Сям'я і школа: не побач, а разам
Аб узаемадзеянні школы і сям'і ішла размова на абласным бацькоўскім сходзе, што днямі адбыўся ў Барысаве. Абмеркаваць праблемы выхавання ў гарадскім Доме культуры сабраліся 720 бацькоў і педагогаў, яшчэ 1300 узялі ўдзел у мерапрыемстве падчас працы раённых тэматычных пляцовак. На форуме таксама быў арганізаваны відэамост з рэгіёнамі Міншчыны.
У апошні час навучальныя праграмы носяць усё больш практычны характар. Прынамсі, на Міншчыне менш чым год таму створаны чатыры школьныя бізнэс-кампаніі, дзе навучэнцы спасцігаюць асновы прадпрымальніцтва, вучацца складаць бізнэс-планы і ажыццяўляць свае ідэі. Сёння юныя прадпрымальнікі, а іх 49 чалавек, зарабілі 10 млн рублёў. З 1 верасня аналагічныя структуры пачнуць працаваць ва ўсіх рэгіёнах вобласці. Акрамя таго, на Міншчыне функцыянуе адзіны ў краіне інтэрнэт-магазін абласных прафесійна-тэхнічных каледжаў, праз які навучэнцы прапаноўваюць насельніцтву зробленую сваімі рукамі прадукцыю і разнастайныя паслугі. За паўтара года бізнэсмены зарабілі больш за 7 млрд рублёў.
Летась аблвыканкам сумесна з Саветам па развіцці прадпрымальніцтва аб'явілі конкурс інавацыйных бізнэс-ідэй сярод навучэнскай моладзі. Было пададзена больш за 50 заявак, якія датычыліся арганізацыі вытворчасці, пашырэння турысцка-экскурсійных паслуг, сферы грамадскага харчавання, развіцця іншых відаў дзейнасці. Нядаўна падведзены яго вынікі, якія паказалі: у нас шмат таленавітых маладых людзей, якім ўласцівы дапытлівасць і кемлівасць. Перамаглі два бізнэс-праекты навучэнак Капыльскага прафесійна-тэхнічнага каледжа Марыны Яшаевай і Вольгі Дунай. Дзяўчынкі стварылі прыстасаванне, якое засцерагае абутак падчас кіравання аўтамабілем, а таксама распрацавалі арыгінальны камплект адзення для працы на кухні і прыборкі памяшкання.
Пра павышэнне адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей нагадаў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. Гэтыя пытанні павіны знайсці адлюстраванне і ў Кодэксе аб адукацыі.
— Сёння дакумент уважліва вывучаецца на месцах, апрабуецца ва ўстановах адукацыі. Як вынік, з'яўляюцца пытанні, якія трэба адрэгуляваць. Пасля адпаведнага аналізу мы выступім з прапановай па ўдасканаленні Кодэкса, — адзначыў міністр. На яго думку, варта больш эфектыўна выкарыстоўваць матэрыяльную, спартыўную базы навучальных устаноў, бо яны працуюць не на поўную сілу. Толькі 50% дзяцей ахоплены сістэмай дадатковай адукацыі.
— У другой палове дня ў некаторых школах зацішша, не загружаны спартыўныя залы, не працуюць гурткі і секцыі, — канстатаваў Сяргей Маскевіч. Акрамя таго, дарослыя не могуць пакуль нічога супрацьпаставіць інтэрнэту, стварыць інфармацыйную прастору, праграмы, якія зацікавілі б падлеткаў. Гэтыя праблемы варта вырашаць сумеснымі намаганнямі грамадскасці, сям'і, школы.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ