівіўся, што па вуліцы ні прайсці, ні праехаць — калдобіны, гразь... Хацеў забраць дзяўчыну дадому, але тая не пагадзілася. І, зрэшты, не шкадуе. Вельмі ж цікавыя, неардынарныя гэтыя "баянкі" — менавіта так называюць сябе тутэйшыя насельнікі, якія не крыўдзяцца, калі з іх жартуюць, ды і самі любяць "паштукаваць". У Баянічах так і кажуць: не шуткаваць (жартаваць), а штукаваць.
— Калі вучылася завочна ў Мінску, выкладчык спытаў у мяне: "Вы з тых Баянічаў, дзе вала на дуб цягнулі?" — узгадвае Ганна Мікалаеўна. — А я ж маладая была, сарамлівая, зачырванелася. Але ўзяла сябе ў рукі ды і спытала: "Адкуль вы пра гэта ведаеце?" А той усміхаецца ў адказ: " Мы тут, у Мінску, наслухаліся пра вашыя "штукі".
— Дык навошта тую няшчасную жывёлу на дуб цягнулі? — не магу стрымаць цікаўнасці.
— Трэба было аднаму баяніцкаму дзядзьку ярмо для вала зрабіць, — тлумачыць суразмоўца. — Вось і нагледзеў ён на дубе добрую кульбяку. Паклікаў на дапамогу вяскоўцаў, і яны пацягнулі жывёліну на дрэва — прымяраць яе. "Ну як, ці падыходзіць?" — крычаць мужыку зверху. "Якраз, нават вол задаволены!", — адказвае ён.
У свой час Ганна Мікалаеўна абышла ўсіх старажылаў, запісала байкі, легенды ды "штукі", што пачула ад іх:
— Аднойчы ў вёсцы закончылася соль. Дык вось баянкі вырашылі яе на гародзе пасеяць. Чакаюць, чакаюць, а насенне так і не ўзыходзіць. Ну яны і падумалі, што соль — замежная расліна, якая дасць ураджай толькі праз некалькі гадоў. На тым і супакоіліся.
Праўда, было тое ці не, цяпер ужо дакладна ніхто не памятае, але гэтыя "штукі" перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Баянкі і сёння з сябе "штукуюць". Маўляў, пасеялі калісьці соль у Баянічах, а яна ўзышла пад Салігорскам (як вядома, Любанскі раён мяжуе з Салігорскім). Любы факт, падзею тут могуць падаць так, што адразу і не зразумееш, праўда гэта ці выдумка. Накшталт такога: "Мы сеем бульбу ноччу, каб каларадскі жук не бачыў".
Адкуль пайшлі гэтыя жарты-гісторыі, цяжка сказаць. Магчыма, людзі, якія жылі ў "атачэнні" дрыгвы, замкнёнай суполкай, якія не бачылі ніякай радасці ў жыцці, акрамя цяжкай працы, такім чынам сябе весялілі, імкнуліся зрабіць разнастайным сваё існаванне.
— Дзед Давыдоўскі мне такую гісторыю расказваў. У яго хаце было надта цёмна. Папрасіў, каб вокны зрабілі большымі. Дык майстры так выразалі праёмы, што ўсю сцяну агалілі, — успамінае Ганна Перагуд. — А яшчэ стары баяў пра тое, як гарэлку гналі. Працэс, так бы мовіць, быў у самым разгары, а тут раптам нешта як загрукае! Госці падумалі, што міліцыя нечакана з'явілася, усхапіліся з месца... А гаспадар заспакойвае: "Не бойцеся, гэта брага грукае".
А вось яшчэ прыдумка. Паленаваліся баянкі рыбу лавіць і вырашылі зварыць юшку адразу ў возеры. Распалілі з усіх бакоў вогнішчы і сталі чакаць, пакуль вада закіпіць...
Ці як вам такое? Сабраліся браты, каб параіцца, як зрабіць, каб у хаце было святлей. "Браточкі, дык давайце ўсе разам, талакой, у мяшках святло наносім!" — прапанаваў старэйшы. Так і насілі да самага вечара...
Старшыню калгаса баянкі таксама выбіралі арыгінальна. Ішлі па вёсцы і кацілі гарбуз. У чый двор ён закоціцца, той і будзе старшынёй.
— Смешныя гісторыі ў Баянічах не пераводзяцца, — распавядае загадчык арганізацыйна-творчага аддзела Любанскага раённага цэнтра культуры Сяргей Выскварка. — Маці майго кума, прынамсі, расказвала наступнае. Прыехала адна жанчына на млын ды прывязала свайго каня да трактара. Пакуль займалася справай, машына паехала. Выскачыла яна на вуліцу ды рукамі развяла... Навошта, кажа, каня гнала, магла б муку і на трактары адвезці.
Словам, цікавыя ў Баянічах людзі, то жартам, то прыдумкай парадуюць. Мноства "штукаў" магла расказаць адна са старэйшых жыхарак Кацярына Беразоўская. "Загадаў аднойчы калгасны брыгадзір баяніцкаму чалавеку адвезці кінамеханіка ў суседнюю вёску. Едуць яны па дарозе, а механік усё просіць, каб яму паказалі дуб, на які вала цягнулі. "Пачакай крыху", — кажа дзядзька. Прывозіць ён хлопца пад самы тоўсты дуб ды зганяе з воза. Пакуль той пешшу з цяжкай апаратурай на плячах дабіраўся да патрэбнай вёскі, вазніца вярнуўся назад. Брыгадзір і цікавіцца: "Ці адвёз кінамеханіка, куды той прасіў?" — "Так, адвёз. Цяпер ён таму валу, якога на дуб цягнулі, кіно паказвае"...
На жаль, на гэты раз Кацярыну Аўдзееўну я ўжо не застала: яна памерла летась. Да свайго пахавання жанчына рыхтавалася загадзя. У сенцах захоўваўся помнік, накрыты зрэбнай дзяружкай, з выбітай на ім датай нараджэння.
З гэтай нагоды Сяргей Выскварка расказаў цікавы выпадак. Да яго знаёмага прыехалі госці з Германіі, папрасілі паказаць ім мясцовую "экзотыку". Паважаных гасцей прывезлі ў Баянічы, дзе побач з сучаснымі дыхтоўнымі дамамі захаваліся маленькія хацінкі, якія амаль што ўраслі ў зямлю, ды калодзежы з "журавамі". Пабывалі госці і ў Кацярыны Аўдзееўны. Яны доўга не маглі ўцяміць, навошта жывому чалавеку помнік. "Каб дзецям і ўнукам было менш турбот", — растлумачыла жанчына. У наступны раз, калі той хлопец наведаўся да нямецкіх знаёмых, яны паказалі яму помнік, які заказалі для сябе, — ацанілі практычнасць беларускай жанчыны.
Ці ёсць яшчэ на Любаншчыне вёска, дзе жывуць такія жартаўлівыя і дасціпныя людзі? "У кожнай знойдзеш нешта сваё, адметнае. Але так атрымалася, што на жарты асабліва здатныя баянкі", — адказаў Сяргей Выскварка.
Дарэчы, ужо не першы год тут ладзіцца раённы фэст гумару "У Баянічы — на гулянічы", які набывае ўсё большую вядомасць і збірае не толькі жыхароў Любаншчыны, але і суседніх раёнаў. Адбудзецца ён і сёлета ў чэрвені.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.