Свет праз прызму геапалітыкі

Источник материала:  

Вынікі другога тура прэзідэнцкіх выбараў у Францыі не сталі сенсацыяй — як і прадказвалі сацыёлагі, Нікаля Сарказі не змог дагнаць канкурэнта ад сацыялістаў Франсуа Аланда. Выбаршчыкі не змаглі дараваць Сарказі ні праблем у эканоміцы і беспрацоўя, ні занадта прагерманскай і праамерыканскай палітыкі, ні шавінісцкіх выказванняў аб мусульманах. Менталітэт — рэч усё ж важная, і яго не падманеш, а французы пры Сарказі ўпершыню за шмат дзесяцігоддзяў аказаліся пад такім шчыльным кантролем у ЗША і Германіі. Ужо пасля выбараў свет абляцела сенсацыя — паведамленне Прэзідэнта Беларусі аб тым, што Муамар Кадафі даў Сарказі не 50 мільёнаў еўра, якія абмяркоўваліся ў прэсе, а 100 млн долараў на выбарчую кампанію, і гэта стала адной з прычын нападу на Лівію і пераследавання сваякоў Кадафі па ўсім свеце — Сарказі элементарна замятаў сляды. Хочацца верыць, што пры новым прэзідэнце Францыі беларуска-французскія адносіны палепшацца, паколькі ў беларусаў і французаў значна больш фактараў, якія аб'ядноўваюць, чым тых, што раз'ядноўваюць. Зыходзячы з уласнага досведу наведвання Францыі, магу з упэўненасцю сказаць, што па менталітэце французы з'яўляюцца адной з найбольш блізкіх да беларусаў (і ў цэлым да ўсходніх славян) еўрапейскіх нацый. Французы, як і славяне, цэняць больш за ўсё не вечную пагоню за грашыма, такую характэрную для Вялікабрытаніі і Германіі, а сардэчныя зносіны і сяброўства. Сыход Сарказі віталі і ў некаторых іншых краінах свету. У прыватнасці, прэм'ер-міністр Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган выказаў надзею, што з сыходам Сарказі французска-турэцкія адносіны пацяплеюць.

Выбары ў Францыі супалі з парламенцкімі выбарамі ў Грэцыі. Тут таксама стаўкі былі дастаткова вялікія — наглядальнікі варажылі, ці атрымае большасць у парламенце парламенцкая кааліцыя, якая падтрымлівае цвёрды курс бюджэтнай эканоміі і атрымання новых велізарных крэдытаў, што навязаны Еўрасаюзам і апускае Грэцыю ў пазыковае рабства? Вынікі выбараў сталі сенсацыяй — кааліцыя з дзвюх найбольш раней самых папулярных партый такой большасці не змагла набраць. Другое месца па колькасці галасоў заняла левая грэчаская партыя Сірыза, якая выступае за адмову ад фінансавых пагадненняў з Еўрасаюзам і МВФ. У Бруселі занепакоеныя, што калі Грэцыя адмовіцца ад ранейшых пагадненняў, вынікам можа стаць яе выхад з Еўразоны. А гэта можа стаць сігналам для яе поўнага развалу з-за нарастаючых праблем і ў іншых краінах-удзельніцах. Ужо праз тры дні пасля выбараў Грэцыя атрымала на мільярд еўра менш траншаў ад Еўразоны, чым планавалася да выбараў. Невясёлым варыянтам для Еўрасаюза могуць стаць і працяглыя цяжкасці ў фарміраванні новага ўрада, здольныя выклікаць пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне. А ўлічваючы прыход да ўлады ў Францыі сацыяліста Франсуа Аланда, які таксама скептычна ставіцца да захадаў бюджэтнай эканоміі, узгодненых раней Сарказі з Германіяй, сусветныя біржы затрэсла пры думцы аб тым, што магчымасць краху Еўразоны рэзка павялічылася.

Яшчэ адны парламенцкія выбары прайшлі ў Сірыі. Па папярэдніх неафіцыйных звестак перамогу атрымаў блок "Нацыянальнае адзінства", а ў парламент прайшоў шэраг незалежных кандыдатаў. Апазіцыі ў парламент прайсці не ўдалося. Выбары ў Сірыі былі першымі за шмат дзесяцігоддзяў, у якіх да ўдзелу дапусцілі іншыя палітычныя партыі, акрамя кіруючай. У той жа час цяжка чакаць, што ў падыходзе ЗША і ЕС да Сірыі пасля выбараў, улічваючы іх вынік, нешта сур'ёзна зменіцца. З пункту гледжання Вашынгтона і Бруселя, усё роўна, праз выбары або рэвалюцыю, але ў краіне павінны прыйсці да ўлады сілы, якія абвесцяць бліжэйшымі партнёрамі і сябрамі ЗША і ЕС замест цяперашняга цеснага саюзніка Ірана. Тым часам міністр нафты і прыродных рэсурсаў Сірыі паведаміў, што краіна страціла 3 млрд долараў з-за адмовы краін Еўрасаюза закупляць яе нафту. Акрамя таго, вялікую шкоду нанеслі тэракты на нафта- і газаправодах, а таксама на чыгунцы, якая выкарыстоўвалася для перавозкі гаручага. 10 мая прагрымелі чарговыя выбухі ў сталіцы Сірыі, Дамаску. Загінула 55 чалавек, і больш як 370 атрымала раненні.

У Расіі прайшла інаўгурацыя новага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Паколькі гэтая падзея была даўно чаканай, сапраўднай сенсацыяй на тыдні стала іншая навіна, таксама звязаная з новым прэзідэнтам Расіі. Уладзімір Пуцін адмовіўся ад раней запланаванай паездкі на саміт "Вялікай васьмёркі", які пройдзе 17—18 мая ў ЗША, спаслаўшыся на неабходнасць аддаць гэты час фарміраванню ўрада. Замест яго на саміце Расію будзе прадстаўляць новы прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў. Навіна зрабіла сапраўдны фурор — Уладзімір Пуцін, стаўшы зноў прэзідэнтам, перш за ўсё ігнаруе саміт G8 у ЗША! Але гэта нядзіўна, калі ўспомніць, чым з'яўляецца па сутнасці "Вялікая васьмёрка". Толькі нямногія гатовыя бачыць у ёй сімвал прызнання Захадам уплыву Расіі ў свеце. Рэалісты лічаць, што Маскву ў 1997 годзе запрасілі далучыцца да існуючай раней "Вялікай сямёркі" самых магутных краін Захаду па досыць банальнай прычыне — неабходна было пасварыць Расію з яе патэнцыйнымі саюзнікамі, Індыяй і Кітаем, якіх заходнія краіны на такіх правах да ўдзелу ў G8 не запрасілі. Падзяляй і ўладар — даволі старажытная і па-ранейшаму эфектыўная формула. Пра гэта выдатна ведаюць і ў Расіі. Большае значэнне для яе мае саміт "Вялікай дваццаткі", які пройдзе 18—19 чэрвеня ў Мексіцы. Раўнапраўнымі ўдзельнікамі гэтай арганізацыі, акрамя заходніх, з'яўляюцца таксама ўсе буйныя незаходнія краіны.

Сяргей Кізіма, загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар палітычных навук

 

←Автобусный маршрут № 199С "ДС Шабаны - Пос. Сосны" открывается в Минске с 16 мая

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика