Тры новыя манеты
Учора Нацыянальны банк увёў у абарачэнне сярэбраную памятную манету "Ікона Прасвятой Багародзіцы "Уладзімірская" серыі "Праваслаўныя цудатворныя іконы" і дзве манеты "Беларусбанк. 90 гадоў" — сярэбраную і медна-нікелевую.
Па звестках упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацбанка, прамавугольная (30х45 мм) "Ікона..." мае намінал 20 рублёў, пробу сплаву 925 і масу 31,1 грама. Адчаканена яна на манетным двары ТАА "Б.Х. Маерс Кунстпрэгеанштальт", Карлсфельд, Германія. Мае якасць "пруф" і тыраж да 10000 штук.
Сярэбраная "Беларусбанк. 90 гадоў" валодае такімі параметрамі: намінал 20 рублёў, проба сплаву 925, маса 33,62 грама, дыяметр 38,61 міліметра. Медна-нікелевая — намінал 1 рубель, маса 15,5 грама, дыяметр 33 міліметры. Абедзве манеты адчаканены на ЗАТ "Літоўскі манетны двор": першая — якасцю "пруф", тыражом 7000 штук, другая — "пруф-лайк", тыражом 4000 штук.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.